Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хваробаў вачэй шмат, але сярод тых, што прымаюць самыя цяжкія формы, найбольш распаўсюджаныя тры. Гэта – гляўкома, катаракта і так званая дыстрафія жоўтай плямы.


Не чытай у цемры! Не ўтыкайся носам у тэлевізар! Не касі вачыма! Пакаленьням, якія расьлі пад такія бацькоўскія воклічы, цяжка будзе ўсьвядоміць, што ўсе гэтыя заганы насамрэч даволі неістотна ўплываюць на пагаршэньне зроку. Затое традыцыйна мала ўвагі аддаюць паталёгіям, якія пагражаюць ня толькі пэрспэктываю начапіць на нос акуляры, але і поўнай стратаю зроку.

Прычынаю гляўкомы, якая паражае зрокавую нэрву, становіцца засьмечваньне вочнага дрэнажнага канала. У разе частковага засьмечваньня праблему зазвычай можна вырашыць пры дапамозе лекаў. А вось пры поўным закупорваньні без хірургічнага ўмяшаньня ўжо не абысьціся. Складанасьць гляўкомы ў тым, што яе бывае цяжка выявіць, асабліва на пачатковых стадыях.

Катаракта, як правіла, разьвіваецца з узростам. Пасьля сарака, але найчасьцей пасьля 60-ці гадоў зрок можа пачаць засьціць, нібы смугою. Сучасныя дасягненьні мэдыцыны дазваляюць замяніць памутнелы крышталік вока на штучны – плястыкавы. Апэрацыя гэтая становіцца ўсё больш рутыннай, і лекары рэкамэндуюць замену нават пры наяўнасьці пачатковых сымптомаў гэтай хваробы.

Найбольш распаўсюджаная прычына страты зроку ў людзей сталага веку – дыстрафія жоўтай плямы. Хвароба спараджаецца зацьвярдзеньнем крывяносных артэрыяў у сеткавіцы вока, у прыватнасьці ў той яе частцы, якая рэагуе на сьвятло (жоўтая пляма). Хвароба не прычыняе непрыемных адчуваньняў, але адміраньне клетак сеткавіцы прыводзіць да імклівай страты зроку, незваротнай на позьніх стадыях працэсу.

Ува ўсіх трох выпадках ключом да паратунку зьяўляецца раньняя дыягностыка. Дэталёвае абсьледаваньне вока рэкамэндуецца з таго моманту , як дзіця ідзе ў школу. Пасьля гэтага візыт да афтальмоляга рэкамэндуецца не радзей, чым раз на пяць гадоў. Пасьля дасягненьня 40-50 гадоў прамежкі паміж праверкамі варта скараціць да 2-3 год.

Ну, і немалаважным чыньнікам, вядома ж, застаецца харчаваньне і лад жыцьця. Стэрэатыпнае ўяўленьне пра надзвычай карыснае ўзьдзеяньне морквы на зрок – дзякуючы высокаму ўзроўню правітаміну А – цалкам апраўданае. Вітаміны C і Е памяншаюць рызыку захворваньня на катаракту ды дыстрафію жоўтай плямы. Фізычныя практыкаваньні служаць добрай прафіляктыкаю гляўкомы, памяншаючы ціск на вока.

XS
SM
MD
LG