Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скончылася фармаваньне тэрытарыяльных выбарчых камісій. Ці стала больш лібэральнай працэдура іх фармаваньня? Ці шмат прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў трапілі у камісіі? Якія прагнозы можна зрабіць наконт ходу выбарчай кампаніі?

Удзельнікі: сябра Рады праваабарончага цэнтру «Вясна» Тацьцяна Равяка зь Менску і старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Юрый Істомін з Горадні.

Юрый Істомін
Тацьцяна Равяка
Валер Карбалевіч

Працэдура фармаваньня тэрытарыяльных выбарчых камісій


Валер Карбалевіч: «Гэта першыя выбары, якія адбываюцца пасьля зьменаў у выбарчым заканадаўстве. Яны, сярод іншага, прадугледжваюць больш лібэральную працэдуру фармаваньня выбарчых камісій. Напрыклад, прадстаўнікі партый і грамадзкіх арганізацый маюць права прысутнічаць пры гэтым працэсе. Ці на практыцы гэтая працэдура сапраўды стала больш лібэральнай?»

Тацьцяна Равяка: «Найперш зьвернем увагу на тое, што з 2000 году ў Беларусі не была зарэгістраваная ніводная палітычная партыя. Напрыклад, мінулым годам было адмоўлена ў рэгістрацыі тром партыям. Таксама і грамадзкія арганізацыі маюць права вылучаць сваіх кандыдатаў у выбарчыя камісіі. Але і грамадзкія арганізацыя рэгіструюць выбарачна. Напрыклад, нашу арганізацыю „Вясна“ не зарэгістравалі два мінулыя разы. І прадстаўнікі гэтых партый і арганізацый ня могуць легальна стаць удзельнікамі выбарчага працэсу.

Сапраўды, паводле зьменаў у выбарчым заканадаўстве прадстаўнікі партый, арганізацый і грамадзян, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, могуць прысутнічаць на паседжаньні пры стварэньні выбарчых камісій. Могуць, але ў рэальнасьці гэта ня ўсюды адбываецца. У некаторых месцах такія прадстаўнікі не былі запрошаныя на паседжаньні, хоць і вельмі прасілі. Такія выпадкі былі ў Барысаве, Бярозе».

Юрый Істомін: «Я быў прадстаўніком нашай партыі на паседжаньні абласнога выканкаму і прэзыдыюму абласнога савету дэпутатаў. Гэта была фармальная працэдура, як у часы СССР. Удзельнікі паседжаньня галасуюць за сьпіс кандыдатур, якія былі названыя. З 40 заяваў у камісію ўвайшлі 13. Абмеркаваньня кандыдатур не было. Чаму вылучылі гэтыя 13, а ня іншыя, невядома. Сёньня ў гарадзенскую гарадзкую камісію быў вылучаны прадстаўнік партыі „Справядлівы сьвет“. Таму можна зрабіць выснову, што ўмовы стварэньня камісій трохі іншыя, але да лібэралізацыі яшчэ далёка».

Вынікі фармаваньня выбарчых камісій


Карбалевіч: «Як можна пракамэнтаваць тыя вынікі фармаваньня выбарчых камісій, якія вядомыя на цяперашні момант? Якія тут заканамернасьці выяўляюцца? Ці шмат прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў трапілі ў камісіі?»

Равяка: «У некаторыя камісіі трапляюць адзінкавыя прадстаўнікі дэмакратычных партыяў. Часьцей — гэта прадстаўнікі партыі „Справядлівы сьвет“. Магчыма, гэта тлумачыцца стэрэатыпам, што камуністы ня могуць быць у апазыцыі».

Істомін:
Нават у тых камісіях, дзе ёсьць прадстаўнікі дэмакратычных арганізацый, яны ня могуць уплываць на ход кампаніі.
«Акрамя Горадні, пакуль вядома, што ў Слоніме ў камісію ўключаны прадстаўнік кааліцыі апазыцыйных сілаў. Большасьць месцаў у камісіях займаюць прадстаўнікі праўрадавых арганізацыяў: кампартыі, Аграрнай партыі, „Белай Русі“. Нават у тых камісіях, дзе ёсьць прадстаўнікі дэмакратычных арганізацый, яны ня могуць уплываць на ход кампаніі. Нават інфармацыю яны будуць атрымліваць дазаваную».

Равяка: «У Менскую гарадзкую камісію былі ўключаны дастаткова вядомыя людзі: прадстаўнік АГП Альфер і прадстаўнік партыі „Справядлівы сьвет“ Вазьняк. Гэта палітычнае рашэньне, аналягічнае рэгістрацыі руху „За свабоду“. Гэта цукерка для Захаду».

Ці стала атмасфэра больш лібэральнай?


Карбалевіч: «Калі параўнаць цяперашнія вынікі з фармаваньнем выбарчых камісій у мінулых выбарчых кампаніях, то якія можна зрабіць высновы? Прадстаўнікоў апазыцыі стала больш у выбарчых камісіях? Ці менш? Ці нічога не зьмянілася?»

Равяка: «Сапраўды, тыя адзінкавыя прадстаўнікі апазыцыйных партый у камісіях ня могуць уплываць на ход кампаніі. Вось я была назіральнікам на прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне. Там кожны кандыдат мае права вылучыць сваіх прадстаўнікоў у камісіі. У нас гэтага няма».

Істомін: «Я балятаваўся кандыдатам у дэпутаты падчас мясцовых выбараў 2007 году. Тады нашы прадстаўнікі не ўвайшлі ў ніводную тэрытарыяльную выбарчую камісію. Гэтым разам ёсьць прагрэс.

Зьмены ў Выбарчы кодэкс не прайшлі апрабацыю практыкай. А мясцовыя ўлады працуюць па-старому. Думаю, кандыдаты атрымаюць большую свабоду падчас агітацыйнай кампаніі. Але падлік галасоў застанецца ранейшым. Выснову пра ўмовы выбарчай кампаніі можна будзе рабіць па выніках фармаваньня ўчастковых камісій».

Равяка: «Атмасфэра будзе больш лібэральнай. Пра гэта сьведчыць агульны палітычны клімат. Падлік галасоў робяць участковыя выбарчыя камісіі. І вось іх склад дасьць падставу прагназаваць ход выбараў. Магчыма, некалькі кандыдатаў ад апазыцыі ўлады вырашаць прапусьціць у дэпутаты».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG