Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кузьняцоў: “Нацыянальны архіў “разгрузіўся” дзякуючы КДБ


Ігар Кузьняцоў

Ігар Кузьняцоў

Сёньня дырэктар Нацыянальнага архіву Беларусі Вячаслаў Селяменеў запэўніў, што ў архіве практычна не засталося засакрэчаных дакумэнтаў. Маўляў, ад 1 мільёна спраў, якія там захоўваюцца, засакрэчанымі застаюцца ня болей за паўтысячы.


Выказваньне камэнтуе дасьледчык рэпрэсіяў, гісторык Ігар Кузьняцоў, які не адзін год правёў у самых розных архіўных установах:
“Вячаславу Дзьмітрыевічу можна паверыць па факту толькі ў пэўнай ступені. У якім сэнсе? Бо тады трэба назваць, якія дакумэнты былі перададзеныя ў архіў КДБ. Дакладней, туды вярнуліся зь ліку тых, якія дагэтуль знаходзіліся Нацыянальным архіве. Альбо тыя дакумэнты, якія па якіхсьці актах перапісу былі зьнішчаныя за ўвесь час існаваньня архіва.

Ня толькі ў нашым, але і ў любым заходнім архіве, ёсьць катэгорыя спраў, якая знаходзіцца на закрытым захоўваньні, якая ні для прэсы, ні для карыстальнікаў архіву не рассакрэчваецца. Таму, на жаль, ведаючы сыстэму былых савецкіх архіваў (а ў нас мала што зьмянілася), магу сказаць: так, канечне, шмат спраў, пачынаючы з пэрыяду перабудовы, былі адкрытыя. Але вельмі шмат спраў было зьнішчана, вельмі шмат спраў пераведзеныя на той рэжым захоўваньня, пра які мы папросту ня ведаем і ўявіць ня можам.

І нават калі прыйдзе нейкая камісія і папросіць паказаць опісы, то нам іх пакажуць. І там насамрэч будзе лічыцца ўсяго 500 спраў для закрытага захоўваньня. Але, па-першае, мы ніколі не даведаемся праўду, колькі сёньня ў гэтым архіве знаходзіцца матэрыялу. Па-другое, ёсьць такое паняцьце як сакрыцьцё інфармацыі, калі нейкія справы з таго ж Нацыянальнага архіву захоўваюцца зараз у зусім іншым месцы, пра якое мы ня ведаем і не здагадваемся”.
XS
SM
MD
LG