Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад сёньня, 1 лютага, праваабарончыя арганізацыі “Вясна” і Беларускі Хэльсынскі камітэт пачынаюць маніторынг выбарчай кампаніі ў саветы дэпутатаў XXVI скліканьня. Кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” сваім кантролем мае на мэце кампэнсаваць адсутнасьць назіраньня за мясцовымі выбарамі з боку міжнародных арганізацыяў.


Праваабаронцы цэнтар “Вясна” і Беларускі Хэльсынскі камітэт маюць досьвед супольнай працы ў кантролі за хадой выбарчай кампаніі. Аднак гэтым разам выбары будуць праходзіць ва ўмовах зьмененага выбарчага заканадаўства, і гэта – адна з галоўных асаблівасьцяў кампаніі, кажа кіраўнік “Вясны” Алесь Бяляцкі:
Цікава, якім чынам зьмены паўплываюць на рэальную лібэралізацыю...


“Для нас выбары цікавыя найперш у зьвязку з тым, што была шырока разрэклямаваная лібэралізацыя выбарчага заканадаўства. Цікава, якім чынам гэтыя зьмены паўплываюць на рэальную лібэралізацыю, ці гэта толькі дымавая заслона для ўладаў. І гэтыя мясцовыя выбары 2010 году для мясцовых назіральнікаў таксама цікавыя тым, што ня будзе назіральнікаў ад АБСЭ. Традыцыйна яны за мясцовымі выбарамі не назіраюць”.

Праваабаронцы цэнтар “Вясна” праводзіць назіраньне за выбарчымі кампаніямі болей за дзесяць гадоў, за што й быў пазбаўлены рэгістрацыі ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году.

З 1995 году ў гэтым кірунку працуе й Беларускі Хэльсынскі камітэт. Намесьніца старшыні Тацяна Гацура таксама кажа, што гэтая праца праводзіцца не з дапамогай, а ў супрацьстаяньні зь дзяржаўнымі структурамі:
Нельга сказаць, што праца выбарчых камісіяў адкрытая...


“Нельга сказаць, што праца выбарчых камісіяў адкрытая і яны дапамагаюць працаваць. Ніхто й не спадзяецца, што яны будуць адкрываць інфармацыю і яе падаваць. Але партнэрства зь “Вясной”, якое было на мінулых выбарчых кампаніях, паказвае, што гэта ўдалося зрабіць і праца была праведзена якасна”.

Арганізатары кампаніі назіраньня за выбарамі заяўляюць, што вынікі гэтай працы будуць даведзеныя як да ўладаў Беларусі, так і ўва ўсе зацікаўленыя міжнародныя структуры. Праўдзівае адлюстраваньне выбарчай кампаніі і ёсьць галоўным вынікам маніторынгу, кажа Алесь Бяляцкі:

“Нягледзячы на тое, што ўлады Беларусі робяць выгляд, што іх не цікавіць меркаваньне грамадзянскай супольнасьці, яны вымушаныя зважаць на вынікі вось такога незалежнага назіраньня. Бо дастаткова цяжка не заўважыць некаторых фактаў і высноваў, якія робяцца на іх падставе”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG