Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12 умоваў застаюцца


Хуан Антоніо Марк Пужоль
Хуан Антоніо Марк Пужоль

«Нам усім патрэбны вельмі глыбокі дыялёг. Эўразьвяз гатовы ісьці вельмі глыбока ў наладжваньні дыялёгу, і нам патрэбна такая ж глыбіня з боку Беларусі». Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі ў Менску заявіў пасол Іспаніі ў Беларусі і Расеі Хуан Антоніё Марк Пужоль. У прэсавай канфэрэнцыі ўзялі ўдзел таксама амбасадар Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірляндыі Размары Томас, пасол Вугоршчыны Фэрэнц Контра і кіраўнік прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Менску Жан-Эрык Гольцапфэль.

Пасол Іспаніі спадар Пужоль адзначыў, што «Ўсходняе партнэрства» — гэта той фармат, у якім дачыненьні паміж Беларусьсю і Эўразьвязам могуць пасьпяхова разьвівацца. Ён лічыць неабходным усталяваньне глябальнага дыялёгу ва ўсіх сфэрах. Нагадаем, Іспанія ад 1 студзеня старшынюе ў Эўразьвязе.

«У той меры, у якой Беларусь будзе гатова паглыбіць дачыненьні з Эўразьвязам, яна знойдзе, што і Эўразьвяз, у асобе іспанскага прэзыдэнцтва, будзе гатовы зрабіць адпаведныя намаганьні».

Фэрэнц Контра
Адказваючы на пытаньне карэспандэнта «Свабоды», амбасадар Вугоршчыны Фэрэнц Контра заявіў, што адносна Беларусі застаюцца актуальнымі вядомыя ўжо 12 умоваў Эўразьвязу.

Пасол Іспаніі спадар Пужоль падкрэсьліў, што разьвіцьцю дачыненьняў паміж Беларусьсю і ЭЗ дапамагло б «прыняцьце агульных каштоўнасьцяў ЭЗ у пытаньнях разьвіцьця дзяржавы і адзін з важных аспэктаў гэтага разьвіцьця — дэмакратыя». Ён адзначыў магчымасьць свабодных выбараў і наяўнасьці палітычных партый. Маўляў, гэта тое, што магло б дапамагчы ў наладжваньні дыялёгу.

Амбасадары краін Эўразьвязу мяркуюць сустрэцца зь міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым. На сустрэчы будуць абмеркаваныя пытаньні, зьвязаныя з эканамічным крызісам, адзначыў спадар Пужоль. Амбасадар Вялікабрытаніі Размары Томас дадала:

Розмары Томас
«Я хачу падтрымаць іспанскага амбасадара, што гэта сустрэча не аб перашкодах, а аб магчымасьцях. Вельмі важны ня толькі тэмп, але і рэальныя крокі з абодвух бакоў. І ў гэтым сэнсе слова цяпер за Беларусьсю. Беларусь можа дыктаваць тэмп гэтага дыялёгу, і мы зрабілі даволі ясныя заявы, чаго б мы хацелі чакаць. Сустрэча з Мартынавым дасьць магчымасьць разгледзець зробленыя крокі. У Беларусі адбываюцца цікавыя падзеі, якія мы вітаем. У прыватнасьці, пачатак дэбатаў адносна сьмяротнага пакараньня, якія ініцыюе парлямэнт. Мы вітаем дэкрэт прэзыдэнта, які адмяняе абмежаваньні адносна выезду дзяцей з чарнобыльскай зоны за мяжу. Мы спадзяемся ўзьняць пытаньне пра Тацяну Шапуцьку, якая была выключана з унівэрсытэту пасьля ўдзелу ў форуме грамадзянскай супольнасьці „Ўсходняга партнэрства“. З прэсы вядома, што ёй было адмоўлена ў аднаўленьні, і мы вельмі шкадуем пра гэта. Мы гэтае пытаньне ўздымалі і плянуем вярнуцца да яго бліжэйшым часам».

Адносна прынятага напярэдадні прэзыдэнцкага ўказу аб рэгуляваньні інтэрнэту пасол Вугоршчыны сказаў, што яшчэ трэба пабачыць, які эфэкт і наступствы будзе мець гэты ўказ.

Гэтымі ж днямі лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч выступіў з дакладам на сустрэчы ў Брусэлі, арганізаванай фундацыяй Конрада Адэнаўэра. У ёй узялі ўдзел эўрапарлямэнтары і дыпляматы, экспэрты і прадстаўнікі Эўракамісіі. Абмяркоўваліся сытуацыя ў Беларусі і пэрспэктывы супрацоўніцтва ЭЗ і Беларусі. Спадар Мілінкевіч адзначыў, што набліжэньне да эўрапейскіх стандартаў — гарантыя пэрспэктыў Беларусі ў Эўропе.

Аляксандар Мілінкевіч
«Самая галоўная выснова гэтай сустрэчы , што ў многім пазыцыі па дыялёгу супадаюць у беларускай апазыцыі, уладаў і ў ЭЗ. Ёсьць кансэнсус у пэўных пытаньнях. Але ёсьць момант, які ўлада павінна памяняць. Яна спрабуе будаваць стасункі з аб’яднанай Эўропай на падставе агульных інтарэсаў. Беларускія ўлады лічаць, што вельмі важнае геаграфічнае месца, транзыт, сэрца Эўропы. І гэтыя аргумэнты не працуюць. Эўропа аб’ядналася на аснове агульных каштоўнасьцяў і будзе цьвёрда трымацца гэтага прынцыпу. Набліжэньне Беларусі да эўрапейскіх стандартаў — гарантыя пэрспэктыў. Таму агульныя каштоўнасьці, а не агульныя інтарэсы».

Паводле спадара Мілінкевіча, апошнім часам пасьля частых кантактаў назіраецца пэўнае ахаладжэньне ў стасунках паміж афіцыйным Менскам і Брусэлем. Ён лічыць, што вельмі важна, які настрой будзе панаваць пры разьвіцьці новых стасункаў.

«І ёсьць аб’ектыўныя прычыны, бо вельмі многа значыць, які настрой ёсьць у такой працы, калі разьвіваюцца новыя стасункі. І ўлада псуе гэты настрой сваімі паводзінамі. Бо прагрэс ня можа быць дэкаратыўным. Ён можа быць канкрэтным, тут усе ўсё разумеюць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG