Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прынслу сказаў пра беларускі суд усё, што думае


Дырка Прынсло
Дырка Прынсло

Асуджаны на 13 гадоў зьняволеньня за разбойны напад на банк 40-гадовы грамадзянін Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, колішні пасьпяховы адвакат Джордж Дырк Прынслу даў журналістам сваю ацэнку выраку Баранавіцкага раённага суду.

Некаторыя выданьні ПАР падаюць выразы адваката з цэнзурнымі купюрамі.

“Гэта маразм” (“This is f*****g crazy”), — сказаў Прынслу, пачуўшы прысуд адносна 13-гадовага пакараньня ў турме строгага рэжыму, а таксама пастанову аб выплаце судовых выдаткаў і частковай кампэнсацыі ахвярам за “маральную і матэрыяльную шкоду”. Прынслу таксама заявіў, што абвінавачваньні супраць яго несправядлівыя:

“Увесь судовы працэс ёсьць сьведчаньнем карупцыі і сталінізму. Былі парушаныя ўсе правы чалавека”.

Ён падкрэсьліў, што справа не была яму прадстаўленая на яго роднай мове, што ў яго не было магчымасьці выклікаць сьведкаў, што не праводзіўся перакрыжаваны допыт сьведкаў.

Гаворачы пра судзьдзю Баранавіцкага суду Васіля Петрыва, Прынслу заўважыў:

“Я меркаваў, што гэты судзьдзя вынесе несправядлівы прысуд”.

Апошнія словы, якія Прынслу гучна сказаў перад тым, як яго вывелі з судовай залі: “Я вельмі сумую па табе, радзіма”.

Пасьля адбыцьця пакараньня ў Беларусі Джорджа Дырка Прынслу могуць экстрадзіраваць у ПАР, дзе яго абвінавачваюць у пэдафіліі.

Як высьветлілася, інтарэсы паўднёваафрыканскага грамадзяніна на працэсе прадстаўляла адвакатка Сьвятлана Абросімава. “Свабода” зьвязалася зь юрыдычнай кансультацыяй у Баранавічах, дзе працуе гэтая адвакатка, каб даведацца адносна правамоцнасьці прэтэнзіяў яе падабароннага.

Нам адказалі, што адвакатка ня мае права гаварыць пра свайго падабароннага:

“Гэта адвакацкая тайна, этыка. Да таго ж яшчэ і прысуд не ўступіў у сілу. Пакуль гэта толькі вырак, і ён можа быць абскарджаны ў касацыйным парадку цягам дзесяці дзён. Такое права мае падабаронны”.

Суд прызнаў Джорджа Дырка Прынслу вінаватым у зьдзяйсьненьні 10 чэрвеня 2009 года нападу на аддзяленьне “Беларусбанку" ў Баранавічах, а таксама ў хуліганстве. Прынслу ўварваўся ў залю і, пагражаючы нажом і пісталетам, стаў вымагаць у касіраў грошы. Не дамогшыся свайго, ён зьбіў некалькіх супрацоўніцаў банку і схаваўся ў невядомым кірунку. Міліцыя затрымала рабаўніка 12 чэрвеня ў Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG