Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МВФ: Беларусь пачынае выходзіць з крызісу


Набліжэньне выбараў у Беларусі ўзмацняе рызыку аслабленьня эканамічнай палітыкі з боку ўлад. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе Міжнароднага валютнага фонду, які апублікаваны па выніках трэцяга агляду выкананьня беларускім урадам праграмы stand-by.

Агляд праводзіўся ў лістападзе 2009 года.

У дакладзе МВФ падкрэсьліваецца, што ўлады Беларусі заяўляюць пра намер працягваць абгрунтаваную макраэканамічную палітыку ў 2010 годзе, паведамляе БелаПАН.

"Апынуўшыся перад выбарам паміж "мэтавым сцэнарыем" разьвіцьця эканомікі, які б не адпавядаў абавязацельствам па праграме (ці эканамічным рэаліям), і працягам у 2010 годзе рашучых, але цяжкіх мер палітыкі ўлады абралі апошняе. Яны не адмовіліся ад мэтавага сцэнарыя, але маюць намер разглядаць яго ў якасьці "матываў" і засноўваць меры палітыкі на рэалістычных плянах і ўзгодненых задачах праграмы", — сьцьвярджаецца ў дакумэнце МВФ.

Аднак, працягваюць экспэрты фонду, рызыка таго, што ўлады могуць схіліцца ў бок "мэтавага сцэнарыя", захоўваецца. "Па меры таго, як набліжаецца завяршэньне праграмы, пры паслабленьні зьнешніх абмежаваньняў зьяўляецца рызыка таго, што ўлады аслабяць палітыку занадта моцна ці занадта хутка. Надыход выбараў будзе ўзмацняць гэту рызыку. Больш за тое, папярэдні год паказаў уразьлівасьць эканомікі ў выпадку зьніжэньня попыту на экспартныя тавары, парушэньняў на рынку замежнай валюты і недахопу афіцыйнага фінансаваньня. Паступовае спыненьне субсыдаваньня імпарту нафты і газу толькі ўзмоцніць цяжкасьці, якія стаяць перад уладамі", — гаворыцца ў дакладзе.

Паводле меркаваньня МВФ, у цэлым Беларусь пачынае выходзіць з крызісу. Скарачэньне аб'ёмаў вытворчасьці нязначнае ў параўнаньні з суседнімі краінамі, інфляцыя зьнізілася, валютны рынак стабілізаваўся, працягваецца працэс зьніжэньня ступені далярызацыі. У той жа час эканоміка застаецца ўразьлівай да зьнешніх шокаў. Дэфіцыт ліку бягучых апэрацый застаецца значным, а ўзровень рэзэрваў нізкім, нягледзячы на значную падтрымку, у тым ліку з боку МВФ.

Разам з тым экспэрты фонду зрабілі вывад, што макраэканамічная стабільнасьць у Беларусі застаецца нетрывалай і мае патрэбу ва ўмацаваньні моцнымі і пасьлядоўнымі мерамі.

Як паведамлялася раней, першапачаткова ўрад Беларусі падрыхтаваў два варыянты прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, базавы і мэтавы. Першы прадугледжваў рост ВУП на 2—3%, другі — 11—12%. Аднак Аляксандр Лукашэнка застаўся незадаволены прагнознымі дакумэнтамі. У выніку 7 сьнежня прэзідэнт зацьвердзіў прагноз сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, які прадугледжвае рост ВУП на 11—13%.

У 2009 годзе рост ВУП у Беларусі плянаваўся на 10—12%, аднак рэальны паказчык склаў 0,2%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG