Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Будзімір

Беларуская блогасфэра збольшага досыць спакойна адрэагавала на прэзыдэнцкі ўказ № 60. Не відаць, каб нехта гучна біў трывогу, заклікаў да акцыяў пратэсту, грамадзкага непадпарадкаваньня, напісаньня лістоў, пэтыцыяў і да т.п. Значная частка блогераў увогуле ня ўбачыла ў ім "нічога страшнага". Тыя ж, хто ўсё-ткі адчуў пэўную пагрозу, абапіраючыся на нацыянальныя традыцыі, абралі не прамое супрацьстаяньне, а сыход у лясы, партызанскую тактыку.



РУКІ ПРЭЧ АД ІНФАРМАЦЫЙНАГА ПОЛЯ ПЛЯНЭТЫ!


Ці не найбольш эмацыйна і патасна выказаўся на надзённую тэму блогер z_hunter, паглядзеўшы на лякальную праблему глябальна:

"Я лічу, што Інтэрнэт – гэта зона, якая павінна быць вольная ад любога кантролю і цэнзуры, асабліва з боку дзяржаваў. Гэта вынікае з таго простага факту, што Сетка не належыць ніводнай дзяржаве, гэта інфармацыйнае поле нашай плянэты, якое аб'ядноўвае ўсіх нас. Мы належым да розных культураў, падзяляем розныя наборы каштоўнасьцяў і перакананьняў, жывем у розных краінах. У адных дзяржавах адны нормы, у іншых іншыя, ва ўсіх свае перажыткі і замарочкі... У кожнай культуры, у кожнай краіны свой набор абмежаваньняў і ўмоўнасьцяў. Ніводная дзяржава ня можа зьяўляцца вышэйшай інстанцыяй адносна ўсяго чалавецтва. Ніводная дзяржава да канца ня мае рацыі. А Сетка аб'ядноўвае ўсё чалавецтва, гэта менавіта той свет бязь межаў, пра які сьпяваў Ленан:

Imagine there's no countries
It isn't hard to do...


Я не кажу, што Інтэрнэт нясе ў сабе толькі дабро, там і зла столькі ж. Проста гэта структура, якая стаіць на ўзроўні, які вышэйшы за ўзровень дзяржавы або цывілізацыі. Інтэрэнт нельга кантраляваць, і немагчыма".


Як бачыце, справа надзвычай сур'ёзная. Беларускія ўлады, пэўна, нават не падазравалі, на што руку паднялі.

Каб беларусы не пазбаваліся магчымасьці поўнага доступу да плянэтарнага інфармацыйнага поля, z_hunter раіць асвоіць сыстэму "Tor", створаную ў лябараторыі Ваенна-марскіх сілаў ЗША , якая дазваляе абыйсьці блякіроўку сайта і пазьбегнуць адназначнай ідэнтыфікацыі сябе ў сеціве. Даведацца падрабязнасьці працы з праграмай можна ў журнале блогера.

Некаторыя іншыя практычныя парады што да таго, якімі спосабамі "абараніць сваё права на інфармацыю" дае блогер chudentsov . У яго, калі вы пакуль што "ня ў тэме", можна прачытаць даступнае нават для "чайнікаў" кіраўніцтва па выкарыстаньню вэб-ананімайзэраў, браўзэра з проксі-сэрвэрам і ўласнаручнай наладкі проксі.


ВА ЎСІМ ВІНАВАТЫЯ МЯНТЫ


Блогер pessimist2006 аўтарытэтна заяўляе:

"Як заўжды палахлівы беларус і яшчэ больш палахлівы замежны назіральнік пры любой спробе рэгуляваць сеціва бачыць доўгія рукі палітычнай цэнзуры. Тыпу, каб ніхто на прэзыдэнцкім сайце слова з трох літараў не напісаў і на форуме не сказаў "Лукашэнка – у дупу!". А калі, тыпу, сказаў - цяпер яго ворганы адловяць і зробяць ата-та.

Дык вось: таго, хто з дому або з працы піша ўсялякую лухту, не карыстаючыся проксі-ананімайзэрамі, ворганы маглі адлавіць і раней пры жаданьні на раз-два. І калі што якое – рабілі гэта лёгка і хутка. А каму і проксі не ў дапамогу. Калі на гэтым усё сэк'юрыці заканчваецца. Так што нічога асабліва не зьмянілася".


А зьмянілася, на думку блогера, тое, што:

1) Карыстальнікам інтэрнэт-кавярняў давядзецца цягаць з сабой пашпарты, а супрацоўнікам перапісваць дадзеныя адтуль у журналы.

2) Бясплатнаму Wi-Fi у барах ды кавярнях можна сказаць "да пабачэньня".

3) Хатнія сеткі канчаткова пераходзяць у ранг ужо ня "шэрай", нерэгуляванай зоны, а незаконнай дзейнасьці. З адпаведнымі наступствамі.

Наконт прычынаў зьяўленьня ўказу № 60, у блогера "няма сумневаў", што ён быў "пралабіяваны мянтамі":

"Уявіце карціну: рабаваньне, ахвяра заяўляе, што рабаўнік прапанаваў яму прадаць машыну. Пазнаёміліся праз аб'яву па інтэрнэце, пра сустрэчу дамовіліся таксама па інтэрнэце. Мянты бяруць за азадак правайдэра, той выдае логі і высьвятляецца, што рабаўнік усё гэта рабіў зь інтэрнэт-кавярні. Мянты прыходзяць туды, а там ім адміністратар кажа, што ў яго ў дзень праходзіць 500 чалавек і хто тры дні таму сядзеў за кампутарам нумар 15 у 18.45 ён ня памятае і памятаць ня ў стане. У мянтоў тупік, вісяк і ўтык ад начальства.

Сытуацыя, якую я апісаў, ня выдумка, а зусім рэальны выпадак, да якога я аказаўся трошкі датычны. Так што мянтам прасьцей пралабіяваць указ пра пэрсаналізацыю, чым думаць галавой і рэалізоўваць апэратыўныя мерапрыемствы. Прасьцей прыйсьці ў інтэрнэт-кавярню і запатрабаваць логі".




ТАТА КОЛІ ПАЗБАВІЦЦА ІЛЮЗІЯЎ


Блогер lemantar, пішучы, што "не падзяляе панікі белнэту з нагоды ўказу" (гэта хутчэй рытарычная фігура, бо, як было напісана вышэй, прыкметаў панікі не назіраецца), паколькі "нічога прынцыпова новага ён не дадае", заўважае:

"Улада сама зафіксавала дакумэнтальна, што яна панічна баіцца крытыкі на сваю адрэсу ў інтэрнэце. Гэта вельмі важна і можна падшыць у справу. Яна сама сябе падставіла гэтым указам, афіцыйна расьпісаўшыся ў сваёй слабасьці, зафіксаваўшы свой паўночнакарэйскі ідыятызм на паперы".

Апроч гэтага, lemantar бачыць і пэўную карысьць, якую можа прынесьці ўказ:

"Напэўна ж, будуць зьбіраць і аналізаваць статыстыку – куды народ ходзіць, чым цікавіцца, якіх меркаваньняў у масе сваёй прытрымліваецца. Ось будзе кагнітыўнага дысанансу поўныя порткі, калі яны ўбачаць, што вынікі прама процілеглыя таму, аб чым гавораць на БТ. Гэта, з аднаго боку, будзе дэмаралізаваць ААЦ, а зь іншага, імаверна выведзе тату Колі са стану самазамбаваньня ды ілюзіяў".

Блогер таксама прызапісаў практычную параду з арсэналу інтэрнэт-партызана – ён раіць апазыцыйным сайтам на ўсялякі выпадак займець SSL (https://) вэрсію сваіх сайтаў. Паводле яго словаў, яна робіцца "элементарна за пяць хвілінаў", і тады няхай "ААЦ кусае сябе за локці".

У БОЙ НА ІНТЭРНЭТ ПАЙДУЦЬ СТАРЫКІ



Наўрад ці настроі інтэрнаўтаў змогуць дэмаралізаваць ААЦ і вывесьці "са стану самазамбаваньня" тату Колі. Указ № 60 не зьявіўся б, калі б пра тыя настроі ўжо не было вядома.

Але ж інтэрнэт-аўдыторыя ўсё яшчэ застаецца не рэпрэзэнтатыўнай. Стан розумаў інтэрнаўтаў – гэта стан розумаў праслойкі сацыяльна актыўных гараджанаў з адносна высокім узроўнем адукацыі і даходаў. Сеціва насяляе ў асноўным тэхнічная і гуманітарная інтэлігенцыя, узрост 18-40 гадоў. Традыцыйна ляяльные да ўлады слаі насельніцтва тут прадстаўленыя слаба.

Падобна, што гэтую хібу вырашана выправіць. Як паведамляе byblogger.net , у Менску адкрыўся кампутарны клюб для пэнсыянэраў – у тэрэтарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва Ленінскага раёну па адрасе Дзянісаўская, 2. Дзе пэнсыянэры змогуць бясплатна навучыцца "кампутарнай пісьменнасьці".

Трапячы, інтэрнэт, старыкі ідуць!


Зрэшты, як слушна заўважыў закадравы голас у тэлефільме "Тэхналёгія правакацыяў": "Самаізаляцыя вядзе да ідыятызму". Што, канечне, верна ня толькі для апазыцыі. Таму ініцыятыву цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня можна толькі вітаць.

Інтэрнэт вялікі, тут усім месца хопіць. Зьяўленьне ў сеціве сялянаў, рабочых, пэнсыянэраў ды інш. насамрэч было б карысным для поўнасьці грамадзкага дыялёгу.

Замест таго, каб нешта забараняць, ласкава запрашаем прыходзіць да нас і вырашаць усё шляхам свабоднай, адкрытай дыскусіі. :)

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG