Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацькам братоў Сурганоў патрабуецца дапамога


Тарас Сурган
Тарас Сурган

Сёньня ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску будуць разьбіраць справу Тараса Сургана — яму пагражае абмежаваньне волі за вывешваньне бел-чырвона-белых сьцягоў. Ягоны старэйшы брат Алег Сурган знаходзіцца ў сьледчым ізалятары — яго таксама затрымлівалі летась у верасьні за вывешваньне нацыянальнага сьцяга, але цяпер вінавацяць у нападзе на міліцыянта.


У асяродку віцебскіх апазыцыйных актывістаў першыя дні лютага ўжо называюць “суднымі днямі” — рэдка калі здараецца так, што апазыцыянэраў судзяць штодня. І яшчэ радзей бывае, калі падсудныя — родныя браты.

35-гадовага Тараса Сургана выклікаюць сёньня ў Чыгуначны райсуд Віцебску не з нагоды нейкай канкрэтнай справы, а за тры мінулыя правапарушэньні, зьвязаныя з вывешваньнем бел-чырвона-белых сьцягоў. Прынамсі, так яму патлумачылі напярэдадні, калі выклікалі ў міліцыю:

“У мяне ў 2009 годзе былі тры затрыманьні і пакараньні паводле артыкулу 23.34 — гэта незаконнае пікетаваньне і несанкцыянаваныя мітынгі. Яшчэ ў мяне не пагашана крымінальная судзімасьць, таму мне могуць даць “нагляд”. “Нагляд” — гэта абмежаваньне волі, калі я не магу выходзіць увечары з дому пазьней за вызначаны час, не магу наведваць грамадзкіх месцаў — кірмашоў, кінатэатраў — і месцаў, дзе прадаецца алькаголь на разьліў”.
У мяне не пагашана крымінальная судзімасьць, таму мне могуць даць “нагляд”...


Апошняя акалічнасьць Тараса Сургана не засмучае: алькаголю ён цяпер практычна не ўжывае. А што да свайго крымінальнага мінулага — хлопец быў некалькі разоў асуджаны за крадзяжы — то ён гэтага не хавае, але кажа, што цяпер пачаў новае жыцьцё, у якім ёсьць іншыя каштоўнасьці.

Іншыя абмежаваньні, кажа Тарас Сурган, для яго зусім непажаданыя. Найперш таму, што ў сьледчым ізалятары знаходзіцца ягоны старэйшы брат Алег. Сургана-старэйшага вінавацяць у нападзе на міліцыянта, хаця затрымалі яго таксама за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга. Артыкул 364 Крымінальнага кодэксу, паводле якога, дарэчы, вінавацілі й былога палітвязьня Сяргея Парсюкевіча, прадугледжвае пакараньне да 6 гадоў турэмнага зьняволеньня. Гэта значыць, што бацькі двух братоў застануцца без належнага догляду.

72-гадовыя пэнсіянэры жывуць ва ўласнай хаце, Алег Сурган жыве зь імі, і ўвесь гаспадарчы клопат ляжыць на ягоных плячах. Бо маці хварэе на астму, а ў бацькі дыягнаставалі рак. Пакуль Алега трымаюць у ізалятары, старым дапамагае Тарас. Калі старэйшаму брату ўсё ж прысудзяць зьняволеньне за супраціў міліцыянту, малодшаму давядзецца ці то перасяляцца да бацькоў, ці то неяк падладжвацца пад умовы “нагляду”. Мажліва, давядзецца звальняцца з працы, каб жыць “на два дамы” — у сваёй кватэры і ў бацькоўскай хаце, дзе трэба і нарыхтаваць дроў, і нанасіць вады, і набыць лекі ды прадукты.
Сьцягі ў Віцебску былі, ёсьць і будуць...


Тарас і Алег Сурганы — сябры віцебскага актывіста Сяргея Каваленкі. Каваленка стаў вядомы тым, што вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на гарадзкой ёлцы. Супраць яго самога распачатая крымінальная справа, і ён лічыць перасьлед братоў Сурганоў мэтанакіраваным:

“Братоў Сурганоў перасьледуюць таму, што ўлада спалохалася бел-чырвона-белых сьцягоў. Іх у Віцебску было больш, чым у якім іншым горадзе Беларусі, нават у Менску. Высачылі, хто гэта робіць, і вырашылі выключыць нас з барацьбы. Але гэта нікому ня ўдасца — сьцягі ў Віцебску былі, ёсьць і будуць!”

Сяргей Каваленка мяркуе, што на дапамогу рэпрэсаваным актывістам і іхным бацькам павінны прыйсьці ўсе дэмакратычныя сілы:

“Інакш навошта ў нас створаны розныя фонды? І сам я гатовы дапамагчы — гатовы хоць калоць дровы для маці Сурганаў”.

Далейшы лёс Тараса Сургана будзе вырашаны 2 лютага ў судзе Чыгуначнага раёну аб 11-й гадзіне. Суд над ягоным братам Алегам, якога вінавацяць у тым, што падчас затрыманьня ён укусіў міліцыянта, працягнецца 9-га лютага. Да таго часу Алег Сурган будзе знаходзіцца ў сьледчым ізалятары.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG