Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Большасьць людзей лічыць, што здаровы лад жыцьця, асабліва што тычыцца клопату аб сэрцы, патрабуе ахвяраў. Адмовіцца ад улюбёнай ежы, штодня зганяць зь сябе сем патоў ды выдзеліць асобную паліцу ў лядоўні на дарагія імпартныя прэпараты... Такая пэрспэктыва прымушае шмат каго калі і не забыцца на патэнцыйную небясьпеку інфаркту, то прынамсі адкласьці пытаньне клопату аб здароўі да лепшага ці, хутчэй, да незваротна горшага часу.


Аднак некаторыя меры, якія найбольш кардынальна дазваляюць зьнізіць рызыку сардэчных захворваньняў, могуць у сапраўднасьці дастаўляць задавальненьне самі па сабе.

У прафіляктыцы кардыяльных паталёгіяў сёньняшняя мэдыцына найперш бярэ прыцэл на зьніжэньне ўзроўню халестэрыну. Выдатнымі посьпехамі ў гэтай галіне могуць пахваліцца Злучаныя Штаты. За апошнія 60 гадоў узровень сьмяротнасьці ад сардэчных хваробаў у ЗША упаў на 60%. Яно і ня дзіўна – першае паводле ўжываньня ў краіне месца сярод лекаў упэўнена трымаюць прэпараты супраць халестэрыну. Амэрыканцы выдаткоўваюць на іх каля 18 мільярдаў даляраў у год (больш чым гадавы дзяржбюджэт Беларусі).

Падзеньне сярэдняга ўзроўню крывянога ціску ў насельніцтва зьвязанае, аднак, ня толькі зь лекамі. Безумоўна, вялікую ролю адыграла масавае адмаўленьне ад курэньня. Але ж выявілася таксама, што калясальны ўплыў робяць і даволі нязначныя зьмены ў харчаваньні.

Цудатворная амэга


Больш як 100 дасьледаваньняў у гэтай галіне ўзьвялі на п'едэстал чэмпіёна ў барацьбе з халестэрынам поліненасычаныя тлушчавыя кісьліны амэга-3. Гэтае рэчыва, на якое асабліва багатая рыба, а таксама арэхі ды соевы алей, дапамагае зьнізіць рызыку сардэчных захворваньняў больш чым удвая.

Але ж гэта толькі пачатак. Калі ўжываньне адной толькі рыбы двойчы на тыдзень памяншае рызыку амаль на чвэрць, то штодзённае прыймо жменькі грэцкіх арэхаў, багатых таксама на клятчатку, прычыняецца да павышэньня вашых “ставак” на 25 – 40%. Дадайце яшчэ лісьце салаты з памідорамі да абеду зь вячэрай – і пагроза вашаму сэрцу ўпадзе істотна пад сярэднестатыстычны ўзровень.

За здароўе – да дна!


І найлепшае – на канец. Назіраньні паказваюць, што рэгулярнае спажываньне алькагольных напояў (памяркоўнае!) паніжае небясьпеку сьмерці для людзей сталага веку на 25%. Праўда, недзе выйграўшы, губляеш у іншым. Аддаляючыся такім чынам ад інфаркту, мы ўваходзім у іншую зону рызыкі, у прыватнасьці раку грудзіны ці кішэчніка. Тым ня менш шклянка віна пры абедзе ды паўгадзінная прагулянка пасьля яго (разам зь пералічанымі вышэй дадаткамі ў рацыён) дазволяць вам без асаблівых высілкаў зраўнавацца ў здароўі з заакіянскімі масавымі спажыўцамі антыхалестэрынавых прэпаратаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG