Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нафтавая спрэчка Беларусі і Расеі завершаная : ці варта было пачынаць, хто выйграў і што наперадз. Мясцовыя выбары і тактыка апазыцыі: разам ці паасобку, за што агітаваць выбаршчыкаў, што зробяць улады.


Гэтыя тэмы – ў чарговым “Тыдні з Радыё Свабода”, які вядзе дырэктар беларускай службы радыё Аляксандар Лукашук. У перадачы ўдзельнічаюць аналітыкі Юры Дракахруст і Ян Максімюк, карэспандэнт Свабоды Ўладзімер Глод, прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Руху за Свабоду Леў Марголін і Юрась Губарэвіч.



Лукашук: 4 тыдні без аднаго дня працягваўся беларуска-расейскі нафтавы канфлікт. І вось нарэшце ўвечары 27 студзеня ў Маскве віцэ-прэм’еры ўрадаў Беларусі і Расеі Ўладзімер Сямашка і Ігар Сечын падпісалі пакет пагадненьняў, якія вырашаюць спрэчную сытуацыю. У той жа дзень увечары расейскі тэлеканал Расея-24 вёў прамую трансьляцыю са справаздачы Сечіна прэзыдэнту Расеі Дзьмітрыю Мядзьведзеву наконт вынікаў перамоваў з Беларусьсю. Пра што ж дамовіліся бакі? Юры

Дракахруст: Вынікі перамоваў наступныя:

1. Беларусь бяз мыта будзе атрымліваць 6 мільёнаў 300 тысячаў тон нафты. Уладзімер Сямашка заявіў, што беларускі бок здолеў выбіць менавіта столькі, а не 5 мільёнаў, як меркавалася папярэдне. Аднак лічба 6.3 мільёна тон бязмытных паставак фігуравала ў апошнія тыдні ва ўсіх заявах расейскіх прадстаўнікоў

2. Ня будзе абкладацца мытам так званая давальніцкая нафта: тая, зь якой на беларускіх НПЗ робяць нафтапрадукты і адпраўляюць у Расею. З тлумачэньняў спадара Сямашкі вынікае, што гэта – посьпех беларускага боку.

3. Беларусь дамаглася, што ў верасьні аб’ем бязмытнай нафты, які яна атрымае, можа быць скарэктаваны. Калі тэмпы росту беларускай эканомікі будуць больш высокімі, чым прагназуецца зараз, то і аб’емы бязмытных паставак для ўнутраных патрэбаў могуць быць павялічаныя.

4. Сямашка і Сечын падпісалі заяву аб гарантыях бесперабойнага транзыту нафты праз Беларусь у Эўропу. Пагроза, што пры спыненьні паставак Беларусь пачне адкачваць транзытную нафту, ўвесь час лунала ў паветры і непакоіла эўрапейскіх спажыўцоў. Менавіта такой гарантыі дамагаўся Мядзьведзеў у сваім лісьце да Лукашэнкі.

5. Падвышаецца стаўка тарыфу за транзыт. Але толькі на 11%.

Дарэчы, Ўкраіна у выніку падобнага канфлікту з Расеяй напрыканцы мінулага году дамаглася падвышэньня стаўкі тарыфу на 22%, пры тым, што ён і раней быў удвая болей, чым у Беларусі. Але падлікі паказваюць, што гэтая перамога – гэта па грашах сьлёзы, дзесяткі мільёнаў выйгрышу. А страты ад падзеньня даходаў ад экспарту нафтапрадуктаў будуць мільярдныя.

Варта таксама зьвярнуць увагу на словы Ўладзімера Сямашкі, што ва ўмовах Мытнага саюза дасягнутыя сёньня ў Маскве дамоўленасьці "не змогуць доўга жыць" па аб'ектыўных прычынах.

Сапраўды, калі на зьнешняй мяжы мытнага саюзу, гэта значыць у прыватнасьці на заходняй мяжы Беларусі паўстане супольны мытны кантроль, то расейцы могуць прадаваць Беларусі бяз мыта ўсю нафту, ўсё роўна тады даход ад беларускага экспарту нафтапрадуктаў будзе трапляць большай часткай у расейскую, а не ў беларускую казну. Але калі і ці гэта будзе.

Так выглядае, што беларускі бок саступіў значна больш, чым расейскі. На сымбалічным узроўні ўласна і незразумела, што ж саступілі расейцы ў параўнаньні з сытуацыяй на 31 сьнежня 2009 году.

Усё астатняе – словы. Да верасьня трэба яшчэ дажыць. Калі беларуская эканоміка будзе разьвівацца вар’яцкімі тэмпамі, то тут абяцаньне расейцаў будзе дарэчным. Але сёлета гэтае “вар’яцтва” вылілася ў 0.2%. Паводле спадара Сямашкі паводле прагнозу сёлета чакаецца рост у 10-11%. Ну, марыць ня шкодна, ў жыцьці заўсёды ёсьць месца цуду.

Тое ж і наконт мытнага саюзу. Калі яго ўмовы ўвойдуць у моц цалкам, то і сапраўды мыта з паставак нафты здымуць. Але даход ад экспарту нафтапрадуктаў адбяруць на мяжы і Беларусь яго ўсё роўна не ўбачыць. Ну а калі з мытным саюзам не атрымаецца, то 6.3 мільёнаў бяз мыта, а астатняе – зь ім, праклятым. Паводле ацэнкі эканаміста Яраслава Раманчука гэта чыстыя страты ў памеры 2.5 мільярды даляраў.

Лукашук: Ян, як вы мяркуеце, якімі будуць міжнародныя наступствы пагадненьняў, якія былі прынятыя 27 студзеня ў Маскве? З аднаго боку, Эўропа можа ўздыхнуць з палёгкай, адключэньне нафтавага патоку ня будзе. З другога боку, вы мінулым разам цытавалі заходніх экспэртаў, якія пісалі пра небясьпеку перамогі Расеі ў гэтым канфлікце. Ну па меншай меры паводле трактоўкі Юрыя атрымліваецца, што яна і перамагла.

Максімюк: Для эўрапейскіх краінаў наступствы гэтага кроку могуць быць дваістыя. Па-першае, уздыхнуць з палёгкай тыя краіны, у якія празь Беларусь ідзе расейская нафта, то бок, перад усім Польшча і Нямеччына. Як трэба разумець, у гэтым пагадненьні Беларусь гарантавала, што транзыт расейскай нафты на захад будзе адбывацца бесьперабойна. Па-другое, расейскае мыта на нафту, якую перапрацоўваюць беларускія нафтазаводы для перапродажы нафтапрадуктаў на біржы ў Ратэрдаме ці дзе там яны насамрэч прадаюцца, можа якраз зьмяніць цэны нафтапрадуктаў у Эўропе, і то хутчэй у бок іх павышэньня, чым зьніжэньня. Бо цяжка сабе ўявіць, што Беларусь стане прадаваць іх па ніжэйшай цане цяпер, калі Расея абклала мытам нафтавую сыравіну.

Што тычыцца небясьпекі, пра якую гаварылі некаторыя заходнія экспэрты ў сувязі зь беларуска-расейскай нафтавай спрэчкай, дык яна зьвязаная перш за ўсё з расейскім кантролем за энэргапатокамі на постсавецкай прасторы. Захад баіцца поўнага расейскага кантролю над энэргатранспартнай інфраструктурай у Беларусі. Кажучы канкрэтна, Захад баіцца сытуацыі, калі Расею будзе кантраляваць беларускія нафтавыя і газавыя трубы ды перасылку электраэнэргіі. Гэткая небясьпека у выніку нафтавага пагадненьня ніякім чынам не паменшылася, а хутчэй за ўсё — узрасла. Бо як ацэньваюць экспэрты, Беларусь у выніку можа не даатрымаць 2,5-3 мільярды даляраў на год. Прыйдзецца нешта прадаваць, каб знайсьці гэтую суму. Магчыма, што і нафтавую трубу.

Лукашук: У гэтыя дні пасьля чатырох тыдняў канфлікту нашы слухачы і чытачы пішуць і звоняць са сваімі адказамі на пытаньне – хто перамог? Перамагла імпэрыя, незалежнасьць Беларусі дажывае апошнія месяцы, гэта канец сувэрэнітэту – як бы вы пракамэнтавалі такія ацэнкі?

Дракахруст: Ну я б устрымаўся ад такога алярмізму – незалежнасьць дажывае апошнія дні. 2.5 мільярды – гэта вялікія грошы, але зусім не крытычныя. Ніякай катастрофы ад страты гэтых грошай не адбудзецца.

Яшчэ больш недарэчная выснова – наконт канца сувэрэнітэту. Наадварот гэта крок да яго. Цяпер Расея будзе гандляваць з Беларусьсю нафтай на тых жа ўмовах, як з Польшчай, Літвой ці Нямеччынай. Дык гэта наадварот – прызнаньне беларускага сувэрэнітэту. Праўда, за сувэрэнітэт трэба плаціць. Ну дык усе і плацяць. І Беларусь будзе плаціць.

Максімюк: Для незалежнасьці Беларусі трэба, каб яна плаціла Расеі рынкавую цану за энэрганосьбіты і такім чынам раз і назаўсёды пазбавілася ад эканамічнага шантажу з боку Масквы. Я ня думаю, што гэты канфлікт наблізіў нейкім чынам канец незалежнасьці Беларусі. Ён хутчэй, яшчэ раз нагадаў, дзе знаходзіцца ахілесава пята беларускай незалежнасьці. І што за незалежнасьць прыйдзецца рана ці позна плаціць усім беларусам.



Лукашук: У Беларусі пачалася выбарчая кампанія. На гэтым тыдні ўжо завяршаецца фармаваньне тэрытарыяльных выбарчых камісіяў, да аўторка палітычныя партыі, грамадзкія арганізацыі, працоўныя калектывы і грамадзяне праз збор подпісаў маглі вылучыць сваіх прадстаўнікоў у склад гэтых камісіяў. Да 8 лютага павінны быць створаныя акруговыя камісіі, да 10 сакавіка – ўчастковыя.

Прадстаўніцтва апазыцыі ў выбарчых камісіях – важны індыкатар справядлівасьці і дэмакратычнасьці выбараў, і што вызначылася, наколькі зьмяніў сытуацыю зьмены ў выбарчы кодэкс, унесеныя напрыканцы мінулага году?

Дракахруст: Канчатковых, зводных вынікаў па краіне пакуль няма, але ёсьць паказальныя выпадкі адмоваў.

У магілёўскую абласную камісію апазыцыйныя палітычныя партыі вылучылі трох сваіх прадстаўнікоў – ад БНФ, ад “Справядлівага сьвету” і ад АГП. Усім адмова. Камісія ад апазыцыйнага духу вольная.

У Гомелі ў гарадзкую тэрытарыяльную камісію былі вылучаныя прадстаўнікі: АГП – ад партыі, і ад незарэгістраванай Беларускай Хрысьціянскай дэмакратыі – праз збор подпісаў. Адхілілі абодвух. Літара новага выбарчага кодэксу захаваная – з 13 сябраў камісіі траціна – ад партый і грамадзкіх арганізацыяў: праўладнай кампартыі, БРСМ, афіцыйных прафсаюзаў і вэтэранскіх арганізацыяў. Як заўжды.

Гэтак жа фармавалася віцебская гарадзкая камісія. З 13 чалавек пяцёра – сябры БРСМ, ветэранскай арганізацыі, аб’яднаньня былых воінаў-афганцаў “Братство”, жаночых суполак праўладнага накірунку і КПБ.

Вылучэнцы БХД, “Справядлівага сьвету”, БНФ і “Грамады” ў камісію не патрапілі.

Лукашук: Па гэтых першых этапах выбарчай кампаніі – ці можна спрагназаваць, як, паводле якога сцэнару яна пойдзе далей? Ян

Максімюк: Гэта, на жаль, хутчэй за ўсё сыгнал таго, што ўсё пакуль што адбываецца так як звычайна. Адзінкавых прадстаўнікоў апазыцыі, як думаю, недзе ўключаць у тэрытарыяльныя і акруговыя камісіі, але ўжо відаць, што кантроль над лічэньнем – ці нелічэньнем – галасоў па-ранейшаму ўлады хочуць пакінуць у руках людзей з арганізацый ляяльных да рэжыму.

Лукашук: А з чым ідзе на выбары апазыцыя? Якую стратэгію абірае, якія ідэі хоча данесьці да выбаршчыкаў? Гэтыя пытаньні мы задалі кіраўнікам выбарчых штабоў дзьвюх апазыцыйных аб”яднаньняў – Аб’яднай Грамадзянскай партыі і Руху “За Свабоду”.

Вось меркаваньне Льва Марголіна з Аб’яднанай грамадзянскай партыі

Марголін: Трэба сказаць, што Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы яшчэ ў мінулую кампанію 2007 года ішлі пад такім агульным лёзунгам “Кантроль за ўладай”. Гэты лёзунг застаецца і цяпер, бо ўсе нашы беды, усе нашы хібы ад таго, што няма ніякага дзейснага кантролю за ўладай. Гэта датычыцца і эканомікі, і аховы здароўя, і ўсяго, што тычыцца нашага грамадзтва.

Што датычыцца агульнага сьпісу, то гэтае пытаньне задаюць часьцей за ўсё, але яно ня вельмі актуальнае. Па-першае, гэта ўсё ж такі мясцовыя выбары, а па-другое, гэта можа быць актуальным толькі для Менску ці для шэрагу абласных цэнтраў, і я думаю, што абласныя кааліцыі змогуць вырашыць гэтае пытаньне, калі гэта давядзецца вырашаць – па абласьцях ён будзе дакладна”.

Лукашук: Калі кантроль за ўладай – галоўны лёзунг АДС, дык прадстаўнік Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч гаворыць пра прыцягненьне эўрапейскіх рэсурсаў

Губарэвіч: Перш за ўсё, рух “За Свабоду” паставіў задачу на гэтых выбарах працаваць на рэальную перамогу. Мы не зьбіраемся гнацца за колькасьцю кандыдатаў, мы зьбіраемся працаваць з тымі людзьмі, якія ўжо маюць пэўны досьвед, маюць пэўную геаграфію, вядомыя выбарцам на сваіх акругах, ведаюць, што сказаць, што прапанаваць гэтым выбарцам. Тыя людзі, зь якімі мы працуем, ужо ня першы год займаюцца грамадзкай дзейнасьцю, яны дапамагалі сваім выбарцам, жыхарам пэўнай акругі ў вырашэньні тых ці іншых праблем, зьвязаных з камуналкай, зьвязаных з дзеяньнем мясцовых уладаў, яны напрацавалі аўтарытэт. Я лічу, што гэта будзе добрай базай для таго, каб атрымаць падтрымку на бліжэйшых выбарах у мясцовыя саветы.

Нам ёсьць, што прапанаваць людзям у сувязі з цяперашняй палітычнай сытуацыяй. Мы лічым, што рана ці позна Беларусь атрымае доступ да эўрапейскіх рэсурсаў, эўрапейскай дапамогі, і перадусім гэтая дапамога можа пайсьці на вырашэньне рэгіянальных праблемаў. Тыя людзі, якія будуць прэзэнтаваць рух на выбарах, маюць досьвед, маюць веды, як падобная дапамога рэалізоўвалася ў суседніх краінах на базе канкрэтных прыкладаў. Яны удзельнічалі ў стажыроўках. І я лічу, што стаўшы дэпутатам, яны хутчэй, чым сёньняшнія чыноўнікі, прыцягнуць рэсурсы для разьвіцьця рэгіёнаў і вырашэньня канкрэтных лякальных праблемаў.

Пытаньне ў тым, наколькі магчыма аб’яднаньне ў межах БНБ, вядзецца праца над стварэньне адзінага сьпісу. Мы максымальна пастараемся пазьбегнуць сытуацыі дубляваньня кандыдатаў па акрузе. Мы лічым, што нашы прапановы павінен даносіць адзін кандыдат для кожнай акругі, каб была пэўная акцэнтацыя ўвагі на гэтага чалавека і на ягоныя ідэі. Магчыма, будзе супрацоўніцтва таксама і з некаторымі іншымі палітычнымі сіламі, якія блізкія да нас па поглядах і па пазыцыях. Аднак ёсьць частка апазыцыйных сілаў Беларусі, зь іншай пазыцыяй у пытаньні геапалітычнага выбару Беларусі, і як бы ні падавалася гэтае пытаньне далёкім да мясцовай праблематыкі, але гэта ўсё зьвязана.

Тое ж пытаньне, дзе будзе Беларусь, з кім яна будзе разьвіваць адносіны ці з Эўропай ці з Расеяй, пытаньне падпісаньня мытнага саюзу, адбіваецца на нейкіх канкрэтных рэчах, блізкіх кожнаму беларусу. Напрыклад, падвышэньне пошлінаў на імпартныя аўтамабілі. Мы пытаньне гэта будзем ставіць дастаткова востра і выкарыстоўваць падчас выбарчых кампаній. Кандыдаты ад руху “За Свабоду” і партыі БНФ сканцэнтраваліся на гэтай праблеме. Але ў гэтай справе я лічу, што тыя партыі, якія выступаюць за моцнае супрацоўніцтва з Расеяй, за саюз з Расеяй, у тым ліку і за мытны саюз, натуральна пастараюцца гэтыя праблемы абысьці ў сваіх праграмах. Тут ёсьць разыходжаньні, што, канешне, дэманструе наяўнасьць розных тактык у дачыненьнях з выбарцамі. Таму казаць пра нейкае аб’яднаньне, пра нейкі адзіны message вельмі складана.

Лукашук: Мы ўжо чулі пляны выбарчай кампаніі, выкладзеныя прадстаўнікамі двух апазыцыйных блёкаў, двух плыняў – Аб’яднаных дэмакратычных сілаў (АДС) і Беларускага незалежніцкага блёку (БНБ). На мінулым тыдні ў Менску адбылося паседжаньне Палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Пра свае ўражаньні ад гэтай нарады, распавядае наш карэспандэнт Уладзімер Глод, які прысутнічаў на пасяджэньні.

Глод: Назіраючы ўжо шмат гадоў за беларускай апазыцыяй, я не памылюся, калі скажу: самая папулярная тэма ў апазыцыйным асяродку – яднаньне. Кожны апазыцыйны палітык як заклінаньне штораз паўтарае: адзіная альтэрнатыва ўладнай дыктатуры – гэта яднаньне ўсіх дэмакратычных сілаў. Так вялося, пачынаючы яшчэ ад першай кааліцыі “Пяцёрка+” , і цягнецца дагэтуль. Ды і нават сама абрэвіятура АДС расшыфроўваецца як “Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы”.

Але ж рэальнага аб’яднаньня, як не было раней, так няма і сёньня. Існуюць і АДС, і Беларускі незалежніцкі блёк. Няма поўнага паразуменьня нават унутры кааліцыі АДС. Кіраўнікі руху “За свабоду” і Эўрапейскай кааліцыі цьвердзяць, што яны з АДС выйшлі.

Увогуле, калі напачатку стварэньня Аб’яднаных дэмсілаў у іх было 14 суб’ектаў, то цяпер застаецца – 11. Як кажуць, з лічбамі нельга спрачацца.

Але вось другая лічба – 28. Менавіта столькі суб’ектаў супольна працуюць у рэгіёнах. І, што самае галоўнае, знаходзяць паміж сабою паразуменьне. Мабыць, таму, што глядзяць на жыцьцё трохі інакш, чым у сталіцы. У рэгіёнах няма такіх абвостранага спаборніцтва за права стаць першым. Там разумеюць, што кандыдата ў прэзыдэнты на раёне шукаць ня будуць. Таму і працуюць спакойна, усе разам.

У Менску ж – інакш. Тут кожны прыглядае за іншым. І думае: а я хіба горшы? Адсюль і спрэчкі, адсюль і бясконцыя размовы, што ў розных суб’ектаў розныя правы, што няма ратацыі на пасадах. І велізарны замах – на “глябальнасьць”. Вось, напрыклад, у абноўленай стратэгіі АДС сьцьвярджаецца, што на мясцовых выбарах апазыцыі трэба пераходзіць ад сацыяльных пытаньняў да палітычна-сацыяльных.

А актывісты з рэгіёнаў кажуць пра зусім іншае. Скажам, Сяргей Абразоўскі з Менскай вобласьці цьвердзіць, што людзі, звычайныя людзі, а не актывісты пацягнуліся да абласных АДС толькі апошнім часам. Пацягнуліся таму, што ў вобласьці дэмсілы зьмянілі акцэнты: пачалі найперш займацца праблемамі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, экалёгіі, зьніжэньня заробкаў. І выбарцаў сапраўды гэта закранае. Бо гэта для іх балюча. Паступова, лічыць Сяргей Абразоўскі, да іх дойдзе і галоўнае – трэба актыўна змагацца за свае правы, трэбы мяняць уладу.

Лукашук: А як экспэрты – сацыёлягі, палітолягі, ацэньваюць агульную сацыяльна-палітычную сытуацыю ў краіне? Наколькі вялікі пратэстны патэнцыял?

Дракахруст: Складана сказаць. З аднаго боку, крызіс працягваецца. Зь іншага боку паводле дадзеных сацыялягічных дасьледваньняў грамадзтва адрэагавала на крызіс збольшага “паніжальнай адаптацыяй”, як кажуць сацыёлягі, ростам сацыяльнай апатыі, прыхільнасьцю лёзунгу –“кожны за сябе”. Хаця да мясцовай улады, а зараз пераабіраецца менавіта яна, ў людзей ёсьць даволі шмат прэтэнзіяў. Так што роўнадзейную тут вымерыць даволі складана.

Лукашук: Калі шанцаў на посьпех на мясцовых выбарах няшмат, калі і гэтым разам падлік галасоў будзе рабіцца як заўжды, можа ёсьць сэнс у байкоце такіх выбараў, як тое прапануюць некаторыя партыі?

Максімюк: Выбары ў мясцовыя саветы, нават калі выбарчы працэс поўнасьцю кантралюецца рэжымам, а самі саветы ніжэйшага ўзроўню маюць невялікія ці нават уяўныя паўнамоцтвы, усё ж маюць сэнс для апазыцыі. Перш за ўсё для маладога пакаленьня апазыцыйных дзеячоў, бо мясцовыя выбары зьяўляюцца для іх, так сказаць, першым палігонам, дзе яны могуць набыць рэальны палітычны досьвед. Гэта нагода, каб і пачуць народную думку зь першых вуснаў, і павучыцца тэхналёгіям працы з выбаршчыкамі. Байкот нічому такому ніколі не навучыць.

Лукашук: Яшчэ адзін сюжэт гэтага тыдня - кадравы землятрус у КДБ: былі прызначаныя два новыя намесьнікі старшыні камітэту і зьмененыя кіраўнікі пяці з шасьці абласных управаў КДБ. Пасаду захаваў толькі старшыня Віцебскай управы.

У чым мэта гэтых маштабных кадравых зьменаў? Хто выступіў іх ініцыятарам?

На гэтыя пытаньні мы папрасілі адказаць шэф-рэдактара “Народнай волі” Сьвятлану Калінкіну, якая пільна сочыць за зьменамі ў сілавых структурах Беларусі

Калінкіна: Я думаю, што прычын насамрэч некалькі. Па-першае, гэта страх улады, каб у сілавых ведамствах не фарміраваліся нейкія групоўкі, досыць моцныя, каб яны не маглі прэтэндаваць на ўплывовасьць у палітыцы і дзяржаўнай сфэры. Па-другое, гэта тэндэнцыя, якая пачалася з прыходам Віктара Лукашэнкі на пасаду памочніка кіраўніка дзяржавы па нацыянальнай бясьпецы, пачала фарміравацца новая каманда ў сілавых ведамствах, больш маладая, і новыя кадравыя прызначэньні таксама ў рэчышчы гэтай тэндэнцыі. Зразумела, што выбарчая кампанія і прэзыдэнцкія выбары ня могуць абысьціся без сілавікоў і спэцслужбаў, таму я думаю, што Аляксандар Лукашэнка сьвядома прызначаў людзей і перасоўваў людзей з месца на месца, каб яны стараліся заявіць пра сябе менавіта ў такі складаны палітычны пэрыяд.

І нарэшце чацьвёртая прычына, гэта скандалы, якія апошнім часам адбываліся, яны былі зьвязаны з канфліктам паміж КДБ і МУСам. Гэта былі досыць гучныя канфлікты, яны мелі досыць гучны рэзананс, і нельга нават сказаць, чым гэтая ўся сытуацыя скончыцца. Я ня згодная з тымі, хто гаворыць, што прыйшлі ўжо новыя людзі. Насамрэч, толькі адзін чалавек звольнены з КДБ, адпраўлены на пэнсію старшыня Магілёўскага КДБ Маслакоў. Астатнія застаюцца. І я чакаю, што былыя намесьнікі старшыні КДБ Смаленскі і Трацяк хутка зьявяцца або ў савеце бясьпекі альбо нават у апэратыўна-аналітычным цэнтры пры прэзыдэнце. Гэта новая спэцслужба, якая ўтворана ў Беларусі. І зараз туды падбіраюцца вельмі моцныя кадры. І Смаленскі, і Трацяк – вопытныя апэратыўнікі.

Лукашук: Калі зьявіліся паведамленьні пра кадравы зьмены ў КДБ, першыя два камэнтары на нашым сайце выглядалі так: нехта зь імем Афіцэр напісаў: “Вось і выбары пачаліся”. Яму адказаў нехта зь імем Радавы: “Нікак нет. Ужо скончыліся”.

Ваша ацэнка ці прагноз – выбары пачаліся ці скончыліся, іншымі словамі – ці будуць гэтыя выбары справядлівымі?

Максімюк: Справядлівымі яны, хутчэй за ўсё, ня будуць. Але апазыцыя будзе ў іх удзельнічаць. У беларускай апазыцыі мы назіраем нешта накшталт зьмены пакаленьняў, а таму я лічу, што маладыя пойдуць на выбары незалежна ад таго, як паставяцца да выбараў іх старэйшыя калегі.

Дракахруст: Калі лічыць, што ўсё залежыць ад улады, то можна пагадзіцца з тым, што выбары скончыліся, не пачаўшыся. Але і гэтыя неспрыяльныя ўмовы апазыцыйныя сілы могуць скарыстаць хаця б для агітацыі. Ну а ўрэшце ўсё залежыць ад грамадзтва. Калі яно сапраўды хоча ці захоча пераменаў, гэта праявіцца і падчас несправядлівай выбарчай кампаніі.

XS
SM
MD
LG