Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мясцовыя выбары: самыя актыўныя — афіцыйныя прафсаюзы


Сёлета ў тэрытарыяльных выбарчых камісіях будзе, як ніколі раней, шмат прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў. Амаль траціна патэнцыйных прэтэндэнтаў у сябры камісіяў прадстаўлялі менавіта грамадзкія аб’яднаньні. Амаль усе яны — праўладныя.

Мікалай Лазавік
Сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік кажа: актыўнасьць грамадзкіх аб’яднаньняў у фармаваньні тэрытарыяльных выбарчых камісіяў непараўнальна вышэйшая за партыйную:

«Іх працэнт у агульнай колькасьці вылучаных — 31,7 (у партыяў —1,1). Гэта даволі высокая лічба. Усяго яны накіравалі 4151 вылучэнца (партыйцы — 149). У асноўным тут тыя грамадзкія аб’яднаньні, якія падтрымліваюць палітыку прэзыдэнта і кіраўніцтва рэспублікі. А апазыцыйных, як і сярод партыяў, зноў жа амаль няма. Многа прэтэндэнтаў прапануюць „Белая Русь“, БРСМ, Саюзы жанчын, вэтэранаў. Прафсаюзы вельмі актыўна ўдзельнічаюць. А іншых грамадзкіх аб’яднаньняў і ня бачна».

Аляксандар Ярашук
Цікаўлюся ў кіраўніка Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука пра вылучэнцаў ад альтэрнатыўных дзяржаўным прафсаюзаў:

«Мы спэцыяльна не разглядалі гэта пытаньне і яго не вырашалі. І хутчэй за ўсё толькі ў Берасьці, наколькі я ведаю, ўключаны ў камісію хтосьці з Свабоднага прафсаюза Беларускага. Іншай інфармацыі мы ня маем.

Уласна мая пазыцыя, якая падзяляецца бальшынёй нашых актывістаў, такая. Нічога прынцыповага ў сыстэме правядзеньня выбараў не мяняецца. Асабліва, што датычыць падліку галасоў. І таму праяўляць вялікі інтарэс да гэтага няма неабходнасьці. Гэта кампанія ніколі не была для нас прыярытэтам. А цяпер — тым болей».

Алег Трусаў
Старшыня Таварыства Беларускай мовы Алег Трусаў кажа: таварыства і не ставіла перад сабой такой мэты — вылучаць сваіх актывістаў ў выбарчыя камісіі:

«Мы будзем рабіць заклік, каб яны непасрэдна ўдзельнічалі ў выбарах. ТБМ лічыць, што трэба вылучацца ў дэпутаты з мэтай прапаганды роднай мовы. Таму ў дэпутаты нашы людзі пойдуць. А ўдзельнічаць у камісіях мы сэнсу ня бачым. Якая ж там у камісіях — прапаганда?».

У ЦВК Свабодзе паведамілі, што вынікі фармаваньня тэрытарыяльных выбарчых камісіяў стануць вядомыя ў панядзелак, 1 лютага. А тым часам пачынаецца новы этап выбарчай кампаніі — вылучэньне кандыдатаў у склад акруговых выбарчых камісіяў. Ён працягнецца да 5 лютага ўключна. Але спачатку абласныя і менскі гарадзкі выканкамы павінны зацьвердзіць месца знаходжаньня акругаў.
XS
SM
MD
LG