Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ткачыхі пішуць Лукашэнку


У калектыўным звароце прэзыдэнту аршанскія ткачыхі патрабуюць павялічыць ім заробак у два разы.

Зараз працаўніцы аршанскага йльнокамбінату атрымліваюць па 500—600 тысяч, хаця працуюць у шкодных умовах і вельмі часта — у выходныя.

Праваабаронца Алег Граблеўскі распавёў, што ліст з патрабаваньнем падвысіць заробак падпісалі 234 работніцы 2-й фабрыкі йльнокамбінату. Яны накіравалі яго ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі, бо ў горадзе ходзяць чуткі пра ягоны магчымы візыт на прадпрыемства.

Адказу зь Менску жанчыны пакуль не дачакаліся, затое атрымалі папрок ад сваёй адміністрацыі. Кіраўніцтва прадпрыемства зладзіла для незадаволеных ткачых сход, дзе ім распавядалі, што шмат у каго ў Беларусі яшчэ горшыя ўмовы працы і ніжэйшыя заробкі. Ім сказалі, што яны паводзяць сябе непрыстойна, і што ў Аляксандра Лукашэнкі багата клопату і апрача іхных скаргаў.

Работніцы Аршанскага йльнокамбінату і раней пісалі скаргі ў адміністрацыю — пазалетась яны патрабавалі, каб заробкі ім не затрымлівалі. Тады гэта падзейнічала — грошы выплацілі. Але цяпер іх проста няма дзе ўзяць: склады прадпрыемства поўныя нерэалізаванай прадукцыі, хаця аблвыканкам спрабуе вырашыць гэтую праблему. На Віцебшчыне пашырана сетка фірмовага гандлю, і ва ўсіх віцебскіх газэтах зьявілася абавязковая рубрыка, прысьвечаная йльнаводзтву, перапрацоўцы йльняной сыравіны ды новым калекцыям адзеньня зь лёну, прапанаваным мясцовымі мадэльерамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG