Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Глеб Лабадзенка

З захапленьнем працягваю вывучэньне рукапісу «Ладзьдзі Роспачы» Ўладзімера Караткевіча.

Мне выпала вялікае шчасьце — патрымаць у руках арыгінал гэтага цудоўнага твору. Доўгія гады рукапіс захоўваецца ў шаноўнага Рыгора Барадуліна — менавіта дзядзьку Рыгору Караткевіч прысьвяціў гэты твор, скончаны 2 жніўня 1964 году ў Рагачове.

Прачытаўшы рукапіс — я зразумеў, што трэба рабіць факсымільнае выданьне! Па-першае, усяго 23 старонкі — тэхнічна нескладана. Па-другое, почырк Караткевіча настолькі ахайны й разборлівы — што чытаеш рукапіс, зусім не спатыкаючыся. Па-трэцяе — ужо пры першым параўнаньні яго з акадэмічным тэкстам «Ладзьдзі» са збору твораў стала зразумела: савецкія рэдактары-цэрбэры праехаліся па «Ладзьдзі» асфальтаўкладкавым катком…

Праца пайшла. І паступова акрэсльлілася будучае выданьне — 120 старонак фармату А4. Туды ўвойдзе сам рукапіс (ягонае паўнаколернае факсыміле), акадэмічны тэкст твору, рускамоўны пераклад Васіля Сёмухі, тэксталягічны аналіз Анатоля Вераб’я (найбольш аўтарытэтнага дасьледчыка творчасьці Караткевіча), а таксама прадмова Рыгора Барадуліна ды ўнікальныя здымкі Караткевіча работы паэта Сяргея Панізьніка, якія яшчэ ніколі не друкаваліся.

Уладзімер Караткевіч, фота Сяргея Панізьніка.
Рэч у тым, што ўпершыню «Ладзьдзя» была надрукаваная ў № 2 часопіса «Неман» за 1968 год — па-расейску, у перакладзе шаноўнага Васіля Сёмухі. У спадара Васіля захаваўся арыгінальны друкапіс таго перакладу, на якім Караткевіч сваёю рукою ўнёс праўкі. Што цікава — рэдактары «Немана» (а яго тады ўзначальваў Андрэй Макаёнак) практычна не кранулі твор. Больш за тое — пакінулі многую «крамолу», якую пасьля павыкрэсьлівалі рэдактары беларускага тэксту.

Па-беларуску «Ладзьдзя» выйшла ў 1978 годзе ў кнізе «Зь вякоў мінулых». Ня ведаю, хто канкрэтна чыніў тую цэнзуру, але рэдактарам кнігі значыцца В. Ц. Галавач. Правак ве-е-ельмі шмат — усе яны ўвойдуць у нашае выданьне і будуць прааналізаваныя, вылучаныя ў тэксьце. Прывяду толькі некалькі прыкладаў.

У абедзьвюх вэрсіях (расейскай і беларускай) рэдактарам-цэнзарам не давалі спакою «беларусы» і «беларускія» ў тэксьце.

Арыгінал (1964): «Больш за ўсё не люблю прыходзіць за беларусамі» — кажа Сьмерць Выліваху.

«Неман» (1968): «Больше всего не люблю ходить за белорусами».

«Зь вякоў мінулых» (1978): «Больш за ўсё я не люблю прыходзіць па такіх, як ты».



Выклікае ўсьмешку цнатлівасьць савецкае цэнзуры. Напрыклад, у моманце, калі Выліваха на разьвітаньне цалуе прыгажуню, якая праходзіць міма.

Арыгінал (1964): «Падбег да белай танюткай постаці і моцна пацалаваў дзяўчыну ў прыадкрыты рот».

«Неман» (1968): «Подбежал к белой тоненькой фигурке и крепко поцеловал дивчину».

«Зь вякоў мінулых» (1978): «Падбег да белай танюткай постаці і моцна пацалаваў дзяўчыну ў прыадкрыты рот».

Некаторыя праўкі цалкам зьмянілі сэнс выразаў.

Арыгінал (1964): «…гульні, у якой Смерць была катом, а ён — дурным мышаняткам».

«Неман» (1968): «игре, где Смерть было котом, а он — глупым мышонком».

«Зь вякоў мінулых» (1978): «гульні, у якой Смерць была катам, а ён — дурным мышаняткам».

А вось тут цікава назіраць, наколькі па-рознаму два рэдактары пераправілі адзін момант.

Арыгінал (1964): «Што вы спяваеце, смярдзючы чалавечы кал?!»

«Неман» (1968): «Что вы поете, несчастные?»

«Зь вякоў мінулых» (1978): «Што вы спяваеце, смярдзючыя чалавечкі?»

На дэсэрт прывяду момант, дзе па «Ладзьдзі», як кажуць, прайшліся сярпом па…

Арыгінал (1964): «…Бліжэйшыя на беларускай зямлі ўваходы ў пекла знаходзяцца, як вядома, даволі далёка ад Рагачова. Адзін з іх ляжыць на дне Равучага возера, што пры Іпуці (нездарма ж там так раве вада, нібы нехта глытае яе на дне). Другі, ля Ржаўца пад Юхнавым. Трэці, ля Макруш, што пад Бельскам»

«Зь вякоў мінулых» (1978): «…Бліжэйшыя ад іх уваходы ў пекла знаходзяцца, як вядома, даволі далёка ад Рагачова. Адзін з іх ляжыць на дне Равучага возера, што пры Іпуці (нездарма ж там так раве вада, нібы нехта глытае яе на дне).»

Іншая два ўваходы проста выкрасьлілі. Каб не падказваць, пэўна.

Такіх правак — дзясяткі й дзясяткі. І гэта неверагоднае адчуваньне — дакранацца да сапраўднага Караткевіча, адкрываць для сябе непадцэнзурнага Апостала нашай літаратуры, нашай нацыі.

P.S. Кніга будзе выдавацца на ахвяраваньні чытачоў, прачытаць падрабязьней і ахвяраваць можна тут.
Нарадзіўся ў 1986 годзе ў Менску. Скончыў Коласаўскі ліцэй і журфак БДУ. Дзясяты год працуе журналістам, столькі ж піша вершы. За мінулы год засьвяціўся як арганізатар некалькіх культурніцка-сацыяльных акцыяў — візыт Радзівілаў у Беларусь, выданьне дыску «Галасы», набыцьцё пліты для Валянціны Быкавай, усталяваньне помніка на магіле бабулі Ўладзімера Караткевіча. Апошнія ініцыятывы — беларусізацыя ўнікальнай электроннай энцыкляпэдыі беларускай архітэктуры «Глобус Беларусі», выданьне факсыміле рукапісу «Ладзьдзі Роспачы» Ўладзімера Караткевіча.

1. Навошта я пішу блог

Каб дзяліцца з аднадумцамі й неаднадумцамі цікавосткамі са свайго й навакольнага жыцьця.

2. Што я больш за ўсё люблю ў блогах

Непадцэнзурнасьць, якая тым часам не павінна пераўтварацца ў хаос.

3. Што я больш за ўсё не люблю ў блогах

Ананімную сьмеласьць большасьці камэнтатараў.

4. Пяць блогаў, якія я раю наведаць

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG