Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У Лукашэнкі ў энэргетычнай сфэры не застаецца аргумэнтаў”


«Интер РАО ЕЭС» і «Белэнэрга» ў Маскве падпісалі дадатковае пагадненьне на 2010 год на транзыт і пастаўку электраэнэргіі ў Беларусь.

Паводле прэсавай службы расейскай кампаніі, заключаныя на 2010 год кантракты захоўваюць інтарэсы кожнай з краін і адпавядаюць ранейшым доўгатэрміновым пагадненьням і схеме ўзаемадзеяньня. Умовы транзыту і паставак электраэнэргіі не раскрываюцца. Цягам дня ў прэсавай службе Міністэрства энэргетыкі Беларусі заяўлялі, што сёньня няма ніякіх перамоваў. Не пацьвярджаў гэтага і кіраўнік прэс-службы «Интер РАО ЕЭС» Цімур Бялоў.

«У нас была дамоўленасьць зь беларускім бокам аб рэжыме татальнага маўчаньня. Проста вырашылі лішні раз не бударажыць.Вырашылі, што наступным этапам зносін са СМІ будзе ўжо само падпісаньне. Абяцалі да канца студзеня падпісаць, вось і падпісалі. Толькі вось падрабязнасьці не расказваем».

У нас была дамоўленасьць зь беларускім бокам аб рэжыме татальнага маўчаньня.
Перамовы праходзілі цягам студзеня ў некалькі раўндаў то ў Менску, то ў Маскве. Расейскі бок быў абураны намерамі Менску падвысіць кошт транзыту ў 5,5 раза. Раней беларускі бок заяўляў нават пра магчымасьць блякаваньня паставак праз свае сеткі, калі ня будзе адпаведнай дамовы. Потым «Интер РАО ЕЭС» заявіла пра тэндэнцыю да збліжэньня пазыцыяў.

Паводле расейскага боку, «Интер РАО ЕЭС» гарантавана пастаўляе ў Беларусь 3 мільярды кіляват-гадзін электраэнэргіі адпаведна з балянсам «саюзнай дзяржавы». А таксама да 2,5 мільярда кіляват-гадзін на аснове камэрцыйнай мэтазгоднасьці. Мяркуецца ажыцьцяўляць транзыт празь беларускія сеткі ў Калінінградзкую вобласьць і ў краіны Балтыі. Тарыф на транзыт мяняецца прапарцыйна цане электраэнэргіі, якая пастаўляецца ў Беларусь.

Камэнтуючы гэтыя дамоўленасьці, кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук адзначыў:

Яраслаў Раманчук
«Беларускі бок выпусьціў усю пару і не зьбіраецца канфліктаваць з Расеяй. Я думаю, што расейскі бок прапанаваў беларускаму боку спосаб, каб падзяліць разам прыбытак ад транзыту, а потым ад продажу ў краіны Балтыі, бо Балтыя — вельмі добры пакупнік электраэнэргіі пасьля закрыцьця атамнай электрастанцыі. У Лукашэнкі ў энэргетычнай сфэры не застаецца аргумэнтаў, бо Расея, безумоўна, перагуляла яго тактычна і стратэгічна. Тактычна ў тым, што Беларусь ня можа павысіць тарыфы ў разы, бо гэта будзе выглядаць як спроба сарваць камэрцыйныя пастаўкі электраэнэргіі ў Калінінградзкую вобласьць. А стратэгічна — што так ці інакш Расея настойвае на камэрцыяналізацыі стасункаў зь Беларусьсю альбо на куплі актываў энэргасыстэмы ў Беларусі».

На наступным тыдні віцэ-прэм’ер Ігар Сечын зьбіраецца зь візытам у Менск. Паводле першага віцэ-прэм’ера Беларусі Ўладзімера Сямашкі, бакам яшчэ трэба падпісаць пагадненьні аб доўгатэрміновым супрацоўніцтве ў газавай сфэры, электраэнэргетыцы, аб будаўніцтве беларускай атамнай электрастанцыі.

Леанід Заіка
Паводле кіраўніка аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леаніда Заікі, Уладзімер Пуцін паставіў Сечына назіраць за «самымі даляравымі» энэргапраектамі:

«Сюды ён прыедзе, бо ёсьць што паглядзець, ёсьць што купіць. Ня толькі нафтаперапрацоўчыя заводы, але і трубы. Беларусь скараціла ў мінулым годзе спажываньне газу на 25%, і калі б Сечын быў не генэралам КДБ, а прафэсарам, ён сказаў бы беларусам, навошта ім атамныя станцыі. Рашэньне аб будаўніцтве АЭС было прынятае сутаргава ў 2007 годзе, калі расейцы абрэзалі пастаўку нафты. Сутаргі скончыліся, а АЭС зьбіраюцца будаваць. Канечне, ён прыедзе грошы зарабляць, а ў Беларусі чыноўнікі з круглымі вачыма і перапужаныя палітыкі. Будзе даволі дзіўная сытуацыя. А ён скупляе, аглядае. Падпарадкоўваецца Пуціну, выконвае яго распараджэньні».

Алесь Дашчынскі

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG