Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У інвалідаў-калек у лукашэнкаўскі век бываюць дні, што хоць на могілкі паўзі”


Слухачы Радыё Свабода разважаюць над пэрспэктывамі зьмены ўлады, шукаюць альтэрнатыву расейскай папсе, думаюць, як перажыць зіму з халоднымі батарэямі, і спадзяюцца на хуткі надыход вясны.

Адзін са слухачоў задаецца пытаньнем: як зьменяцца беларускія рэаліі, калі Алесю Міхалевічу ўдасца прыйсьці да ўлады?

«Вось яму першыя пытаньні: «Ці правільна сёньня, што маладое пакаленьне з адукацыяй сядзіць бяз працы, прыбірае вуліцы, бяжыць за мяжу, ня мае права на працу? Што думае Міхалевіч на гэты конт? Ці скасуецца кантрактная сыстэма?»

Алесь Міхалевіч лічыць, што перамяніць сытуацыю зможа большая адкрытасьць у адносінах улады і трэцяга сэктару ў справах моладзі:

Алесь Міхалевіч
«Трэба, каб былі арганізацыі, якія дапамагаюць моладзі. І каб гэтыя арганізацыі былі падтрыманыя ўладамі. А пакуль што ў нас улада падтрымлівае толькі адну арганізацыю. І гэта зможа дапамагчы моладзі і рэалізавацца ў розных сфэрах жыцьця, і вырашыць шмат якія праблемы, бо цякучка кадраў у нас сапраўды вельмі сур’ёзная.

Што да кантрактнай сыстэмы, то ў сёньняшнім выглядзе яна не павінна застацца. Я — за працоўную дамову і зьнішчэньне кантрактнай сыстэмы. Бо яна дазваляе звальняць людзей без усялякіх тлумачэньняў, правы працоўных яна не абараняе».

Спадар Курневіч з Барысава перажывае за журналістаў «Барысаўскіх навін» і за ўмовы іх працы:

«Сёньня, як і раней было, падпіска была ад горада Барысава. Я чытаў газэту „Барысаўскія навіны“. Журналісты абураюцца: чыноўнікі зь іх зьдзекуюцца, не даюць інфармацыю, маўчаць. Што мне, чытачу, пра гэту зьяву казаць? Барысаўскай чыноўнай знаці трэба закон аб друку чытаць».

Той жа наш слухач Валер Курневіч абураецца тым, як неразумна разьмяркоўваюць грошы беларускія ўлады:

«Па-кампанейску дужа хваляць Лукашэнку, аж вушы вянуць. Ён збудаваў вялікі лядовы палац „Мінск-Арэна“. Вялікія грошы на хакейныя арэны ў Швэцыі таксама ідуць. Толькі помніць трэба: там швэды ў некалькі разоў лепей за нас, беларусаў, жывуць. У нас пэнсіі малыя, а лекі дарагія. У інвалідаў-калек у лукашэнкаўскі век бываюць і чорныя дні такія, што хоць сам на могілкі паўзі».

Слухач зь Менску зьвяртае ўвагу на тое, што сёлета спаўняецца 648 гадоў бітве пры Сініх водах, дзе былі ўшчэнт разьбітыя татара-мангольскія войскі і вызвалена ад іх прыгнёту Ўкраіна, 600 год Грунвальдзкай бітве, 496 год Аршанскай бітве, дзе было разьбіта маскоўскае войска. І ў зьвязку з гэтым задае пытаньне:

«Шаноўныя барды Свабоды, дзе нашы песьні пра слаўныя перамогі нашых продкаў? Вельмі хочацца пачуць такую песьню ці песьні, якія б засьпяваў і школьнік, і сталага веку пэнсіянэр. Можа, тады б стала б менш месца для расейскай папсы, якую навязваюць нам Зімоўскія, Якубовічы і падобная хеўра».

Зьміцер Сідаровіч
На думку барда Зьмітра Сідаровіча, песень бардаўскіх гэткага кшталту — досыць. Іншая справа, што іх ня так лёгка пачуць на fm-хвалях, як згаданую расейскую папсу:

«Ёсьць досыць гэткіх песень. І зь нечаканым падыходам даволі шмат. Напрыканцы 90-х былі папулярныя песьні з такім „Гэй!“ А насамрэч падыходы могуць быць вельмі рознымі. Мне вельмі падабаецца творчасьць Рамана Абрамчука, маладога хлопца, прыкладам. То бок, я хачу сказаць, ня варта зацыклівацца на нейкіх распаўсюджаных клішэ, адной мэты можна дасягнуць вельмі рознымі шляхамі».

Грыша Кулік-Невяроўскі зь вёскі Доўгае Салігорскага раёну паведамляе пра немагчымыя ўмовы жыцьця:

«Сёньня, 31 студзеня, у маёй кватэры 12 градусаў цяпла. Ня лепшы стан у іншых жыхароў мястэчка. З панядзелка замарожаны і местачковы Дом культуры, не працуе. Супрацоўнікі раённага ЖКГ сьцьвярджаюць, што згодна з указам прэзыдэнта РБ Лукашэнкі пра эканомію паліўна-энэргетычных рэсурсаў Салігорскі райвыканкам зьменшыў на 10 градусаў тэмпэратурны графік цепланосьбіту. Ад гэтага замярзае ўвесь раён. Калі гэта так, то Лукашэнка рукамі райвыканкаму хоча забіць жыхароў мястэчка».

Але скончыць агляд тэлефанаваньняў слухачоў варта станоўчым водгукам Юрася зь Менску:

«Добры вечар, дзякуй што вы ёсьць. Глыток „Свабоды“ ніколі нікому не бывае шкодным ці залішнім, і тым больш апошнім. І як бы маразы ні ляскалі зубамі, ні круцілі завірухі, абавязкова прыйдзе вясна. І надыдзе васільковае лета».
XS
SM
MD
LG