Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вярхоўным судзе пачаўся разгляд скаргі заснавальнікаў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі супраць Міністэрства юстыцыі. Прадстаўнікі БХД патрабуюць прызнаць, што адмова Мін’юсту зарэгістраваць партыю – незаконная і палітычна матываваная. Летась двойчы заснавальнікі БХД праводзілі ўстаноўчыя сходы для рэгістрацыі партыі. Двойчы Мін’юст адмовіў у рэгістрацыі, спаслаўшыся на памылкі ў сьпісе заснавальнікаў партыі.

Ад аргкамітэту па стварэньні Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі ў Вярхоўны суд прыйшлі Віталь Рымашэўскі і Дзяніс Садоўскі.

Судзьдзя зачытала 7 кароткіх заяваў людзей, якія адмовіліся ад свайго подпісу ў дакумэнтах на рэгістрацыю БХД. Яшчэ 32 прозьвішчы, паводле Мін’юсту, пад сумневам, бо ёсьць сьведчаньні ці то суседзяў, ці то міліцыянтаў пра тое, што людзі не прапісаныя па тым месцы жыхарства, якое ўказана ў дакумэнтах.
Віталь Рымашэўскі

Прадстаўнік Мін’юсту Яўген Какуша патлумачыў, што рабілася выбарачная праверка сьпісу заснавальнікаў. Віталь Рымашэўскі на гэта заявіў, што насамрэч заснавальнікі партыі адчулі на сабе беспрэцэдэнтны ціск з боку мясцовых органаў, спэцслужбаў і адміністрацыі прадпрыемстваў.

“Я нагадваю, што ў сьпісе заснавальнікаў 1051 асоба. Толькі 7 чалавек прадстаўнікі спэцслужбаў, Мін’юсту, мясцовай адміністрацыі прымусілі адмовіцца ад свайго подпісу. Мы яшчэ будзем высьвятляць у судзе абставіны гэтага. Можа, людзей папросту падманулі.

Па-другое, скарысталіся тэхнічнымі апіскамі, калі ў прозьвішчы пастаўлена адна ня тая літара. Але дакумэнты павінны былі быць надрукаваныя, а ў тых жа Калінкавічах людзям зрабіць гэта было цяжка.

Згодна зь дзеючым заканадаўствам, Міністэрства юстыцыі можа адмовіць у тым выпадку, калі парушэньне выправіць немагчыма, а гэтыя рэчы можна лёгка выправіць.

Апроч таго, лічыць несапраўдным подпіс заснавальніка партыі толькі з-за таго, што ён працуе, напрыклад, у Расеі і па тым адрасе, які ўказаны ў дакумэнтах, не пражывае, — гэта абсалютная сваволя. Абуральныя рэчы прагучалі: напрыклад, паводле выказваньняў суседа зроблена выснова, што чалавек не пражывае ў кватэры. Гэта пры тым, што ён там прапісаны”.

Віталь Рымашэўскі зазначыў, што, нягледзячы на беспрэцэдэнтны ціск на заснавальнікаў партыі, толькі 35 асобаў Мін’юст здолеў паставіць пад сумнеў. Але ў дакумэнтах стаіць 1051 подпіс. Паводле заканадаўства, гэта не перашкаджае зарэгістраваць партыю.

Судзьдзя Валянціна Кулік абвясьціла перапынак, каб прадстаўнікі БХД змаглі азнаёміцца з матэрыяламі справы і зрабіць зь іх копіі.

Дзяніс Садоўскі пракамэнтаваў выказваньні міністра юстыцыі Віктара Галаванава пра тое, што заснавальнікі БХД адпачатку дзейнічалі амаральна, нібыта даўшы несапраўдныя зьвесткі, і гэтым падарвалі давер да партыі.

“Тое, што за апошнія 10 гадоў не была зарэгістраваная ніводная партыя, сьведчыць пра тое, што гэта былі выключна палітычныя рашэньні. Немагчыма ўявіць, што ўсе не змаглі прадставіць правільныя дакумэнты.

Амаральна тое, што Мін’юст цісьне на заснавальнікаў партыі, пагражаючы звальненьнем з працы. Амаральна тое, што яны фальсыфікуюць дакумэнты і замест адмоваў людзей паказваюць нейкія даведкі чыноўнікаў”.

Віталь Рымашэўскі прыгадаў сюжэты на БТ пра стваральнікаў БХД, якія сталі падставай для судовых разбораў. Ён заявіў, што рашэньне не рэгістраваць партыю — незаконнае і палітычна матываванае.

“Першая прычына — гэта тое, што БХД сёньня не кантралюецца спэцслужбамі, і гэта выклікае іх занепакоенасьць. Другая прычына — гэта тое, што ідэя хрысьціянскай дэмакратыі вельмі папулярная і колькасьць партыі расьце вялікімі тэмпамі.

Безумоўна, наш удзел у выбарах, у тым ліку і ў прэзыдэнцкіх, палохае беларускую ўладу. Рашэньне адмовіць у рэгістрацыі — палітычна матываванае і юрыдычна неабгрунтаванае”.
XS
SM
MD
LG