Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белаазёрскай гарадзкой бібліятэцы далі імя Ніны Мацяш


Ніна Мацяш

Ніна Мацяш

“Я сябравала зь Нінай Язэпаўнай 30 гадоў. Вы самі разумееце, як мы гэта ўспрынялі — як сапраўднае сьвята”, — заявіла загадчыца бібліятэкі Тамара Кузьняцова.

“Летась мы пісалі запыт, каб бібліятэцы надалі імя Ніны Мацяш. Гэтае пытаньне разглядалі ў райвыканкаме і аблвыканкаме”, — паведаміла Кузьняцова “Свабодзе”.

Пастанова пра перайменаваньне бібліятэкі датаваная 22 студзеня.

Паводле Кузьняцовай, тое, што бібліятэцы надалі імя Ніны Мацяш, “патрабуе ад нас, каб мы зьмяніліся ў сэнсе вонкавага выгляду бібліятэкі. У нас даўно не было рамонту. А нам хочацца, каб бібліятэка выглядала прыстойна”.

Паводле парталу “Бібліятэкі Беларусі і замежных краінаў”, фонд Белаазёрскай гарадзкой бібліятэкі на 1 верасьня 2009 году налічваў 25 098 экзэмпляраў.



Ніна Мацяш (20 верасьня 1943 — 19 сьнежня 2008, Белаазёрск), беларуская паэтка і перакладчыца.

Скончыла факультэт францускай мовы Мінскага дзяржаўнага пэдагагічнага інстытуту замежных моваў.

Аўтар зборнікаў паэзіі “Агонь” (1970), “Удзячнасьць” (1973), “Ральля суровая” (1976), “Прыручэньне вясны” (1979), “Поўны келіх” (1982), “Жнівень” (1985), “Паварот на лета” (выбранае, 1986), “Шчасьлівай долю назаві” (1990) і казак “Два браты і сякера” (1975), “Казка пра суседзяў, зьмяю і мядзьведзя” (1982).

Напісала п'есы для тэатру лялек “Прыгоды трох парасят” (пастаўлена ў 1976), “Крок у бесьсьмяротнасьць” (пастаўлена ў 1977), тэлесцэнарыі пра творчасьць В. Бялыніцкага-Бірулі “Пясьняр роднай прыроды” (пастаўлены ў 1978) і Р. Кента “Гэта я, Госпадзе” (пастаўлены ў 1980).

У яе перакладзе выйшлі кніжкі Ж. Аліўе “У краіне індзейцаў” (1973), А. Гаўрылюка “Песьня зь Бярозы” (1979), Ж. Сімянона “Першая справа Мэгрэ” (1982), А. дэ Сэнт-Экзюпэры “Плянэта людзей” (1984) і “Маленькі прынц” (1989), навэлы Г. дэ Мапасана (1987), паэма “Маруся Чурай” Л. Кастэнкі (1989).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG