Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СБП: Падобнага перасьледу пісьменьнікі ня памятаюць са сталінскіх часоў


Сёньня Саюз беларускіх пісьменнікаў прыняў Заяву аб аб пераследзе сяброў аб’яднання.

У апошнія дні ўсе сябры СБП, якія працуюць у дзяржаўных бюджэтных установах, былі выкліканыя да кіраўніцтва. Ім ва ўльтыматыўнай форме было прапанавана выйсьці з Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, інакш яны будуць звольненыя.

У СПБ, у прыватнасьці, гаворыцца: «З 2010 году распачалася беспрэцэдэнтная акцыя па шальмаваньні і перасьледзе членаў нашай афіцыйна зарэгістраванай творчай арганізацыі. Па ўсёй краіне беларускамоўных і рускамоўных паэтаў, празаікаў і крытыкаў зноў пачалі выклікаць у дзяржаўныя інстанцыі ды ўльтыматыўна патрабаваць выйсьці з СБП.

Ганебныя і незаконныя „працэсы“ мелі месца ў сталіцы і ўсіх рэгіёнах Беларусі (РВУ „Літаратура і мастацтва“, выдавецтве „Мастацкая літаратура“, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, БДУ, БНТУ, БДЭУ, БДПУ і інш., абласных унівэрсытэтах, рэдакцыях газэт, музэях і школах)...

Толькі на працягу апошніх тыдняў каля сотні членаў СБП зьвярнуліся да кіраўніцтва і Рады свайго грамадзкага аб’яднаньня з просьбай аб дапамозе і абароне іх грамадзянскіх правоў, гарантаваных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і Законам аб грамадзкіх аб’яднаньнях. Да прыкладу, распачаты адміністрацыйныя і псыхалягічныя зьдзекі нават у дачыненьні да паэтэсы, якая жыве ў Чарнобыльскай зоне і на мізэрны заробак адна выхоўвае дваіх непаўналетніх дзяцей...

Падобнага масавага перасьледу беларускія творцы не памятаюць са сталінскіх часоў.

Улічваючы вышэй выкладзенае, у мэтах выкананьня статутных палажэньняў нашага аб’яднаньня і спасылаючыся на адпаведныя Законы і Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, Рада СБП патрабуе:

— неадкладна спыніць перасьлед пісьменьнікаў, членаў ГА „СБП“;

— даць належную ацэнку дэструктыўнай дзейнасьці кіраўніцтва СПБ на чале з М. І. Чаргінцом, якая наносіць непапраўную шкоду разьвіцьцю сучаснага літаратурна-грамадзкага працэсу і нацыянальнай культуры ў цэлым».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG