Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Служба бясьпекі Ўкраіны распачала крымінальную справу супраць супрацоўніка Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі па падазрэньні ў шпіянажы. Пра гэта 2 лютага паведаміў кіраўнік СБУ Валянцін Налівайчанка.


Як паведамляе ўкраінская служба Радыё Свабода, 27 студзеня гэты афіцэр ФСБ быў затрыманы падчас атрыманьня ад грамадзяніна Ўкраіны зьвестак, якія складаюць дзяржаўную тайну. Сустрэча з агентам адбылася на тэрыторыі Адэскай вобласьці за 14 кілямэтраў ад дзяржмяжы.

Як паведаміў Налівайчанка, меры па прыкрыцьці такой агентурнай акцыі вялі яшчэ тры афіцэра ФСБ і вайсковец апэратыўнай групы расейскіх войскаў прыднястроўскага рэгіёну Малдовы.

Падчас асабістага дагляду супрацоўнікі СБУ забралі ў затрыманых лічбавыя дыктафоны, відэакамэру ў выглядзе аўтаручкі, міні-ноўтбук, флэш-карты памяці і дзьве тысячы даляраў.

СБУ ўстанавіла, што старэйшы афіцэр ФСБ Расеі спэцыяльна прыбыў з Масквы для таго, каб кіраваць асабіста разьведвальнай апэрацыяй. Усе затрыманыя расейскія афіцэры прыбылі ў Украіну з самаабвешчанай Прыднястроўскай Малдаўскай рэспублікі.

Налівайчанка паведаміў, што некалькі месяцаў таму супрацоўнікі ФСБ на чале з згаданых старшым афіцэрам захапілі грамадзяніна Ўкраіны, які быў носьбітам дзяржаўнай тайны. З мяшком на галаве ў яго даставілі на Расейскую вайсковую базу, дзе, пагражаючы жыцьцю і здароўю яму і яго сям'і, патрабавалі згоды на супрацоўніцтва з ФСБ, заявіў Налівайчанка.

Супраць гэтага старэйшага афіцэра ФСБ Служба бясьпекі ўзбудзіла справу па артыкуле 114 Крымінальнага кодэкса (шпіянаж).

Па словах старшыні СБУ, трое іншых супрацоўнікаў ФСБ Расеі пасьля допытаў і атрыманьня ад іх вычарпальных тлумачэньняў з нагоды выкананьня разьведвальных задач у шкоду бясьпекі Ўкраіны былі афіцыйна папярэджаныя аб недапушчальнасьці такіх супрацьпраўных дзеяньняў у будучым. Яны былі высланы з тэрыторыі Ўкраіны з забаронай уезду на 5 гадоў.

Служба бясьпекі Ўкраіны зьвярнулася да ФСБ Расеі з просьбай дапамагчы ў расьсьледаваньні гэтай крымінальнай справы.

********

Афіцэр ФСБ, затрыманы ва Ўкраіне за шпіянаж, будзе адказваць паводле ўкраінскіх законаў, заявілі ў прэс-цэнтры СБУ.

«Гаворка ня ідзе пра шпіёнскія гульні, гаворка ідзе аб супрацьпраўнай дзейнасьці замежных спэцслужбаў на тэрыторыі нашай дзяржавы», – адзначылі ў СБУ, камэнтуючы рэакцыю расейскага боку на затрыманьне іх шпіёна.

Тым часам у цэнтры грамадзкіх сувязяў ФСБ Расеі пацьвердзілі, што супрацоўнік гэтай Расейскай спэцслужбы быў затрыманы на ўкраінскай тэрыторыі.

У той жа час, у ФСБ Расейскай Фэдэрацыі адзначылі, што гэта былі дзеяньні ў адказ і былі прадыктаваныя вярбовачнай актыўнасьцю спэцслужбаў Украіны ў дачыненьні да Расейскіх грамадзянаў.
XS
SM
MD
LG