Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БХД супраць Мін’юсту


У Вярхоўным судзе пачалося папярэдняе слуханьне ў справе заснавальнікаў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі супраць Міністэрства юстыцыі. Заснавальнікі БХД праз суд дабіваюцца адмены рашэньня Мін’юсту не рэгістраваць партыю.

Судзьдзя Вольга Кулік дазволіла прадстаўнікам БХД Віталю Рымашэўскаму і Дзянісу Садоўскаму азнаёміцца з матэрыяламі справы і зрабіць копію некаторых дакумэнтаў.

Судзьдзя зачытала паказаньні некаторых асобаў, якія адмовіліся ад подпісу ў дакумэнтах на рэгістрацыю партыі. Пераважная большасьць зь іх прыпадае на жыхароў Магілёўскай вобласьці.

Віталь Рымашэўскі заявіў, што заснавальнікаў партыі 1051 чалавек і некалькі адозваў не перашкаджаюць у рэгістрацыі БХД. Таму рашэньне Мін’юсту незаконнае і палітычна матываванае.

31 кастрычніка 2009 году ў Менску адбыўся другі ўстаноўчы зьезд партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя. 9 лістападу ў Мін'юст была пададзеная заява на дзяржаўную рэгістрацыю партыі БХД. 15 сьнежня ў БХД атрымалі адказ Мін'юсту, што у рэгістрацыі адмоўлена. Раней актывісты БХД ужо рабілі спробу зарэгістраваць сваю партыю і таксама марна.

27 студзеня 2010 Міністар юстыцыі Віктар Галаванаў заявіў, БХД пры стварэньні партыі парушыла закон. "Сапраўды, іх матэрыялы паступалі, але падчас падрыхтоўкі і правядзеньня мерапрыемстваў па ўтварэньні адпаведнай палітычнай партыі былі дапушчаныя грубыя парушэньні дзейнага заканадаўства. Шмат хто з грамадзян ня ведаў, падпісваючыся пад дакумэнтам, што яны - заснавальнікі палітычнай партыі, некаторыя не прысутнічалі на адпаведных устаноўчых сходах", адзначыў тады Галаванаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG