Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску праходзіць чарговы ўстаноўчы зьезд “Маладога фронту”


Устаноўчы зьезд моладзевай арганізацыі «Малады фронт» пачаў працу 30 студзеня ў памяшканьні менскай штаб-кватэры Партыі БНФ. Зьезд будзе праходзіць у закрытым рэжыме, паведаміў БелаПАН перад адкрыцьцём кіраўнік арганізацыі Зьміцер Дашкевіч:

«Мы не запрашалі на яго журналістаў, бо тут будуць вырашацца ўнутраныя пытаньні арганізацыі»

На зьезд прыехалі дэлегаты з усіх абласьцей. Кіраўнік «Маладога фронту» нагадаў, што арганізатары зьезду падавалі заяўкі на выдзяленьне памяшканьня для яго правядзеньня больш чым у дзесяць грамадзкіх і культурных устаноў.

«Аднак ва ўсіх установах у выдзяленьні памяшканьняў нам было адмоўлена. Прычыны адмоў стандартныя: ці памяшканьне занятае, ці ў ім вядзецца рамонт. А Менскі адукацыйны цэнтар адмовіў у памяшканьні таму, што адзін з заснавальнікаў гэтай установы, Менгарвыканкам, ня даў згоду на выдзяленьне памяшканьня», — сказаў Дашкевіч.

Зьезд плянуе зацьвердзіць праграму й статут аб’яднаньня, абраць кіраўніцтва арганізацыі, прыняць некаторыя рэзалюцыі.

Дашкевіч: «Гэта значыць, выканаць усё тое, што неабходна для рэгістрацыі ў Міністэрстве юстыцыі»

Пры гэтым Зьміцер Дашкевіч адзначыў, што ня мае ніякіх ілюзій наконт магчымасьці рэгістрацыі арганізацыі:

«У 2006 і 2007 мы распачалі цэлы шэраг спробаў па рэгістрацыі арганізацыі. І гэта пазбаўляе ўладу самага галоўнага аргумэнту — нібы мы не жадаем рэгістравацца, спэцыяльна правакуем сытуацыю. Я не магу не адзначыць, што ўлады адмаўляюць у рэгістрацыі „Маладога фронту“ па надуманых прычынах. Калі ў выпадку з БХД ёсьць хоць бы фармальныя спасылкі на юрыдычныя рэчы, то ў нас адсутнічае нават такая фармальнасьць. Напрыклад, на спробу зарэгістравацца ў 2007 годзе нам адказалі, што ў нашай арганізацыі шмат асуджаных за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Гэта значыць нас асудзілі за дзейнасьць незарэгістраванай арганізацыі, і на гэтай падставе рэгістраваць адмаўляюцца. Гэта абсурд. Таму цяпер проста чарговая спроба зарэгістравацца. Мы яшчэ раз прадэманструем усю абсурднасьць беларускаму грамадзтву, міжнароднай супольнасьці».

Гэта будзе ўжо шостая з 2000 году спроба зарэгістраваць «Малады фронт» у Беларусі. Афіцыйна арганізацыя зарэгістравана ў Чэхіі як міжнароднае моладзевае аб’яднане.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG