Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд Менскага раёну пакараў Івана Міхайлава арыштам на тры месяцы, абвінаваціўшы яго ва ўхіленьні ад вайсковай службы. Ад 20 сьнежня Івана, верніка габрэйска-мэсіянскай суполкі, трымаюць пад вартай у Жодзінскім СІЗА. Праваабаронцы лічаць, што пакараньне Івана супярэчыць нормам Канстытуцыі і парушае закон аб свабодзе веравызнаньня. Актывісты кампаніі “За альтэрнатыўную службу” пачалі збор подпісаў у абарону Івана.

Судзьдзя Менскага раёну Аляксей Мініч заслухаў паказаньні кіраўніка прызыўной камісіі ваенкамату аб тым, што Іван Міхайлаў меў раней адміністрацыйныя пакараньні за ўдзел у акцыях апазыцыі. Паводле вайскоўца, гэта стала прычынай адмовы замяніць тэрміновую службу на службу ў рэзэрве.

Паводле артыкула 435 (ухіленьне ад службы ў войску) максымальна Івана маглі пакараць шасьцю месяцамі зьняволеньня. Прадстаўнік пракуратуры сп.Чараповіч папрасіў у суду для Івана толькі на адзін месяц меней.

Судзьдзя вырашыў арыштаваць хлопца на 3 месяцы, зь якіх ён ужо адседзеў палову тэрміну.

Маці Івана Тацяна Міхайлава, як толькі канваіры вывелі яе сына з судовай залі, сказала “Свабодзе”:

“Думала, што яго апраўдаюць і адпусьцяць дадому. Думаю, што суд ня сам вырашаў, а зьверху яму далі ўказаньне. Кіраўнік прызыўной камісіі сказаў, што Шаблыка — намесьнік старшыні выканкаму Менскага раёну, а таксама намесьнік кіраўніка міліцыі вырашылі накіраваць яго на тэрміновую службу, бо ён прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці за ўдзел у мітынгах.

Гэта стала прычынай, чаму яму адмовілі ў рэзэрвовай службе. А калі б ён, напэўна, скраў нешта ці напіўся, то, відаць, не адмовілі б”.

Бацька Івана Ўладзімер Міхайлаў абураўся прысудам:

“Майму сыну павінны былі даць узнагароду за тое, што ён дапамагае гэтай шматдзетнай сям’і ў такой сытуацыі. Я разумею, што ад крызісу пакутуе ўвесь сьвет. Але ў нас на ўтрыманьні шасьцёра дзяцей! Ён дапамагаў нам. Таму я лічу, што тут ня толькі рэлігійныя перакананьні, але й матэрыяльны клопат пра сям’ю.
Цяпер яго можна лічыць і вязьнем сумленьня, і як грамадзкага актывіста яго можна лічыць палітвязьнем”.

Што я магу сказаць? Дзякуй, дзяржава, за клопат пра шматдзетную сям’ю! За рэпрэсіі супраць нас!”

Сам Іван нічога ня мог сказаць. Ягоныя дзьве сястры ня вытрымалі і заплакалі ў калідоры, калі Івана ў кайданках правялі міма іх.

Сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Аляксей Шэін сачыў за ходам суду.

“Дзяржава груба парушае закон на свабоду сумленьня. Адназначна, цяпер яго можна лічыць і вязьнем сумленьня, і, думаю, як грамадзкага актывіста яго можна лічыць палітвязьнем”.

Лідэр грамадзянскай кампаніі “За альтэрнатыўную службу” Міхаіл Пашкевіч таксама быў на судзе:

“Мы чакаем, што такіх прысудаў цяпер будзе шмат. Укамплектаваньне войска стала вялікай праблемай для дзяржавы. Такія працэсы над ухілістамі робяцца для дзяржавы знакавымі.

Мы бачым, што БТ не прыехала на гэты суд, бо тут ім няма чаго рабіць. Сымпатыі і судзьдзі, і пракурора — на баку сям’і і Івана”.

Актывісты кампаніі “За альтэрнатыўную службу ў Беларусі” пратэстуюць супраць арышту Івана Міхайлава і распачынаюць збор подпісаў пад зваротамі да генэральнага пракурора, старшыні Вярхоўнага суду, старшыні Канстытуцыйнага суду і старшыні Палаты прадстаўнікоў.
XS
SM
MD
LG