Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія інтэрнэт-карыстальнікі назвалі “чалавекам году” Косінца


Аляксандар Косінец
Аляксандар Косінец

Старшыня аблвыканкаму стаў пераможцам конкурсу на званьне самай вядомай на Віцебшчыне асобы. Але вядомасьць — гэта не заўжды гарантыя поўнага народнага прызнаньня, лічаць наведнікі сайту «Народныя Навіны Віцебску».

Ужо другі раз віцебскі незалежны рэсурс праводзіць конкурс «Чалавек году». Сёлета ў інтэрнэт-галасаваньні узялі ўдзел 564 чалавекi — удвая больш, як летась.

231 голас (41%) наведнікі сайту аддалі Аляксандру Косінцу, старшыні Віцебскага аблвыканкаму, які ў першы ж год свайго кіраўніцтва распачаў у Віцебску грунтоўную рэстаўрацыю. 194 галасы (34%) удзельнікі галасаваньня аддалі Аляксандру Рыбаку, нарвэскаму сьпеваку зь беларускімі каранямі, у якога ў Віцебску жыве бабуля.

Астатнія трое кандыдатаў набралі значна менш галасоў. 73 чалавекі (13%) палічылі вартым званьня «Чалавек году Віцебску 2009» апазыцыйнага актывіста Сяргея Белязеку, які зьвярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай пазбавіць яго беларускага грамадзянства з палітычных матываў і атрымаў адмову. За Міхаіла Петухова — бортынжынэра, арыштаванага за перавозку зброі, — прагаласавалі 6%, а за Сяргея Харлана — капітана рыбалоўнага сэйнэра, які трапіў у палон да самалійскіх піратаў, — 5% удзельнікаў інтэрнэт-галасаваньня.

Сяргей Серабро, рэдактар сайту «Народныя навіны Віцебску», нагадаў, што ў сьнежні мінулага году наведнікам было прапанавана падзяліцца думкамі наконт таго, да горшага ці да лепшага зьмянілася аблічча гораду за час кіраваньня новага старшыні аблвыканкаму Аляксандра Косінца.

Меркаваньні жыхароў Віцебску падзяліліся: адны зь незадавальненьнем пісалі пра тое, што на загад гэтага кіраўніка была зруйнавана Плошча Перамогі, і ейны новы выгляд не падабаецца гараджанам. Іншыя абураліся перафарбоўкай знакамітага «сіняга дому» ў белы колер і ўкладаньнем вялікіх сродкаў у рэстаўрацыю гарадзкога цэнтру, тым часам як ускраіны проста гібеюць. Іхныя апанэнты цьвердзілі, што Віцебск стаў больш утульны і эўрапейскі. Урэшце былі падведзеныя вынікі апытаньня: 49% прагаласавалі за тое, што абласны цэнтар зьмяніўся да лепшага, 32% упэўнены, што да горшага, 20% заявілі, што ім цяжка адназначна ацаніць перамены ў абласным цэнтры пад кіраўніцтвам Аляксандра Косінца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG