Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перасьлед дэмакратычных актывістаў за бел-чырвона-белыя сьцягі, выбары ва Ўкраіне, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Суд Чыгуначнага раёну Віцебску прыняў рашэньне ўсталяваць міліцэйскі нагляд за актывістам дэмакратычнага руху Тарасам Сурганам. Падставай стаўся той факт, што цягам 2009 году Тарас Сурган быў тройчы затрыманы і асуджаны за акцыі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Таксама працягваецца сьледзтва па крымінальнай справе супраць Сяргея Каваленкі, які на праваслаўныя Каляды вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на ёлцы галоўнай плошчы Віцебску. Выказваньні на гэтую тэму:

Зіноўеў: “Лукашэнкаўскі сьцяг — гэта сьцяг Барыса Бермана, курапацкага наркама ўнутраных спраў БССР. А Беларусь яшчэ адсьвяткуе сваё вызваленьне, і бел-чырвона-белы сьцяг, як бусел, будзе на флагштоках”.

Спадарыня: “Хачу сказаць, што запоўнілі вы свае апазыцыйныя тэлефоны і перадачы бел-чырвона-белым сьцягам. Ну і што з таго, што гэтыя “героі” хаваюць гэты сьцяг, вывешваюць на ёлцы? Навошта міліцыя іх ловіць? Ну, хай носяцца з гэтым сьцягам. Нібыта ў нас кілбас прыбавіцца, хлеба. Бел-чырвона-белы сьцяг! Якія “героі”!”

Выказваньне камэнтуе намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі:

Юрась Беленькі
“Лукашэнкаўскі сьцяг — гэта сьцяг паняволеньня беларусаў, існаваньня пад акупацыяй. Бел-чырвона-белы сьцяг — сьветлы, незалежніцкі вобраз, за якім ідзе шлях да незалежнага жыцьця. Слухачка вольна ці нявольна разумее і хоча пачуць, куды скіраваная лёгіка разьвіцьця дзяржавы, бо ад гэтага залежыць далейшае жыцьцё. Ніколі жыцьцё пад акупацыяй не бывае добрым і шчасьлівым. Жыцьцё беларусаў пагаршаецца — вось ужо мы ізноў вяртаемся да ўсё той жа каўбасы. За гады праўленьня Лукашэнкі колькасьць беларусаў зьменшылася на 500 тысяч. А гэта ўжо больш сур’ёзныя рэчы, чым проста каўбаса”.

Наступныя выказваньні на адрас уладаў:

Спадарыня: “Спадар намесьнік міністра Кароль, на дварэ 2010 год. Такое адчуваньне, што патыліца вашай галавы ў 21 стагодзьдзі, а твар яшчэ ў 19-м. Пра якую ўраўнілаўку пэнсій вы спрабуеце казаць, калі ваша пэнсія павялічваецца непрапарцыянальна маёй пэнсіі? Калі нам з вамі будуць дадаваць па 10 адсоткаў да налічаных пэнсій, то за год ваша пэнсія будзе 840 тысяч, а мая — 420 тысяч. Куды падзелася розьніца ў 300 тысяч? Лукашэнка штучна робіць большую частку простых пэнсіянэраў малазабясьпечанымі жабракамі”.

Ціна: “Паглядзіце, “белая і пушыстая” ўлада, якая не стварае ніякіх працоўных месцаў для народу, нічога не стварае, акрамя турмаў, а толькі шукае вінаватых. Раней сам народ для ўлады быў: п’яніца, дурань, лайдак, гультай… Цяпер — апазыцыя…”

Працягваем праграму тэлефанаваньнем на тэму выбараў ва Ўкраіне:

Курневіч, Барысаў: “Хто на Ўкраіне стане прэзыдэнтам? Бліжэй да маёй натуры — Юля Цімашэнка. Жадаю ёй перамогі ў другім туры. Яе я паважаю як жанчыну, плюс характар яе, мазгі — мужчыны. За тое, што яна хоча, каб уклады, што былі ў ашчадных банках Украіны ў 90-х гадах, укладчыкам усе вярнуліся. Якія, напрыклад, у Беларусі нават пахавальныя даўно загнуліся”.

Нагадаю, што тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG