Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы з грамадзкіх арганізацыяў “Вясна” і “Беларускі Хэльсынскі камітэт” абвясьцілі пра пачатак кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Арганізатары акцыі заяўляюць, што парушэньні дзейнага выбарчага заканадаўства ўжо выяўленыя на стадыі фармаваньня тэрытарыяльных выбарчых камісій, а выбарчая кампанія праходзіць у атмасфэры страху.


Праваабарончы цэнтар “Вясна” і “Беларускі Хэльсынскі камітэт” сваім маніторынгам маюць на мэце кампэнсаваць адсутнасьць назіраньня з боку міжнародных арганізацый, якія традыцыйна не кантралююць мясцовыя выбары. Але галоўным чынам — засьведчыць, ці паўплываюць зьмены выбарчага заканадаўства на дэмакратычнасьць выбараў, паведаміў старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак:
Алег Гулак

“Як вядома, і паводле нашых высноваў, і паводле міжнародных назіральнікаў, у тым ліку АБСЭ, папярэднія выбары, і ня толькі парлямэнцкія, прызнаваліся недастаткова дэмакратычнымі з гледзішча і заканадаўства, і практыкі іх правядзеньня. Гэтая выбарчая кампанія адметная тым, што яна адбываецца паводле зьмененага Выбарчага кодэксу. І гэты маніторынг робім найперш з акцэнтам — як зьмены будуць уплываць на выбарчы працэс”.

Маніторынг будзе праводзіцца ў 20 буйных гарадах краіны і разьлічаны на доўгатэрміновую пэрспэктыву: плянуецца кантроль выбарчай кампаніі на ўсіх этапах яе правядзеньня. Ужо пры фармаваньні тэрытарыяльных выбарчых камісій праваабаронцы зафіксавалі парушэньні дзейнага заканадаўства, кажа юрыст “Вясны” Валянцін Стэфановіч:
Валянцін Стэфановіч

“Інфармацыя ўжо паступае зь месцаў, і вядома, што ў тры абласныя выбарчыя камісіі ўвайшлі тры прадстаўнікі дэмакратычных палітычных партый — ад АГП і “Справядлівага сьвету”. І таксама вядома, што ў многіх рэгіёнах прадстаўнікі дэмакратычных партый не ўвайшлі ў камісіі. Вельмі шмат сыгналаў зь месцаў пра тое, што органы, якія стваралі камісіі, не інфармавалі суб’екты, якія вылучалі сваіх прадстаўнікоў, пра час і месца правядзеньня паседжаньняў. Такім чынам, вылучэнцы ня здолелі прысутнічаць на паседжаньнях і не маглі кантраляваць ход фармаваньня камісіяў. Хаця выбарчы кодэкс зараз наўпрост паказвае на такую магчымасьць”.

Праваабаронцы таксама адзначаюць, што фармаваньне выбарчых камісій паводле прынцыпу траціны ад грамадзка-палітычнага сэктара краіны не паўплывала на прысутнасьць у іх прадстаўнікоў дэмакратычнага блёку. Бо перадусім у склад камісій абіраліся прадстаўнікі праўладных грамадзкіх арганізацый — такіх, як БРСМ, “Белая Русь”, вэтэранскіх і да т.п. Як лічыць кіраўнік “Вясны” Алесь Бяляцкі, выбарчая кампанія пачалася ў атмасфэры страху:
Алесь Бяляцкі

“Я б хацеў сказаць пра атмасфэру страху, якая на сёньня існуе ў беларускім грамадзтве. Мы канстатуем, што, фактычна, кожны месяц мы сьведчылі пра факты звальненьня грамадзкіх і палітычных актывістаў з працы. У малых мястэчках гэта ставіць чалавека і ягоную сям’ю на мяжу выжываньня. Гэта ж тычыцца і актыўных студэнтаў. Таксама нагадаю апошні абуральны факт, калі настаўнікаў выклікалі ў Менскі аблвыканкам і загадалі выйсьці з палітычных партый. Такія ініцыятывы дзясяткамі праяўляюцца ў рэгіёнах, а цэнтральныя ўлады заахвочваюць дэпалітызацыю беларускага грамадзтва. Таму гэтая кампанія не выклікае, на жаль, зацікаўленасьці ў беларускіх выбаршчыкаў. І ёсьць небясьпека, што людзей ізноў на гэтыя выбары будуць заганяць”.

Праваабаронцы таксама заяўляюць, што на актыўнасьць дэмакратычных актывістаў адмоўна паўплывала адсутнасьць рэгістрацыі ў рэгіянальных суполак палітычных партый і грамадзкіх арганізацый.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG