Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кірыла Пазьняк: “Інтэрнэтчыкаў падштурхоўваюць да самацэнзуры”


Кірыла Пазьняк

Кірыла Пазьняк

Выкарыстаньне нацыянальнага сэгмэнту сеткі Інтэрнэт будзе рэглямэнтавана ад 1 ліпеня 2010 году. Гэта вынікае са спэцыяльнага прэзыдэнцкага ўказу, які Аляксандар Лукашэнка падпісаў сёньня.

Паводле гэтага дакумэнту, уводзіцца дзяржаўная рэгістрацыя сетак, сыстэмаў і рэсурсаў. Яе цяпер будуць праходзіць правайдэры інтэрнэт-паслуг у міністэрстве сувязі і інфарматызацыі. Ва ўказе прынамсі запісана:

«З мэтай гарантаваньня бясьпекі грамадзянаў і дзяржавы ад 1 ліпеня 2010 году правайдэры павінны будуць ажыцьцяўляць ідэнтыфікацыю абанэнцкіх прыстасаваньняў карыстальнікаў інтэрнэт-паслугаў, весьці ўлік і захоўваць дадзеныя пра такія прыстасаваньні і інтэрнэт-паслугі».

Кірыла Пазьняк,рэдактар інтэрнэт-газэты «Мы», у размове са «Свабодай» камэнтуе:

«Яшчэ раз нам даказалі, што калі ідэалягічнае начальства робіць нейкія заявы, то гэта ня проста так, што трэба нечага чакаць Вось і дачакаліся. Цікавасьць да Інтэрнэту з ідэалягічнага боку цалкам зразумелая. Менавіта ў Інтэрнэт выціснутая незалежная прэса і актыўна разьвіваецца самадзейная журналістыка: пачынаючы ад блогаў і канчаючы скіданьнем рознай інфармацыі: і тэкставай, і мультымэдыйнай ад простых грамадзян. А самае галоўнае, што менавіта ў віртуальнай прасторы адбываецца значаная частка альтэрнатыўных камунікацый і ствараюцца розныя супольнасьці, у тым ліку і грамадзка-палітычныя.

А што тычыцца непасрэдна гэтага ўказу, то трэба будзе глядзець, як усё гэта будзе рэалізоўвацца, у тым ліку, і з тэхнічнага боку. А гэта ня так усё проста. І нездарма ўказ пачне дзейнічаць толькі аж 1 ліпеня. Мне здаецца, што галоўная яго мэта — гэта ўсё ж „паспрыяць“ самацэнзуры інтэрнэтчыкаў».

XS
SM
MD
LG