Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раённы ідэоляг — пра парэшткі ў глыбоцкім саборы


Яраслаў Берніковіч

Яраслаў Берніковіч

Раённая газэта «Весьнік Глыбоччыны» друкуе публіцыстычныя разважаньні загадчыка ідэалягічнага аддзелу Міхаіла Чарапкоўскага. Адным з герояў гэтага твору стаўся мясцовы апазыцыянэр Яраслаў Берніковіч.

Нарыс чыноўніка райвыканкаму «Гісторыю нельга перапісаць» друкаваўся пасьлядоўна ў пяці нумарах газэты. Апошнюю частку Міхаіл Чарапкоўскі прысьвяціў гісторыі Другой сусьветнай вайны на Глыбоччыне і згадаў, што сёлета ўлетку ў скляпеньнях сабору Раства Найсьвяцейшай Багародзіцы былі знойдзены парэшткі невядомых асобаў.

Кіраўніка раённай суполкі Партыі БНФ і сябра руху «За Свабоду» Яраслава Берніковіча чыноўнік папракае тым, што вакол знаходкі быў узьняты «залішні ажыятаж»: калі апазыцыянэр паведаміў пра яе журналістам, у Глыбокае «штодня пачалі прыяжджаць прадстаўнікі польскай амбасады».

Спадар Берніковіч кажа, што ўсяго толькі выказаў уласнае меркаваньне, нібыта людзі, чые парэшткі знайшлі ў сутарэньні пад лесьвіцай, маглі быць супрацоўнікамі польскай адміністрацыі, закатаванымі падчас усталяваньня ў 1939 годзе савецкай улады. Але начальнік ідэалягічнага аддзелу піша, што празь ягоныя словы «дасталося ўсім. Бальшавікам за этнічныя чысткі, НКВД за расстрэл палякаў, пракуратуры — за бязьдзейнасьць, прэзыдэнту рэспублікі — за юбілей узьяднаньня Беларусі, уладам раёну — за прыхоўваньне інфармацыі».

Інфармацыю ўсё-ткі прыхавалі, лічыць Яраслаў Берніковіч.
Чалавечыя парэшткі, якія знаходзілі, рабочыя зносілі іх у кут пад лесьвіцай.
Пракуратура даслала страшныя знаходкі на экспэртызу, і дасьледчыкі зрабілі высновы, што парэшткам невядомых ад 80 да 100 гадоў. Як яны трапілі ў «брацкую магілу», загадчык ідэалягічнага аддзелу апісвае так: «У 40-50 гады ў сутарэньнях быў кансэрвавы завод. І калі там рабілі прыбіраньне, то тут, то там знаходзілі чалавечыя парэшткі. Рабочыя зносілі іх у кут пад лесьвіцай».

Напрыканцы Міхаіл Чарапкоўскі зазначае, што паходжаньне гэтых людзей і таямніца іх сьмерці «так і застанецца загадкай». І што «нягледзячы на гвалт рэвізіяністаў над гісторыяй Другой сусьветнай вайны», будучыня «расставіць усё па сваіх месцах».

Заўважыўшы ў тэксьце артыкулу шматлікія стылістычныя памылкі, Яраслаў Берніковіч зьвярнуў на гэта ўвагу намесьніка рэдактара «Весьніка Глыбоччыны», і той зазначыў, што тэкст начальніка ідэалягічнага аддзелу карэктары ня правяць. А калі ў апазыцыянэра ёсьць прэтэнзіі па зьмесьце, то ён можа зьвярнуцца ў суд, падаўшы скаргу на Міхаіла Чарапкоўскага.

Спадар Берніковіч схільны лічыць артыкул у «раёнцы» перадвыбарчым «чорным піярам» — чарговай спробай зьняважыць апазыцыю ў вачох землякоў. І памкненьнем зарабіць «палітычныя дывідэнды» — падкрэсьліць клопат уладаў пра вэтэранаў Вялікай Айчыннай. Бо артыкул, на думку Яраслава Берніковіча, сканчаецца досыць няўклюдным запабяганьнем: «Чым менш застаецца вэтэранаў, тым больш значнымі ўяўляюцца дзяржаве і грамадзтву іх вайсковыя справы. Самаму маладому зь іх 82 гады, і мы мусім памятаць, што без малога праз 20 гадоў нехта зь іх сягне за стогадовую мяжу і будзе аточаны асаблівай увагай і пашанай».
XS
SM
MD
LG