Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фінансавая дапамога Беларусі ад Эўразвязу адкладаецца


Беларусь пакуль ня можа атрымаць ад Эўразьвязу фінансавую дапамогу ў памеры 290 млн. даляраў. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе Міжнароднага валютнага фонду, які апублікаваны па выніках трэцяга агляду выкананьня беларускім урадам праграмы stand-by.

Першапачаткова чакалася, што Беларусь атрымае гэтыя сродкі яшчэ ў чацьвёртым квартале 2009 году.

У дакладзе МВФ адзначаецца, што затрымка з выдзяленьнем сродкаў выкліканая судовым рашэньнем ў ЭЗ, паводле якога ўсе прозьбы аб макрафінансаваньні павінны разглядацца новай Эўракамісіяй, а ня той, якая сыходзіць (чакаецца, што яе склад будзе зацьверджаны 9 лютага.) Гэта, у сваю чаргу, затрымае разгляд камісіяй пытаньня аб выдзяленьні дапамогі. Потым крэдыт павінен быць абмеркаваны і зацьверджаны Эўрапарлямэнтам.

"Існуе пэўная рызыка таго, што прадстаўленьне гэтай сумы не адбудзецца ў пэрыяд дзеяньня праграмы (супрацоўніцтва Беларусі і МВФ па праграме stand-by разлічана да канца сакавіка 2010 году.) А ў такім выпадку яно будзе залежаць ад новага мэханізму МВФ або дастатковых гарантый такога мэханізму ", – гаворыцца ў дакладзе.

У дакуменце таксама адзначаецца, што ў сьвятле гэтай затрымкі з фінансаваньнем ўлады Беларусі заявілі аб сваёй гатоўнасьці "прыняць захады, якія зьнізяць патрэбу ў зьнешнім фінансаваньні прыблізна на 300 млн. даляраў за 2010 год у цэлым". Гэтыя захады могуць уключаць, у прыватнасьці, некаторае зьніжэньне бюджэтных выдаткаў.

"Надзвычайныя захады ў разу патрэбы будуць абмяркоўвацца і ўзгадняцца з пэрсаналам МВФ падчас чацьвёртага агляду (ён праходзіць з 3 па 16 лютага). Прыняцьце гэтых мер забяспечыць далейшае выкананьне задач праграмы, хаця паказчыкі на канец сакавіка 2010 году, магчыма, давядзецца перагледзець, паколькі гэтыя меры пачнуць дзейнічаць празь некаторы час", – гаворыцца ў дакладзе.

Акрамя таго, адзначаюць экспэрты МВФ, беларускія ўлады працягваюць шукаць альтэрнатыўныя крыніцы фінансаваньня для кампэнсацыі любога недастатковага паступленьня фінансаваньня.

27 студзеня кіраўнік Нацыянальнага банку Пётар Пракаповіч заявіў, што новыя ўмовы паставак расейскай нафты ў Беларусь пацягнуць дадатковыя валютныя выдаткі, што ставіць задачу дадатковага прыцягненьня зьнешніх рэсурсаў, у тым ліку МВФ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG