Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бандарэнку зноў абвінавачваюць у крадзяжы 180 мільёнаў рублёў


Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка

У Першамайскім судзе Менску пачаўся новы працэс па справе прадпрымальніка Андрэя Бандарэнкі, якога падазраюць у крадзяжы больш як 180 мільёнаў рублёў.

Схуднелы і коратка стрыжаны, у цёплым швэдры і ў вялікіх зімовых чаравіках – гэтак выглядае на новым працэсе Андрэй Бандарэнка,
прадпрымальнік, які ў 2008 годзе безвынікова спрабаваў абірацца ў парлямэнт, а пасьля гэтага апынуўся на лаве падсудных нібыта за крымінальныя злачынствы. У кастрычніку Бандарэнку ўжо прызнавалі вінаватым у крадзяжы больш як 170 мільёнаў рублёў, але прысуд быў адменены, і сёньня ў Першамайскім судзе пачаўся новы разгляд справы. Пракуратура настойвае на ранейшым абвінавачаньні, а прадпрымальнік па-ранейшаму сваёй віны не прызнае. Вось што Андрэй Бандарэнка заявіў сёньня ў судзе:

“Не, я ня краў гэтых грошай і скрасьці ня мог, бо мае службовыя абавязкі кансультанта не давалі такой магчымасьці”.

Нагадаю, да арышту ў траўні 2009 году Андрэй Бандарэнка працаваў кансультантам фірмы “Белвысотстройгрупп”, у якой раней быў сузаснавальнікам, але адмовіўся ад гэтага статусу, калі вырашыў заняцца палітычнай дзейнасьцю.

Сьледчыя органы, аднак, мяркуюць, што насамрэч Андрэй Бандарэнка працягваў кіраваць фірмай і нібыта скраў 180 мільёнаў рублёў. Паводле сьледчых, гэта рабілася празь фіктыўныя дамовы з фірмамі-пастаўшчыкамі будаўнічых матэрыялаў і абсталяваньня. Нібыта “Белвысотстройгрупп” паводле гэтых дамоў пералічваў фірмам грошы, тыя нічога насамрэч не пастаўлялі, а грошы гатоўкаю перадавалі Андрэю Бандарэнку.

Адметна, што сьледзтва гэтак і ня высьветліла, хто дакладна перадаваў грошы Бандарэнку і дзе цяпер тыя мільёны. Па 6 эпізодах, якія дасьледавала сьледзтва, грошы нібыта “перадавалі нявысьветленыя асобы”. Пэўных дакумэнтаў у справе таксама не фігуруе. Затое ёсьць ноўтбук Андрэя Бандарэнкі, у якім, паводле сьледзтва, прадпрымальнік вёў “чорную бухгальтэрыю”, якая і даказвае ягоныя злачынствы. Андрэй Бандарэнка на гэта заяўляе, што вёў у ноўтбуку ўлік асабістых выдаткаў, а ня “чорную” бухгальтэрыю фірмы. Прадпрымальнік прызнаў у судзе, што пэўныя праблемы ў дзейнасьці “Белвысотстройгрупп” былі, у тым ліку не выконваліся некаторыя дамовы на будаўніцтва, але яны, паводле Бандарэнкі, “тлумачацца гаспадарчымі памылкамі, а не злачынствамі”. Сам жа Бандарэнка, як кансультант, ня можа несьці адказнасьці за гэтыя дзеяньні.

Старшынюе на судзе Тацяна Равінская. Назіральнікі ўжо адзначылі, што яна імкнецца весьці працэс аб’ектыўна. Вось як пракамэнтаваў пачатак працэсу адвакат Бандарэнкі Зьміцер Лаеўскі:

Палітык Аляксандар Дабравольскі і адвакат Зьміцер Лаеўскі
“Пачатак суду абсалютна спакойны, нармальны. Што далей, будзе бачна, але на дадзены момант я задаволены тым, як праходзіць працэс. Пакуль я бачу рэалізацыю тых асноўных прынцыпаў вядзеньня працэсу, якія замацаваныя ў законе. Што да нашай пазыцыі, яна застаецца нязьменнай: Бандарэнка невінаваты, і мы гэта будзем даказваць”.

Бацька падсуднага Валер Бандарэнка адзначыў, што па першай жа заяве судзьдзя дазволіла яму сустрэцца з сынам, чаго раней суд не дазваляў:

Валянціна Палявікова і бацька Андрэя Валер Бандарэнка
“І мне, і дачцэ спатканьне адразу прызначылі, мы зь ім сустракаліся без праблем. Мяркую, гэта ўжо добры знак”.

Працэс адновіцца 3 лютага, будуць дапытвацца сьведкі, абвясьціла судзьдзя Равінская.

Шмат хто зь ліку апазыцыі і беларускіх праваабаронцаў мяркуе, што гэтая справа мае палітычны падтэкст, паколькі Бандарэнка — сябра АГП, а перасьледаваць яго пачалі пасьля ўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах 2008 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG