Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гарадзеншчыне большасьць з тых, хто непасрэдна мае дачыненьне да вядзеньня сайтаў, ня вельмі пакуль цямяць, што стаіць за ўказам А.Лукашэнкі № 60, але ўва ўсіх факт яго зьяўленьня выклікае насьцярогу.

Спадар, які абслугоўвае сайт у Мастах, кажа, што пакуль не да канца азнаёміўся з указам, але яго насьцярожвае тое, што ягоны сайт зарэгістраваны на замежным дамэне і няясна, ці ня будзе тут нейкіх абмежаваньняў.

“Ну, яны могуць папросту прымусіць прайсьці рэгістрацыю. Ім няцяжка выявіць, хто разьмяшчае там інфармацыю, але іншая справа, дзе знаходзіцца сайт. Вось калі ён на сэрвэры ў Амэрыцы, то яны змогуць ціснуць, каб пераходзіў на нашы сэрвэры і зьмяняў хостынг”.

У Смаргоні спадар, які мае дачыненьне да сайту грамадзкай арганізацыі, кажа, што ўказ не выклікае трывогі толькі ў пляне таго, каб зрабіць паслугі інтэрнэту больш прафэсійнымі і таннымі.

Але яго насьцярожвае тое, што дзяржава спрабуе ўзяць пад кантроль ня толькі тых, хто праз інтэрнэт парушае крымінальнае права, а ўсіх агулам.

“Я лічу, што гэта ўсё ж скіравана на абмежаваньне свабоды слова. Бо, да прыкладу, калі я зьмяшчу інфармацыю, якая, на думку кантралёраў, некага абражае альбо парушае заканадаўства, — то сайт могуць зачыніць і без суду”.

Ваўкавыскі блогер кажа, што і так каму трэба ведаць пра тое, хто вядзе сайт і разьмяшчае на ім інфармацыю, — выдатна гэта ведаюць. Яго найболей насьцярожвае тое, што любы сайт у любы момант можна будзе спыніць для прагляду.

“Кожны павінен мець свабоду выбару інфармацыі. Калі чалавек парушае заканадаўства, дзяржава мае дастаткова законаў, і паводле іх хай судзіць і садзіць парушальніка ў вязьніцу”.

Рэдактар “Газэты Слонімскай” Віктар Валадашчук кажа, што таксама ня цалкам пакуль азнаёміўся з указам. Яму б вельмі хацелася, каб указ быў скіраваны на паляпшэньне тэхнічнага стану інтэрнэту.

Ён распавядае, што ўжо некаторы час зь віны правайдэра ў іх на сайце не працуе форум, што для рэдакцыі вельмі важна. А гаворачы пра ўказ Лукашэнкі, рэдактар зьвяртае ўвагу, што ён зьявіўся падчас выбарчай кампаніі невыпадкова.

“На маю думку, указ скіраваны на тое, каб абмежаваць дзейнасьць апазыцыйных сайтаў напярэдадні мясцовых выбараў, а ў наступным годзе — прэзыдэнцкіх. Бо чым яшчэ патлумачыць тое, што ўказ зьявіўся менавіта цяпер, а ня ўчора ці заўтра?”
XS
SM
MD
LG