Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гісторыя аднаго цуду: Арына Вячорка


Арына Вячорка. Аўтар фота — Арцём Канцавы.

Арына Вячорка. Аўтар фота — Арцём Канцавы.

Калядны цуд 1980 году, калі быццам з паветра ўзьнікла першая нефармальная грамадзкая арганізацыя — Беларуская Майстроўня, можна лякалізаваць да аднаго шчасьлівага выпадку, які здарыўся ў нацыянальным мастацкім музэі, дзе Вінцук і Арына Вячоркі спаткаліся з маладой кампазытаркай Ларысай Сімаковіч.


Арына падкрэсьлівае выпадковасьць гэтай сустрэчы.

Арына: «Я лічу, што знаёмства з Ларысай Сімаковіч адбылося выпадкова. Мы зь Вінцуком прыйшлі на лекцыю Надзеі Высоцкай па гісторыі беларускага мастацтва, якую яна чытала ў мастацкім музэі. І на гэтай лекцыі такая маленькая, яркая са звонкім голасам жанчына задавала Высоцкай тонкія пытаньні па-беларуску. А для нас беларуская мова была прыкметай, што гэта свой чалавек. Калі чалавек на лекцыі, якая чытаецца на расейскай мове, задае пытаньні па-беларуску, значыць, ён наш. Пасьля лекцыі мы падскочылі да гэтай вельмі прыгожай, зграбнай жанчыны, і высьветлілі, што яна студэнтка кансэрваторыі і ведае беларускую народную музыку. Мы адразу сказалі: о! а вы ня можаце нам дапамагчы, навучыць нас беларускім песьням, каб пакалядаваць?

Яна згадзілася. Яна была так уражаная, што мы гаворым па-беларуску…»



Дубавец: У гісторыі Беларускай Майстроўні менавіта гэты эпізод быў тым электрычным разрадам, калі запалілася новая зорка і нарадзілася новая рэальнасьць. Больш дэтальна расчытаць анатомію гэтага цуду пакуль не ўдаецца. Бо не ўдаецца высьветліць, каму ж належала ідэя першага публічнага калядаваньня, якое неўзабаве адбудзецца ў цэнтры Менску.

ПАМІЖ МАТЭМАТЫКАЙ І ФАЛЬКЛЁРАМ


Арына: «Пакалядаваць была даўняя ідэя. Мы калі былі на бульбе, я асабіста зьбірала песьні беларускія…»

Дубавец: Быццам бы нічога дзіўнага для студэнта-філёляга. Але Арына паступіла на мэханіка-матэматычны факультэт…

Арына: «У Вінцука была фальклёрная практыка. Па-другое, мы сябравалі зь Сяргеем Дубаўцом, які сьпяваў беларускія народныя песьні, паказваў запісы сваёй бабулі. І гэта ўсё на нас зь Вінцуком зрабіла вялікае ўражаньне. Тады і ўзьнікла ідэя пакалядаваць. Яна да Сімаковіч узьнікла. Хто канкрэтна прапанаваў, цяпер цяжка сказаць, бо ідэйны кацёл быў агульны.

«Каза», Арына і Вінцук Вячоркі на Калядах у Заслаўі. Газэта «Голас Радзімы» за 11 лютага 1982 году.

Кожны рабіў свой шлях. І тое, што ўсе нашы шляхі раптам скрыжаваліся ў Майстроўні, гэта ўжо ад Бога. А потым мы сталі знаходзіць. Калі мы сустрэліся і маса беларускасьці перавысіла пяць-шэсьць чалавек, мы ўжо распрацоўвалі пляны і праграмы пошуку падобных людзей. І калі мы ехалі ў тралейбусе і раптам чулі, што нехта гаворыць па-беларуску, мы ішлі адразу знаёміцца. І на дзевяноста адсоткаў гэта быў посьпех. І такім чынам наша беларуская маса расла, расла, расла… Мы ўжо арганізоўвалі вялікія сьвяты з выхадам на вуліцы горада і зьбіраньнем тысяч людзей. А потым, калі маса дарасла да таго, што мы ўжо не зьмяшчаліся ў залі прафсаюзаў на свае зборкі, тады пачалі дзяліцца на суполкі. І кожная суполка сабе па інтарэсах ці па рэгіёнах набірала гэтую сілу».
Калі мы ехалі ў тралейбусе і раптам чулі, што нехта гаворыць па-беларуску, мы ішлі адразу знаёміцца.


Дубавец: Як вы ўжо зразумелі, героем ці гераіняй сёньняшняй перадачы будзе Арына Вячорка. А тэмай стануць насьценныя газэты — яшчэ адна сфэра дзейнасьці майстроўцаў у розных навучальных установах. Беларускія газэты вывешвалі ў сябе на факультэтах і журналісты, і мастакі, і нават фізыкі з матэматыкамі. Прычым усе гэтыя газэты будуць гвалтам пазрываныя ў 1982 годзе, калі скончыцца цярпеньне афіцыёзу і ўлада разгледзіць у Майстроўні яе зусім не сувэнірна-фальклёрную сутнасьць. Але пра гэта пазьней. А пачнем з гісторыі Арыны Вячоркі.

Арына: «Я нарадзілася ў Менску якраз у тых прыгожых старасьвецкіх дамках на вуліцы Першамайскай. На ўсё лета мяне адпраўлялі ў Вяліж Смаленскай вобласьці, адкуль мае дзяды, і па пашпарце я заўсёды была рускай. У Вяліжы мы, дзеці, за лета набывалі беларускі дыялект. І калі вярталіся ў Менск, нашы бацькі месяц працавалі над тым, каб вытруціць з нас усе вяліжскія слоўцы і вымаўленьне.

УНІЯТ З КРЭЙСЭРА «АЎРОРА»


Сяргей Дубавец
Пісьменьнік, літаратурны крытык, выдавец. Нарадзіўся 17 верасьня 1959 у горадзе Мазыры. Гадаваўся й вучыўся ў Менску. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Служыў у войску. Галоўны рэдактар газэтаў «Свабода» (1990—1991) і «Наша Ніва» (1991—2000), радыё «Балтыйскія Хвалі» (2000—2001), аўтар перадачаў на Радыё Свабода (з 1997). Кнігі: «Практыкаваньні» (1991), «Русская книга» (1997, другое выданьне 2009), «Дзёньнік прыватнага чалавека» (1998), «Вострая Брама» (2005), «Вершы» (2007), «Як?» (2009). Электронны адрас: dubaviecs@gmail.com
Вострая брама
“Вострая Брама. Гісторыя аднаго цуду” – гэта гісторыя пра тое, як аднойчы беларуская ідэя выйшла з падпольля на вуліцу і стала грамадзкай зьявай. Адбылося гэта на Каляды 1980 году, калі нарадзілася першая публічная арганізацыя – Беларуская Майстроўня. Калі Майстроўня ўбярэцца ў сілу, яна ператворыцца ў шырокі нацыянальны рух па ўсёй Беларусі, а нацыянальная ідэя матэрыялізуецца ў выглядзе незалежнай краіны.

Сэрыя “Гісторыя аднаго цуду” – пра самы пачатак, пра той Калядны цуд нараджэньня, пра Майстроўню і яе стваральнікаў, пяць дзясяткаў асобаў, беларускі шлях якіх пачаўся трыццаць гадоў таму.
Бацька казаў: запомніце, дзеці, вы з рускай сям’і. А прозьвішча — Поўзік... Мой брат напісаў да 18 стагодзьдзя радавод Поўзікаў. Ніякіх адносінаў да расейскага паходжаньня яны ня маюць. Многія мае продкі былі ўніятамі і нават уніят служыў на крэйсэры «Аўрора». Гэты род прыйшоў у Смаленшчыну, і хутчэй за ўсё гэта былі перасяленцы паўстанцы. У канцы 18 ст. паўстанцаў гналі этапамі ў Сібір і яны там упалі на мяжы Смаленскай вобласьці. І гэтыя Поўзікі ўпалі ў вёсках пад Вяліжам. Нашы радавыя вёскі — Ляхі, Курмелі і Саксоны. Мае продкі зь вёскі Саксоны.

А мама ў мяне наогул шляхцянка, яе прозьвішча Лаппо. Зь віцебскай шляхты, свабодныя гараджане. Мама жыла побач з уніяцкай царквой і ўніяцкімі могілкамі…

Вяліж — памежнае мястэчка, заснаванае Вітаўтам, у ім адлюстравалася гісторыя Беларусі. Там і ў мове захаваліся архаічныя формы. Быў хадзіўшы, быў рабіўшы — людзі дагэтуль так гавораць…

Два гады таму я прыяжджаю, іду, на рэчку гледзячы, села на бервяно. Сядзіць дзядок. Добы дзень — добры дзень. Ён кажа: вы адкуль? Я зь Беларусі. О, у вас жа там такі прэзыдэнт харошы. Я паварочваюся, кажу: гэта вы тут рускія!.. Я проста раззлавалася. Гэта вы тут рускія думаеце, што ў нас прэзыдэнт харошы! Дзед кажа: а чаму гэта мы тут рускія? Мы тутэйшыя. Я: а якое ж у вас прозьвішча? Дзед: Даўгяла… Я думаю: о, божа, гэта ўсё палітыка вінаватая…

Юры Жыгамонт,мой сябра, заплянаваў зрабіць перадачу «Падарожжа дылетанта» пра Вяліж. І вось Юру сустракаю, ён кажа: Арына, твой Вяліж, я яго запомню на ўсё жыцьцё! З-за твайго Вяліжа маю перадачу зь першага нацыянальнага каналу выдалілі. І толькі цудам «Падарожжа дылетанта» ледзьве выжыла на іншых каналах. Чаму? Таму што ў гэтым Вяліжы вялікі стэнд, прысьвечаны Юрку Віцьбічу. Прыяжджае «Падарожжа дылетанта», робіць пра Юрку Віцьбіча і ўсё, што там у музэі, перадачу. І высьветлілася, што ў нас ёсьць такія цёмныя сьпісы, якія нікуды ня зьніклі, і што як быў Юрка Віцьбіч калябарантам і забароненым, так ён і застаўся ў гэтых сьпісах. І з-за гэтага перадачу скасавалі зь першага каналу…»

Дубавец: У Менску Арыніна захапленьне беларушчынай пачалося пасьля знаёмства з аднаклясьнікам Вінцуком Вячоркам у чацьвёртай менскай школе. Юначыя захапленьні ў тыя часы часта прыводзілі да канфліктаў з бацькамі. Нічога дзіўнага ў тым не было. Бацькі выступалі ці то сутворцамі, ці ўдзячнымі ахвярамі, ці маўклівым апірышчам дзяржаўнай сыстэмы татальнае несвабоды. Але юнакі звычайна сталелі і самі рабіліся бацькамі, пры гэтым маладзёвы бунт кудысьці разьвейваўся. Толькі ня ў тым выпадку, калі прадметам супрацьстаяньня былі насамрэч ня ўласныя бацькі, як увасабленьне сыстэмы, а сама сыстэма.

ІРЫДЗІЙ ПАЛАДЗІЙ


Арына тлумачыць сваю сытуацыю тым, што яе дзеда расстралялі ў часы сталіншчыны ў 1937-м. Даведку пра расстрэл Васіля Поўзіка, які праходзіў па 58-м артыкуле (антысавецкая агітацыя), можна знайсьці ў інтэрнэце. З тых часоў сям’я і баялася якой-кольвек нефармальнай грамадзкай актыўнасьці. Бацька Арыны працаваў загадчыкам катэдры аўтаматызацыі вытворчых працэсаў у Беларускім тэхналягічным інстытуце. Звалі яго Паладзій Васілевіч.

Арына: «Паладзій — імя па сьвятках. Мяне ў школе так дражнілі — Ірыдзій Паладзій. У пашпарце Ірына. А Арына і Вінцук — гэта ўжо мы самі прыдумлялі сабе імёны. Такая магія беларускай справы — узялі й памянялі сабе імёны».

Дубавец: Неўзабаве меней стала і канфліктаў у сем’ях. Але…

Арына: «Ніхто ні з чым не зьмірыўся. Вайна ішла да апошняга, пакуль мы не ўтварылі сям’ю і не ізаляваліся ад усіх бацькоў. І гэта дало нам права стаць самастойнымі ў сваім жыцьці. Нашы бацькі пакутавалі. На сёньняшні момант я бацькам спачуваю. Мне бы прыйшлося ня соладка, калі б у мяне былі такія пратэстуючыя дзеці».

Дубавец: Канфлікты пачалі заціхаць толькі тады, калі рухнула старая сыстэма і бацькі перажылі эвалюцыю поглядаў, а дзеці — самі сталі бацькамі.

Пастаноўка «Цара Максіміляна» ў Заслаўі. Вясна 1981 году. Арына ў ролі пажа другая справа. З архіву Арыны і Вінцука Вячоркаў.

Пастаноўка «Цара Максіміляна» ў Заслаўі. Вясна 1981 году. Арына ў ролі пажа другая справа. З архіву Арыны і Вінцука Вячоркаў.


30 гадоў таму на мэхмаце БДУ Арына Вячорка стварыла суполку «Пагоня».

МІКЛАШЭВІЧ, САНЬКА, ВАЎЧОК, САКАЛЬЧЫК...


Арына: «Я не філалагіня. Я вучылася на мэханіка-матэматычным факультэце і сябравала зь фізыкамі. Пісала канспэкты па-беларуску, выступала на сэмінарах па-беларуску. І іспыты здавала на беларускай мове. Хоць там усё было па-расейску.

Я стварыла суполку „Пагоня“ (гэта не маё было рашэньне, а Майстроўні) і зрабіла сустрэчу фізыкаў і матэматыкаў. У нас была супольная аўдыторыя на трэцім паверсе. На гэтую сустрэчу прыйшлі Ігар Міклашэвіч, Зьміцер Санька, Ніна Ваўчок. Быў яшчэ Пётра Сакальчык зь мэхмату...

Мы выпусьцілі газэту „Пагоня“. Павесілі на мэхмаце, потым павесілі на фізфаку. Гэта быў 1981 год.

Потым усё было выдатна. Мяне зарэгістравалі ў нашым камітэце камсамолу. Старшынём камітэту быў Брыгадзін. Адзначылі маю актыўнасьць, далі зялёную вуліцу, падтрымалі выкладчыкі. Прарэктарам быў Шушкевіч, паперы ў Шушкевіча падпісвалі. У нас на мэхмаце працавалі прафэсіяналы. І для іх чалавек, які займаўся беларускай культурай, быў толькі плюсам. Я на палітінфармацыях распавядала, дзе што беларускага адбываецца. Мала таго, мы былі пад уплывам дэмакратызацыі ў Польшчы і я на сваіх палітінфармацыях казала, што гаворыць Радыё Свабода, а што пішуць афіцыйныя газэты. Просьба дыскутаваць гэтыя тэмы.
І тады прыйшлі гісторыкі з чацьвёртага паверху на трэці ў наш дэканат і камітэт камсамолу і сказалі, што Пагоню насілі фашысты на рукаве.


Усё было добра да пэўнага моманту, пакуль некаторыя журналісты… Тацяна Сапач прыйшла і пабачыла, як выдатна на мэхмаце падтрымліваецца беларуская справа і захоплена напісала пра нас у газэту „Беларускі унівэрсытэт“.

І тады прыйшлі гісторыкі з чацьвёртага паверху на трэці ў наш дэканат і камітэт камсамолу і сказалі, што Пагоню насілі фашысты на рукаве. Ад чаго нашы ўсе былі ў шоку. Бо тады выкладчыкі былі вэтэраны ВАВ. Па-другое, што гэта за прапаганда Радыё Свабода і дэмакратызацыя такая? І мне тады вынесьлі вымову па камсамольскай лініі».

КАНЕЦ ІДЫЛІІ


Дубавец: Пад канец 1982 году нешта зламалася ў ідылічным існаваньні Беларускай Майстроўні. Пачаліся выклікі майстроўцаў на «гутаркі» ў КГБ, суворыя вымовы, набліжалася мясарубка лёсаў, якой у наступныя гады стане разьмеркаваньне. Але вось жа выпала тады на два гады такая адліга, калі пра самавольныя майстроўскія акцыі ўхвальна пісала ўся афіцыйная прэса…

Першы налёт з разгонам адбыўся якраз на насьценны друк. На мэхмаце закрылі «Пагоню». На факультэце журналістыкі мы атрымалі суровыя вымовы па камсамольскай лініі, прычым нагода ня тычылася ані культуры, ані беларушчыны. Да юбілею СССР у сваёй даўжэзнай, на дзевяць аркушоў ватману газэце мы замест перадавіцы надрукавалі артыкул Леніна «Аб нацыянальнасьцях і аўтанамізацыі». Гэты тэкст правадыра не трапляў у шырокую ратацыю з-за таго, што Ленін там крытыкуе ідэю стварэньня СССР і называе яе заўчаснай... Камітэт камсамолу БДУ ў пачатку 1983-га нагадаў мне сабачае вясельле, дзе стаяў суцэльны бязглузды брэх і немагчыма было ўставіць слова. Ці ўжо тады ці крыху пазьней ў 1983-м, не згадаю, камітэт узначаліў Аляксандар Казулін. Падобны лёс чакаў і газэту майстроўцаў у Тэатральна-мастацкім інстытуце.

Гэнік Лойка

Гэнік Лойка

Гэнік Лойка: «Для мяне, першакурсьніка, ведаеце, як было дзіўна... У нашым інстытуце мы дамовіліся рабіць газэту, і Панцялееў Рыгор свабодна так бярэ паперу, велізарны аркуш, на велізарны пляншэт і тут жа раз-раз... Гэтую казу намаляваў. Во дзе робіцца! А я думаў, што беларусы такія прыгнечаныя, затурканыя. А тут выдаецца на найвышэйшым узроўні, найлепшыя мастакі. І так выдавалі газэты адна ў адну. На ўвесь інстытут яны прагучалі».

Генадзь Мацур

Генадзь Мацур

Генадзь Мацур: «Мы пастанавілі газэту выпускаць. Мы вешалі яе ў раме ў галоўным корпусе. Стараліся прысьвячаць нумары гістарычнай падзеі ці асобе. Але апошні нумар быў пра пажар у Мірскім замку, гэтыя жахлівыя фоткі. І мы — у абарону Мірскага замку. Дапамажы! Гэты нумар стаўся апошнім, бо прыйшлі з адміністрацыі і зьнялі ўсю гэтую газэту і ўжо пасьля гэтага яна не выходзіла».

Дубавец: Застаецца загадкай адліга 1980—1982 гадоў. У таталітарным грамадзтве адлігі звычайна зьвязаныя са сьмерцю найвышэйшага кіраўніка. Машэраў загінуў у кастрычніку 1980-га. Выходзіць, зь ягонай сьмерцю й пачалася тая беларуская адліга. А Брэжнеў памрэ ў лістападзе 1982-га. Зь ягонай сьмерцю яна скончыцца…

Арына: «Для нас было важна, колькі людзей гаворыць па-беларуску, прыходзіць да нас на сьпеўкі, заангажаваныя ў нашу беларускую справу. Мы ставілі мэту беларусізаваць саму Беларусь. І там было больш тайнага, чым яўнага. Тое, што мы рабілі — гэта быў айсбэрг. І Майстроўня — гэта была вяршынька айсбэргу.

На той час беларуская культура фактычна памірала. І беларуская мова ў школах памірала. У Беларусі праводзіўся савецкі экспэрымэнт — ці можна ўсё прывесьці да едзінаабразнага рускага языка. І гэты працэс ужо амаль дайшоў да правільнай кропкі і тут раптам адкульсьці зьявіліся маладыя людзі і пачалі з нуля — ствараць. Ніводнай беларускай школы ні ў водным горадзе не было. Увесь фольк пускалі на сцэну толькі ў апрацоўках. Усе народныя калектывы выступалі ў расейскіх какошніках і сарафанах. І гэтак у любой сфэры культуры. Мы першымі заявілі, што такое нацыянальнае, што гэтым можна ганарыцца, мы адкрыта гэта заявілі.

Нас жа потым усіх закапалі. У 1982-м распрацавалі праграму і сталі ўсіх закопваць. І мы тады схаваліся пад зямлю і вылазілі ў іншых месцах — дзе хто мог вылезьці.

Беларушчына мяняла нашы прафэсіі. Ад тэхнічных спэцыяльнасьцяў пераходзілі ў гуманітарны стан. Фізыкі і матэматыкі вывучалі беларускую гісторыю і культуру.

У мяне быў цудоўны выкладчык Уладзімер Пятровіч Мешчаракоў. Ён прасоўваў усё беларускае ў сябе на катэдры. Ён адыграў вялікую ролю ў маім жыцьці. Ён мною заапекаваўся, дазволіў пісаць працы па гісторыі матэматыкі на катэдры пэдагогікі. І я першую працу напісала „Ян Сьнядэцкі“, а потым абараняла „Пэдагогі і матэматыкі Віленскага ўнівэрсытэту“. Дзе я магла такую працу абараніць?.. Мне не дазвалялі ў асьпірантуру паступіць, а ён праз два гады мяне знайшоў, „паступіў“ у асьпірантуру…»

Дубавец: Гісторыя Арыны Вячоркі ў кожным наступным эпізодзе жыцьця была зьвязаная з абранай у юнацтве справай. Але атрымаўся ў Арыны ўнікальны шлях — які некаму падасца ўцёкамі ад рэальнасьці ў сярэднявечча. Хоць насамрэч гэта той самы шлях да сябе і свае тоеснасьці, толькі з больш глыбокай пэрспэктывай.

Арына Вячорка. Аўтар фота — Арцём Канцавы.

Арына Вячорка. Аўтар фота — Арцём Канцавы.


Арына: «Я заснавальніца і прадусар рыцырскага руху ў Беларусі і музычны прадусар старадаўняй этнічнай і клясычнай музыкі. Стаяла ля вытокаў гурта „Стары Ольса“. Гэта працяг маёй дзейнасьці ў рыцарскім руху, дзе я як жанчына заспэцыялізавалася не на баях, а на танцах і музыцы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG