Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клікаць людзей на дапамогу — паводле суду ёсьць хуліганства


Менскі гарадзкі суд адхіліў скаргу Тамары Дыка, жыхаркі дома № 14 па вуліцы Пермскай, якому пагражае знос у сувязі з будаўніцтвам у гэтым раёне шматпавярховых дамоў палепшанай камфортнасьці. Жанчына аспрэчвала рашэньне Маскоўскага раённага суду, які прызнаў яе вінаватай ў хуліганстве.

Летась у лістападзе міліцыянты спрабавалі вывезьці з дому мужа спадарыні Тамары, інваліда першай групы Аляксандра Дыка, які, паводле іх зьвестак, незаконна пражывае ў доме. Жанчына выбегла на вуліцу і паклікала суседзяў на дапамогу, за што на яе склалі пратакол аб адміністрацыйным парушэньні. У студзені Маскоўскі раённы суд, а цяпер і Менскі гарадзкі прызналі Тамару Дыка вінаватай у хуліганстве.

Праваабаронца Кацярына Садоўская гэтак пракамэнтавала сытуацыю: «Улады перасьледуюць найперш тых жыхароў, якія ня згодныя з плянамі пра знос і дамагаюцца адэкватнай кампэнсацыі. І яшчэ падчас гэтай барацьбы мы убачылі пэўную зьвязку паміж чыноўнікамі, міліцыянтамі, супрацоўнікамі пракуратуры і судзьдзямі. „Жыльлёвая праблема“ застаецца полем для карупцыі», — мяркуе праваабаронца.

У Маскоўскім РАУС кажуць, што супрацоўнікі міліцыі дзейнічалі ў сытуацыі з Тамарай і Аляксандрам Дыка паводле закону.

XS
SM
MD
LG