Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь зьняла абмежаваньні ў замежным дзіцячым аздараўленьні


Віка Мароз разам з італьянскай сям’ёй, 2006
Віка Мароз разам з італьянскай сям’ёй, 2006

Гэта вынікае з падпісанага ўчора прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам указу №59.

У адпаведнасьці з папярэднімі дакумэнтамі, якія дзейнічалі ад кастрычніка 2008, за мяжу накіроўваліся дзеці ва ўзросьце ад 7 да 14 гадоў. Прычым, колькасьць паездак кожнага зь іх у адну і тую ж краіну ня мусіла перавышаць трох разоў.

Абмежаваньні ў дзейнасьці міжнародных гуманітарных праграм, якія ад 1989 ладзіліся выключна беларускімі і замежнымі грамадзкімі ініцыятывамі, былі ўведзеныя беларускімі ўладамі ў сувязі з выпадкамі ў ЗША і Італіі.. У верасьні 2008 году з амэрыканскіх вакацыяў не вярнулася 16-цігадовая барысаўская школьніца Таня Казыра. Двума гадамі раней, у верасьні 2006 году, падобны інцыдэнт адбыўся ў Італіі з 10-цігадовай выхаванкай Вялейскага інтэрнату Вікай Мароз.

Прыняты прэзыдэнтам Лукашэнкам восеньню 2008 году ўказ № 555 ставіў вельмі жорсткія ўмовы перад замежнымі дабрачыннымі ініцыятывамі, якія па-сутнасьці зьяўляліся галоўнымі спонсарамі праекту аздараўленьня чарнобыльскіх дзяцей. Замежны дзіцячы адпачынак можа быць адноўлены толькі пасьля падпісаньня адпаведных двухбаковых пагадненьняў на дзяржаўным узроўні. Згодна з гэтымі пагадненьнямі замежныя партнэры мусілі гарантаваць абавязковае вяртаньне беларускіх дзяцей дадому, а таксама тое, што ўжо ня будуць запрашаць да сябе ў госьці дзяцей, старэйшых за 14 гадоў.

Ян Марынус Вірсма
Шэраг вядомых эўрапейскіх палітыкаў, уключна з эўрапарлямэнтаром ад Нідэрляндаў Янам Марынусам Вірсмам, выступілі супраць такога ўмяшаньня менскіх уладаў у праекты няўрадавых арганізацыяў. Яны лічылі падпісаньне падобных пагадненьняў дэманстрацыяй «сумневу ў сваіх грамадзянах», згоду стаць «марыянэткамі ў руках беларускага рэжыму».

Тым ня менш, пад ціскам шматлікіх замежных сем’яў, якія цягам дзесяцігодзьдзяў прызвычаіліся бачыць у сябе ў доме на вакацыях маленькіх госьцяў зь Беларусі, урады Італіі, Нямеччыны, Ірляндыі, Гішпаніі, Нідэрляндаў падпісалі пагадненьні зь Менскам. Некаторыя ж краіны кшталту Швайцарыі ўбачылі ў прапанаваных на подпіс беларускіх дакумэнтах «несумяшчальнасьць з законамі Швайцарскай Канфэдэрацыі, асабліва ў тых момантах, якія тычацца правоў чалавека».

Швайцарыя, а таксама ЗША, Канада летась не змаглі прыняць у сябе беларускіх дзяцей.

У выніку, паводле інфармацыі Міністэрства адукацыі Беларусі, мінулым летам на аздараўленьне за мяжу выехалі 28,7 тысячаў беларускіх дзяцей. У параўнаньні з 2008 годам гэта амаль на 10 тысячаў меней, ня кажучы ўжо пра папярэднія годы, калі толькі ад дабрачыннага фонду Генадзя Грушавога летам за мяжу выяжджалі ў сярэднім па 17-18 тысяч дзяўчынак і хлопчыкаў.

Паводле прадстаўнікоў шэрагу чарнобыльскіх ініцыятыў, наўрад ці новы ўказ істотна паўплывае на павелічэньне колькаснага складу групаў. Падставамі для сумневу зьяўляецца спад цікавасьці да гэтага праекту ў асяродку заходніх партнэраў. Многія замежныя сем’і маюць цяпер матэрыяльныя праблемы. Таксама яны не задаволеныя «адзяржаўленьнем» праекту, а таму ня хочуць спансірваць патрэбы беларускіх уладаў.

Генадзь Грушавы
Як лічыць Генадзь Грушавы, які 20 гадоў таму стаяў ля вытокаў міжнароднага грамадзкага руху «Дзецям Чарнобыля», «калі дзяржава спрабуе кантраляваць тое, што адбываецца на ўзроўні прыватных няўрадавых кантактаў — гэта фактычна крок па зьнішчэньні ўсёй гэтай дзейнасьці. Нашых дзяцей за мяжой прымалі не дзяржаўныя ўстановы, а грамадзкія аб’яднаньні і дабрачынныя ініцыятывы. І толькі таму Ініцыятыва дапамогі чарнобыльскім дзецям сустракала такі актыўны водгук сярод замежных грамадзянаў».

Дабрачынны фонд «Дзецям Чарнобылю» за час свайго існаваньня, з 1989 году, накіраваў на аздараўленьне ў розныя краіны сьвету больш за 200 тысяч дзяцей зь Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG