Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Указ А. Лукашэнкі аб рэгуляваньні інтэрнэту камэнтуе Алена Раўбецкая, якая выкладае ў гарадзенскай школе маладога журналіста і адмініструе інтэрнэт-газэту “Твой стыль” www.t-styl.info.


Раней Алена Раўбецкая рэдагавала газэту “Биржа информации”. У 2004 годзе журналістка была пакарана судом за крытычную публікацыю пра рэфэрэндум аб трэцім тэрміне прэзыдэнцтва Лукашэнкі. Выданьне яе газэты Міністэрства інфармацыі спачатку на некалькі месяцаў спыніла, а потым усе друкарні, перш за ўсё дзяржаўныя, адмовіліся друкаваць “Биржу информации”, пасьля чаго газэта спыніла сваё існаваньне

Алена Раўбецкая скептычна ставіцца да імкненьня ўлады кантраляваць інтэрнэт:
я маю права рэгістравацца на ua, на com, на net, дзе хачу — там і рэгіструюся...

“З аднаго боку, мы ўсе цудоўна ведаем, што магчымасьць у дзяржавы залазіць у нашыя паштовыя скрынкі і сайты — яна заўсёды была і заўсёды выкарыстоўвалася. З другога боку, прымусіць усіх зьвярнуцца да аднаго правайдэра — tut.by — гэта немагчыма. Я лічу, што з боку дзяржавы гэта падобна вельмі да пажаданьня, таму што прымусіць усіх “купляць беларускае” немагчыма. З другога боку, гэта ніякай небясьпекі, па вялікім рахунку, не ўяўляе, таму што я маю права рэгістравацца на ua, на com, на net, дзе хачу — там і рэгіструюся. Карацей, я спакойна стаўлюся”.

Алене Раўбецкай жаданьне кантраляваць інтэрнэт нагадвае спробы ўлады забараніць сатэлітарныя антэны:

“Мне гэта нагадвае такія моманты: у нас уводзіцца 18-працэнтны НДВ, празь некалькі гадоў вырашаюць, што ўсё-ткі 20 адсоткаў — лепей, і цяпер усе прадпрыемствы стаяць на вушах. Колішняя забарона таніраваных шыбаў у аўтамабілях. Улада нібыта экспэрымэнтуе, сама дакладна ня ведаючы, што рабіць увогуле. Адносна інтэрнэту — гэта ж усё пад эгідай барацьбы зь нейкімі порнасайтамі, тэрарызмам і гэтак далей. Адсочвайце —на якія я сайты хаджу, ці кантактую зь Бін Лядэнам, ці не? А тады бярыце мяне за рукі і саджайце ў турму. Гэта прыкра. Але я ведаю, што тэхналёгіі заўжды выпярэджваюць “уладныя галовы”. Так што гэта ня столькі страшна, як гідка”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG