Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты «Маладога фронту» сёлета ня будуць ладзіць вулічнае шэсьце у Дзень сьвятога Валянціна. Замест гэтага 14 лютага ў менскім гатэлі «Crowne Plaza» яны будуць уручаць прэмію «Люблю Беларусь». На цырымонію запросяць вядомых грамадзкіх дзеячаў і дыпляматаў. Ці можна гэтае рашэньне лічыць своеасаблівым сымбалем адмовы апазыцыі ад вулічных акцыяў? Ці можна сьцьвярджаць, што «Малады фронт» імкнецца адысьці ад іміджу структуры, якая займаецца выключна вулічнымі акцыямі? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Юры Чавусаў.

Цыганкоў: На прэсавай канфэрэнцыі, дзе маладафронтаўцы тлумачылі прычыны свайго рашэньня, намесьнік лідэра «Маладога фронту» Іван Шыла сярод іншага сказаў: «Мы спрабавалі далучыць да нашай акцыі новых людзей. Не. Яны не выходзяць. Ёсьць сто чалавек, які ходзяць з году ў год». Ці можна казаць, што гэтае рашэньне стала пэўным сымбалем адмовы апазыцыі ад вулічных акцыяў на сёньняшні дзень?

Чавусаў: У пэўным сэнсе можна сказаць, што іншыя часткі дэмакратычнай апазыцыі ад вулічнай актыўнасьці, па вялікім рахунку, даволі даўно адмовіліся. Вулічныя акцыі пераўтварыліся ў рытуальныя дзеяньні, якія ніяк не зьвязаныя з рэальным палітычным уплывам. І адмова Маладога Фронту ад такой традыцыйнай «акцыі любові» на 14 лютага — сымбалічны знак заканчэньня вулічнай барацьбы на гэты момант.

Вулічная актыўнасьць пасьпяховая тады, калі спантанная і грунтуецца на наяўнасьці грамадзкага пратэсту.
Напэўна, можна казаць пра вычарпанасьць такога фармату традыцыйных акцыяў. Магчыма, некаторыя аглядальнікі і расцэняць гэта як канчатковую паразу гэтага мэтаду барацьбы. Але, на мой погляд, гэта толькі заканчэньне вулічнай барацьбы пэўных структураў, партыяў і арганізацыяў. Вулічная актыўнасьць паводле сваёй прыроды характарызуецца спантаннасьцю. Яна пасьпяховая тады, калі спантанная і грунтуецца на наяўнасьці грамадзкага пратэсту. Калі гэта пераўтвараецца ў рытуал, то гэта застаецца толькі рытуалам, а ня сродкам палітычнай барацьбы.

Цыганкоў: Ці можа казаць, што такім сваім рашэньнем «Малады фронт» робіць заяўку на тое, што хоча адысьці ад іміджу моладзевай ва ўсіх сэнсах структуры, якая займаецца выключна вулічнымі акцыямі?

Чавусаў: Я б не рабіў такіх далёкасяжных высноваў з аднаго палітычнага рашэньня. Хутчэй за ўсё, яно стала вынікам імкненьня маладафронтаўцаў рабіцца асобнай палітычнай сілай, самастойным палітычных суб’ектам. Мы ведаем, наколькі актыўная пазыцыя МФ у фармаваньні выбарчых сьпісаў у рамках БНБ, мы ведаем, што Малады Фронт мае асобную пазыцыю па ўсіх ключавых пытаньнях палітыкі.

На мой погляд, пераход да такога больш «дарослага» фармату сьвяткаваньня «Акцыі любові» — гэта вынік імкненьня зрабіцца больш сталай арганізацыяй.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG