Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАСТУСЬ ЧАРНЕЦ

Avec que si, avec que la,
avec que la marmotte.
І мой заўжды, і мой паўсюль,
І мой сурок са мною.

Гётэ


Сьвядомы беларус асьцерагаецца дня сурка. О, калі б то былі толькі адны суткі: так бо і год — ягоны, і, мабыць, усе апошнія паўтара дзесяцігодзьдзі. Гэтулькі высілкаў, хоць у аладку разьбіся! — а ўсё зноў па крузе.

Самыя жорсткія спосабы збавеньня ад набрыдлай паўтаранасьці выпрабаваў на сабе неабыякавы да лёсаў айчыны беларус. І сьцягі на вышынных навагодніх елках узьнімае, рызыкуючы разьбіцца; і ў безнадзейных выбарах горача ўдзельнічае, рызыкуючы зганьбіцца. Ён прабегаў уздоўж і ўпоперак увесь гэты маркотна цяглы беларускі дзень, навучыўся чытаць складаных філёзафаў і шпарка размаўляць па-ангельску, усякі сабака — у пагонах і ў цывільным — ведае яго ў гэтым завулку сусьветнай гісторыі. І што ж?

Прачынаецца ён усё той жа шэранькай раніцай, з адчуваньнем камандзіровачнай непрыкаянасьці ва ўсёй сваёй істоце. Вясна (у шырокім, алегарычным сэнсе) і вабіць, і вее, і казыча ноздры водарамі — але не сьпяшаецца наведваць нас.

Што ж гэта за суворы зьвярок такі, ці водзіцца ён наагул у нашай краіне, хто бачыў яго? Заолягі запэўніваюць, што ў нашым краі прадстаўнікоў віду Marmota зроду не вадзілася, і наагул: лёхі ў прасторава-часавым кантынуўме — гэта амэрыканскі Marmota monax толькі ўмее рыць. Эўрапейскі ж Marmota marmota — істота бяскрыўдная, здольная прагрызьці хіба толькі дзірку ў гістарычнай памяці, з часавым забыцьцём роднай мовы (што відаць з прыкладу Гётэ).

Аднак пэсымісты не адчайваюцца ў надзеі знайсьці галоўнага сурка нашых няшчасьцяў. Прафэсійныя суркабоі ў адпаведнасьці з паляўнічай традыцыяй запэўніваюць, што маем прынамсі аднаго Вялікага Сурка на Беларусі: ён надзейна абаронены Чырвонай кнігай — найчырванейшай з усіх постсавецкіх кніг — і з-за яе займаецца сваёй душазгубнай справай пажыраньня нацыянальнага часу. Ім пярэчаць абаронцы некранутай прыроды і сувэрэнных цудаў роднага краю, даводзячы, што радзіма суркоў — Паўночная Амэрыка і ўсякая сурковая пошасьць трапляе ў здаровы арганізм нашай айчыны з-за мяжы.

Пакуль дзень Сурка не пагражае расьцягнуцца да памераў дня Брахмы. Гэта выклікае асьцярожныя надзеі, што Заўтра ўсё-ткі надыдзе. Мусіць, мы проста ня вельмі гатовыя да яго, хто ведае? Раптам мы растанем, як сьнягуркі, ад заўзятага сакавіцкага сонца? Вось і маем нагоду ды вольны час зрабіць зь сябе нешта больш вогнетрывалае. Заахвоціцца ратаваць першага-горшага, ці што? І, можа, на дадатак закахацца?..

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG