Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Указ № 60 "Аб мерах па ўдасканаленьні выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту сеткі Інтэрнэт" камэнтуе кіраўнік унітарнага прадпрыемства “Надзейныя праграмы”, адзін з заснавальнікаў парталу TUT.by Юры Зісер. Ніжэй мы прыводзім пункты паведамленьня Белта наконт указу і камэнтары спадара Зісера.

Паводле Белта, указам прадугледжаны абавязак дзяржаўных органаў, іншых дзяржаўных арганізацый і гаспадарчых таварыстваў з пераважнай доляй дзяржавы ў іх статутных фондах разьмяшчаць інфармацыю аб сваёй дзейнасьці на афіцыйных сайтах гэтых органаў і арганізацый, забясьпечваць іх эфэктыўнае функцыянаваньне і сыстэматычнае аднаўленне.

Зісер:
Гэта вельмі добры пункт, што дзяржаўныя органы абавязаны разьмяшчаць інфармацыю пра сваю дзейнасьць на афіцыйных сайтах, забясьпечваць іх сыстэматычнае аднаўленьне. 10 гадоў Інтэрнэт быў у дзяржавы ў загоне. Пра яго забылі, яго не заўважалі. Добра, што мы будзем ведаць усё аб дзяржаўных органах.

Указ утрымлівае шэраг палажэньняў, накіраваных на абарону аўтарскіх правоў ад "пірацтва" ў Інтэрнэце. Так, разьмяшчэньне ў Інтэрнэце літаратурных, навуковых, музычных, фатаграфічных, аўдыёвізуальных твораў, твораў выяўленчага мастацтва, якія карыстаюцца прававой аховай на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, павінна ажыцьцяўляцца пры ўмове выкананьня заканадаўства аб аўтарскім праве, у тым ліку са згоды іх праваўладальнікаў. Сродкі масавай інфармацыі, якія распаўсюджваюцца празь сетку Інтэрнэт, павінны будуць мець спасылку на першакрыніцу інфармацыі або на сродак масавай інфармацыі, якія раней апублікавалі гэтыя інфармацыйныя паведамленьні.

Зісер: Гэта таксама добра. Крадзёж у Інтэрнэце вельмі распаўсюджаны, многія сайты прысабечваюць сабе інфармацыйныя матэрыялы, зробленыя іншымі. Праўда, я зь цяжкасьцю сабе ўяўляю, як указ можа гэта ўрэгуляваць. Але калі там ёсьць такое палажэньне – гэта добра.

Указам замацоўваецца абавязак суб'ектаў гаспадараньня, якія рэалізуюць на тэрыторыі Беларусі тавары (работы, паслугі) з выкарыстаньнем сеткі Інтэрнэт, з 1 ліпеня 2010 г. ажыцьцяўляць гэтую дзейнасьць з выкарыстаньнем інфармацыйных сетак, сыстэм і рэсурсаў нацыянальнага сэгмэнту сеткі Інтэрнэт, разьмешчаных на тэрыторыі краіны. Гэтыя меры, паводле Белта, уводзяцца дзеля абароны правоў спажыўцоў.

Зісер: Мне не зусім зразумелы гэты пункт, убачым, як ён будзе працаваць, калі прымуць падзаконы акт. Калі ў такім выглядзе гэта пойдзе, атрымаецца, што ні Google, ні Yandex.ru, ні Mail.ru ня маюць права аказваць ніякія паслугі – ні платныя, ні бясплатныя, пакуль яны фізычна ня будуць разьмешчаныя на тэрыторыі РБ. Гэты пункт, які неаднойчы крытыкаваўся, чамусьці застаўся.

Уводзіцца дзяржаўная рэгістрацыя гэтых сетак, сыстэм і рэсурсаў, якую будуць праходзіць пастаўшчыкі Інтэрнет-паслуг па заяўным прынцыпе ў Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі альбо ўпаўнаважанай ім арганізацыі. Парадак дзяржаўнай рэгістрацыі, пералік і формы дакумэнтаў, неабходных для яе ажыцьцяўленьня, будуць вызначаны ўрадам да 1 мая 2010 году.

Зісер: Гэта ёсьць і сёньня. Усе сеткі, сыстэмы і рэсурсы ці зарэгістраваныя, ці ліцэнзаваныя. Я тут ня бачу нічога новага.

У мэтах бясьпекі грамадзян і дзяржавы з 1 ліпеня 2010 пастаўшчыкі Інтэрнэт-паслуг павінны будуць ажыцьцяўляць ідэнтыфікацыю абанэнцкіх прылад карыстальнікаў Інтэрнэт-паслуг, весьці ўлік і захоўваць зьвесткі аб такіх прыладах і аказаных Інтэрнэт-паслугах.

Зісер: Зьмянілі формулёўку. Раней гэта рабілася па просьбах праваахоўных органаў, зараз гэта будзе абавязак, устаноўлены законам.

Указ рэглямэнтуе мэханізм абмежаваньня доступу да інфармацыі па патрабаваньні карыстальніка Інтэрнэт-паслуг. Напрыклад, на запыт карыстальніка Інтэрнэт-паслуг пастаўшчык абавязаны абмежаваць доступ абанэнцкай прылады, якая належыць карыстальніку, да інфармацыі, зьмест якой накіраваны на распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў, прапаганду гвалту, жорсткасьці і іншых дзеяньняў, забароненых заканадаўствам.

Зісер: Наколькі я ведаю, будуць абмежаваньні карыстальнікаў па іх ініцыятыве. Калі бацькі хочуць, каб іх дзеці не хадзілі на порнасайты, ня ведалі, як зрабіць выбухоўку, то яны змогуць напісаць заяву свайму Інтэрнэт-правайдэру, і іх правайдэр заблякуе для іх такія сайты. Калі справа абмяжуецца порнасайтамі, то нічога страшнага. Сёньня Інтэрнэт на прадпрыемствах несвабодны, абмяжоўваюцца odnoklassniki.ru, сацыяльныя сеткі,сэрвісы бясплатнай электроннай пошты. Гэта агульная тэндэнцыя

Калі зьявіўся праект гэтага указу, вакол яго было шмат крытыкі, гаварылася, што ён стане інструмэнтам палітычнай цэнзуры ў Інтэрнэце, дасьць магчымасьць блякаваць “крамольныя” сайты. Ці адбыліся зьмены ў параўнаньні з гэтым праектам у канчатковай рэдакцыі ўказу?

Зісер: Тэксту ўказу я ня бачыў. Але на падставе паведамленьня Белта ніякіх мераў, на падставе якіх можа ўводзіцца цэнзура, тут няма. Ня выключана, што іх зараз няма і ва ўказе.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG