Лінкі ўнівэрсальнага доступу

105 прадстаўнікоў палітычных партый увайшлі ў склад тэрытарыяльных выбарчых камісій, якія будуць працаваць падчас мясцовых выбараў. Гэта менш за 1% ад усяго колькаснага складу выбаркамаў. 34,4% складаюць сябры грамадзкіх аб’яднаньняў. Пра гэта заявіла старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына на прэс-канфэрэнцыі па выніках фармаваньня тэрытарыяльных выбарчых камісій, якое завершана 29 студзеня. У ЦВК кажуць, што не абышлося бяз скаргаў.

Камісіі ўтвораны ў стопрацэнтным складзе. Заяўка палітычных партый задаволена на 90%. Фактычна поўнасьцю прайшлі сябры КПБ — ажно 75. З апазыцыйных партый найбольш сяброў “Справядлівага сьвету” — 9 чалавек, гэта крыху меней за палову ад заяўкі. З 14-ці сяброў АГП прайшло толькі 4, з васьмі сяброў БСДГ — толькі 2. Ніводзін з шасьцёх сяброў Партыі БНФ ня ўключаны ў выбаркамы. Лідзія Ярмошына назвала некалькі прыкладаў парушэньня партыямі прынцыпу адпаведнасьці. То бок абласная арганізацыя мае права вылучаць толькі ў абласны выбаркам, раённая — у раённы.

“З-за яго невыкананьня шэраг палітычных партый, прычым апазыцыйных, не змаглі правільна вылучыць сваіх прадстаўнікоў у склады выбаркамаў. А цяпер, як звычайна, абвінавачваюць уладу. Менская абласная арганізацыя БНФ адначасова вылучыла на сваім пасяджэньні прадстаўнікоў у склад абласнога выбаркаму, раённых і гарадзкіх. Гэтак жа зрабіў шэраг партый у Магілёўскай вобласьці. Таму абсалютна правамерна ўказаныя асобы і не маглі быць уключаны ў склад камісій, нават калі б абласныя савет і выканкам прынялі палітычнае рашэньне і вырашылі задаволіць усе заяўкі”.
Мяне не цікавіць палітыка. Мяне цікавіць дакладнае выкананьне Выбарчага кодэксу.

Чаму так мала прадстаўнікоў апазыцыйных партый уключана ў склад камісій? На гэтае пытаньне карэспандэнта “Свабоды” Лідзія Ярмошына сказала, што яны дапусьцілі памылкі.

“Чаму не ўвайшлі — я не зьбіраю такой інфармацыі. Мяне не цікавіць палітыка. Мяне цікавіць дакладнае выкананьне Выбарчага кодэксу. Паколькі доказаў таго, што адбыліся нейкія парушэньні закону, няма, а калі будуць, мы ўстановім, то самі паправім. У мяне няма ніякіх прэтэнзій да органаў, якія ўтваралі камісіі”.

Аднак Лідзія Ярмошына сказала, што “пакрыўджаныя” ўжо ёсьць. Паступіла копія скаргі ад адной з апазыцыйных партый па Гомельскай абласной і гарадзкой выбарчых камісіях. Інфармацыя па колькасьці скаргаў, пададзеных у суд, будзе пазьней.

“Гэта псэўдагульня ў псэўдаюрыспрудэнцыю. Бо ведаюць, што ў суд трэба падаваць. Не, пішуць усё гэта наверх. І копіі да нас. Больш за тое, так ужо вырашылі павумнічаць, што складаюць як пазоў, дзе аблвыканкам і абласны Савет называюць зацікаўленымі асобамі. Сьмешна чытаць, перад кім так вумнічаюць. Робіцца гэта адмыслова, каб потым сказаць, што не ўлічылі, ня так правялі”.

34,4% сяброў камісіяў складаюць сябры найперш праўладных грамадзкіх аб’яднаньняў — прафсаюзаў, БРСМ, “Белай Русі” і Беларускага саюзу жанчын. Дзяржаўныя службоўцы ў камісіях складаюць 8,5%. Таксама ўключана 6 грамадзянаў Расеі. Але асноўная частка — гэта жанчыны. Маўляў, у гэтых выбараў таксама будзе “жаночы твар”.

На выбарах трэба абраць 21 300 дэпутатаў у 1495 мясцовых саветаў. У камісіях будуць працаваць 11 697 грамадзян. Зь іх 35,3% — прадстаўнікі палітычных партый і грамадзкіх аб’яднаньняў.

Наступны этап кампаніі — утварэньне выбарчых акругаў. Да 4 лютага межы акругаў будуць апублікаваныя. Да 9 лютага будуць утвораны акруговыя выбаркамы па выбарах дэпутатаў абласных Саветаў і 9 раённых камісій у Менску.

Вылучэньне кандыдатаў пачнецца ад 14 лютага. Але ўжо пасьля апублікаваньня сьпісу выбарчых акругаў можна прыйсьці з заявай аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. Зьбіраць подпісы можна толькі ад 14 лютага.

Да гэтага дня выканкамы павінны прыняць рашэньне, у якіх месцах нельга арганізоўваць пікеты па зборы подпісаў. Калі такое рашэньне ня будзе прынятае, то пікеты можна праводзіць усюды. Падчас пікету нельга раздаваць друкаваную прадукцыю.

Кандыдат у дэпутаты абласнога савету атрымае 280 тысяч рублёў на друк улётак, а бясплатна — памяшканьне для сустрэчаў і радыё для выступу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG