Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прапанова Палаты прадстаўнікоў скасаваць адтэрміноўку ад вайсковага прызыву для студэнтаў-платнікаў не знайшла падтрымкі і ня ўвойдзе ў лік зьменаў у закон “Аб воінскім абавязку і воінскай службе”.


“Прапанова, замест завочнікаў, прызываць усіх студэнтаў-платнікаў не знайшла падтрымкі ні ў Міністэрстве адукацыі, ні ў Адміністрацыі прэзыдэнта, выклікала неадназначнае стаўленьне ў грамадзтве”, — заявіў БелТА старшыня сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў у справах нацыянальнай бясьпекі Віктар Гумінскі.

Працоўная група вырашыла пакінуць тую частку законапраекту, якая тычыцца адтэрміновак ад службы ў арміі, безь зьмяненьняў. Яна застаецца ў тым жа выглядзе, у якім была прынята дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў у першым чытаньні. Гэта значыць, адтэрміноўку ад арміі плянуецца адмяніць толькі для студэнтаў завочных формаў навучаньня.

Гумінскі кажа, што скасаваньне адтэрміноўкі ад прызыву для студэнтаў-завочнікаў ня будзе азначаць пагалоўнага набору ў армію ўсіх, хто навучаецца на завочных аддзяленьнях. “Гэта не азначае, што прыйдзе час і ўсіх завочнікаў прызавуць. У армію возьмуць толькі столькі, каб даўкамплектаваць сілавыя структуры да неабходнай колькасьці прызыўнікоў”, — растлумачыў дэпутат Палаты прадстаўнікоў.
XS
SM
MD
LG