Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“У беларускім інтэрнэце стане больш страху”


Указ аб рэгуляваньні інтэрнэту выклікаў шырокае абмеркаваньне ў рэгіёнах Беларусі. Таму сёньня карэспандэнты “Свабоды” выслухоўвалі меркаваньні адміністратараў й супрацоўнікаў тых інтэрнэт-рэсурсаў, якім можа пагражаць небясьпека.

Андрэй Аляксандраў
Андрэй Аляксандраў
, рэдактар сайту навінаў Полацку і Наваполацку www.ximik.info, кажа, што першая рэакцыя на ўказ № 60 — гэта разгубленасьць:

“Разгубленасьць мая была выклікана тым, што дужа цяжка зразумець некаторыя фармулёўкі. Я ўжо падумаў, што майго розуму малавата, і пачаў раіцца з калегамі. Аказалася, і ў іх такое самае ўражаньне. Я думаю, што галоўная небясьпека гэтага ўказу — якраз гэткія няўцямныя, расплывістыя, дужа шырокія фармулёўкі, якія ён утрымлівае”.

Рэдактар сайту полацкіх і наваполацкіх навінаў кажа, што праз гэты ўказ улады спрабуюць пашырыць прысутнасьць афіцыйнай інфармацыі ў інтэрнэце. А з другога боку — забясьпечыць для сябе падставы, каб абмяжоўваць доступ да незалежных крыніц.

Сяргей Серабро
Рэдактар сайту “Народныя навіны Віцебску” Сяргей Серабро нагадвае, што праз такія абмежаваньні беларуская інтэрнэт-супольнасьць ужо праходзіла:

“Дзяржава спрабуе ўзаконіць тое, што яна раней рабіла дэ-факта, без усялякіх указаў. Да прыкладу, ужо блякавалі незалежныя інтэрнэт-сайты падчас выбараў. Так што я ня думаю, што ў нашай дзейнасьці нешта істотна зьменіцца. Як мы працавалі, так і будзем працаваць далей”.

Андрусь Храпавіцкі
Андрусь Храпавіцкі
, рэдактар сайту навінаў паўночна-заходняй Беларусі і Вільні www.westki.info, бачыць ва ўказе № 60 цэлы шэраг станоўчых момантаў:

“Наш сайт дзейнічае па прынцыпе адкрытых навінаў. І ў гэтым указе ёсьць станоўчы момант — калі адказнасьць за інфармацыю будзе несьці тая асоба, якая яе разьмясьціла. Абсалютна слушнай ёсьць заўвага наконт аўтарскіх правоў — на чужыя матэрыялы павінны быць спасылкі. Таксама станоўчы бок указу ў тым, што нарэшце ажывуць сайты райвыканкамаў. Гэта асабліва актуальна для Віцебшчыны, дзе кожны такі сайт — гэта фактычна навінавыя стужкі БелТА”.

Нэгатыўныя моманты спадар Храпавіцкі адзначае таксама:

“Наконт нэгатыву — то не зусім ясна, як будзе ўжывацца пункт указу, дзе гаворыцца пра тое, што на запыт карыстальніка інтэрнэт-паслугаў пастаўшчыкі гэтых паслугаў могуць абмежаваць доступ да гэтай інфармацыі. І — як будуць адсочваць парушальнікаў, да прыкладу, у ЖЖ? Перакрываць асобныя дзёньнікі, або адразу ўвесь LiveJournal? У беларускім інтэрнэце стане менш ананімнасьці, затое больш страху”.

Аляксей Александровіч
Менавіта на запалохваньне перадусім і разьлічаны ўказ № 60, мяркуе рэдактар рэгіянальнага сайту www.chashniki.info Аляксей Александровіч:

“У найбольшай ступені гэты ўказ — гэта мэтад псыхалягічнага ўзьдзеяньня на чытачоў, на журналістаў. Бо ня ўсё так проста з тэхнічнага боку. Калі ўжо так патрэбна ўладам, каб людзі нічога ня ведалі і не чыталі, — а менавіта гэтага ім хацелася б напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, — дык найпрасьцей было б проста перакрыць канал зьнешняй сувязі! Але гэта нерэальна — на інтэрнэт завязаны і бізнэс, і г.д. Таму — што ж! Будзем вучыць людзей, як бясьпечна весьці перапіску і як наведваць сайты, якія будуць спрабаваць заблякаваць”.

Самае ж недарэчнае, на думку Аляксея Александровіча, — гэта выдаткоўваць вялікія грошы на ўтрыманьне адмысловага аналітычнага цэнтру, калі ў краіне крызіс, а ў людзей нізкія заробкі і пэнсіі.
XS
SM
MD
LG