Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пагоня” адкрыла выставу “За нашу і вашу свабоду”


У сядзібе Таварыства беларускай мовы адкрылася выстава, прысьвечаная 172-годзьдзю нараджэньня нацыянальнага героя Беларусі і Літвы Кастуся Каліноўскага, а таксама 145-м угодкам вызвольнага паўстаньня 1863 — 1864 гадоў. Імпрэзу пад назвай «За нашу і вашу свабоду» арганізавала суполка мастакоў «Пагоня».

З успамінамі выступае Аляксей Марачкін.
Выставу ў гонар угодкаў нараджэньня Кастуся Каліноўскага мастакі суполкі «Пагоня» праводзяць, пачынаючы з 2000 году ў розных памяшканьнях. І толькі напрыканцы 80-х буйная імпрэза ў гонар кіраўніка паўстаньня 1863 году прайшла ў менскім Палацы мастацтва, паведаміў падчас свайго выступу кіраўнік «Пагоні», мастак Аляксей Марачкін:

«У савецкі час, які называюць імпэрыяй зла, да тэмы Кастуся Каліноўскага было зьвяртацца прасьцей. Зараз адбылася поўная рэабілітацыя цара Мікалая, а ў гэтай сувязі Кастусь Каліноўскі стаўся ледзь не тэрарыстам. Гэтак зьнішчаюць ягоны арэол змагара за Беларусь і незалежнасьць».

У экспазыцыі сёлетняй выставы разьмешчаныя працы мастака Алеся Цыркунова, Аляксея Марачкіна, Уладзімера Сулкоўскага, Міколы Купавы і многіх іншых. Выстава адкрываецца напярэдадні 2 лютага — 172-х угодкаў нараджэньня Кастуся Каліноўскага, кажа мастак Мікола Купава:

Мікола Купава адкрывае выставу.
«Тут важна, што сутыкнуліся нашыя памкненьні і наказ Міколы Іванавіча Ермаловіча, які дзесяць год таму, якраз у гэтыя дні напісаў артыкул у якім гаварылася, што нараджэньне Кастуся Каліноўскага — гэта такая дата, якую трэба адзначаць штогод. І мы зараз не адыходзім ад гэтага наказу і адзначаем».

Дасьледчык радаводу Кастуся Каліноўскага, сьвятар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Леанід Акаловіч падчас свайго выступу сказаў:

Айцец аўтакефальнай праваслаўнай царквы Леанід Акаловіч
«Кастусь Каліноўскі заклікаў нас памятаць, што мы не дасягнём сапраўднай волі, пакуль над намі будзе маскоўскае ярмо. Гэтае ярмо мы адчуваем і сёньня, маскалям Кастусь Каліноўскі замінае і сёньня. Таму ягонае імя ганьбіцца прамаскоўскай уладай у Беларусі, як і імя Ларысы Геніюш, і яно ня можа быць рэабілітавана і па сёньня. Тым ня менш, яны нашыя героі, наша слава і наш гонар. І вельмі прыемна, што хоць невялікім колам, але мы ўшаноўваем памяць гэтага чалавека і не забудзем ва ўсе вякі вечныя».

Выстава «За нашу і вашу свабоду» будзе экспанавацца ў менскай сядзібе Таварыства беларускай мовы да 25 сакавіка. Затым яна будзе паказаная ў іншых гарадах Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG