Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджанага кіраўніка суполкі партыі БНФ перавялі на “хімію”


Аляксандар Фёдараў

Аляксандар Фёдараў

Асуджанаму па крымінальнай справе кіраўніку шклоўскай суполкі партыі БНФ Аляксандру Фёдараву зьменены рэжым адбываньня пакараньня. Ад 25 студзеня ён пераведзены на “хімію” — у шклоўскую папраўчую калёнію адкрытага тыпу.


Вось як патлумачыў “Свабодзе” сам Аляксандар Фёдараў зьмену ў рэжыме адбываньня пакараньня:

“Паводле закону ў мяне замена рэжыму, палову тэрміну адсядзеў. То бок за добрыя паводзіны й гэтак далей. Пакуль я ўладкоўваюся на працу. Мне засталося атэстацыю прайсьці праз тры месяцы, і я пайду на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне, то бок наагул вызвалюся. А калі будзе амністыя, якая чакаецца да 65-годзьдзя, то тады раней вызвалюся”.

Аляксандра Фёдарава затрымалі 14 чэрвеня 2007 году. 1 красавіка 2008 году Шклоўскі раённы суд асудзіў яго на пяць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. Ён прызнаны вінаватым у злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі, прысабечваньні дзяржаўнай маёмасьці й нанясеньні дзяржаве шкоды ў памеры васямнаццаці мільёнаў рублёў. Сваёй віны Фёдараў не прызнае. Будучы ужо ў калёніі, ён пісаў скаргі, у якіх даводзіў сваю невінаватасьць:

“Гэта была замоўная справа. Мне пра гэта самі міліцыянты казалі. Так, у мяне былі парушэньні, але яны былі адміністрацыйнага парадку, а не крымінальнага. Дужа цяжка дабіцца праўды з таго боку, з зоны, будзем так гаварыць. Аднак я ўсё ж нечага дамогся”, — зазначае Аляксандар Фёдараў.

Як ён кажа, неўзабаве на месцы ягонай ранейшай працы павінна адбыцца комплексная рэвізія, якая дакумэнтальна давядзе яго невінаватасьць. Да арышту Фёдараў у Шклоўскім раёне кіраваў трыма кацельнямі. Дзьве зь іх лічыліся ўзорнымі.

Да пераводу на шклоўскую “хімію” Аляксандар Фёдараў адбываў пакараньне ў магілёўскай калёніі № 15. Чым займаўся там:

“Там няма працы. Нічога не рабіў. Там сядзіць дзьве з паловай тысячы чалавек. Працуе толькі дзьвесьце чалавек, аднак нічога не атрымліваюць”.

Аляксандар Фёдараў — актыўны ўдзельнік выбарчых кампаніяў. У 2001 годзе, падчас прэзыдэнцкіх выбараў, яго арыштоўвалі на загад пракурора раёну, але хутка вызвалілі.
XS
SM
MD
LG