Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Тацяна Міхайлава: Мой сын — не злачынца


Іван Міхайлаў

Іван Міхайлаў

У крымінальнай справе Івана Міхайлава адбылося першае паседжаньне. Хлопца абвінавачваюць ва ўхіленьні ад вайсковай службы. Іван заяўляе, што ён вернік і ня хоча парушаць запавет «Не забі». Яму адмовілі ў магчымасьці служыць у рэзэрве і 20 сьнежня ўзялі пад варту.

У суд Менскага раёну Менску прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек, сярод якіх былі сябры Івана Міхайлава, сваякі і прадстаўнікі кампаніі «За альтэрнатыўную службу».

Некалькі ахоўнікаў на вачах бацькоў і сясьцёр Івана правялі яго калідорам у клетку, якая была ў судовай залі. Сястра Івана Юлія была вельмі ўражаная:

«Мне неяк нязвыкла бачыць свайго брата за кратамі. Яго трымаюць як злачынцу… Не даюць да яго наблізіцца, хаця ён нічога такога злоснага не зрабіў. Яго абвінавачваюць зусім несправядліва».

У судзе прадстаўнік пракуратуры паведаміў, што абвінавачаньне грунтуецца на паказаньнях сьведак і на тым, што Іван не зьявіўся ў ваенкамат згодна з позвай.

Іван Міхайлаў патлумачыў у судзе, што наведвае габрэйска-мэсіянскую суполку і там няма забаронаў на службу ў войску. Але сам для сябе ён вырашыў ніколі не парушаць біблейскія запаветы, у тым ліку «Не забі».

Судзьдзя запытаў хлопца, хто ж будзе бараніць ягоную сям’ю, калі пачнецца вайна. Іван адказаў, што грамадзянскае насельніцтва павінна бараніць прафэсійнае войска.

Судзьдзя запытаў хлопца, хто ж будзе бараніць ягоную сям’ю, калі пачнецца вайна. Іван адказаў, што грамадзянскае насельніцтва павінна бараніць прафэсійнае войска.
Усе сьведкі з боку абвінавачаньня казалі пра Івана толькі добрыя словы, адзначалі, што ён працавіты і ветлівы. Спачатку Іван паступіў вучыцца ў энэргетычны каледж і меў тады адтэрміноўку ад службы ў часе сэсіі. Паколькі цяпер Іван вучыцца ў інстытуце правазнаўства платна, то адтэрміноўку яму даць ня могуць.

1 мільён 800 тысяч рублёў хлопец плаціць за навучаньне з уласнага заробку. Усе астатнія грошы ён аддае ў сваю шматдзетную сям’ю.

Маці ў судзе распавяла, што Іван, калі яму быў толькі год, пачаў хадзіць з бацькамі ў царкву. Ён заўсёды ім дапамагаў. Акрамя Івана, у сям’і яшчэ трое школьнікаў і двое студэнтаў, а старэйшая дачка, Іванава сястра, выйшла замуж і ўжо нарадзіла дзіця.

Актывіст кампаніі «За альтэрнатыўную службу» Міхаіл Пашкевіч сачыў за судовым працэсам.

Міхаіл Пашкевіч
«Іван — гэта чалавек, які фактычна падтрымлівае сваю сям’ю матэрыяльна, дапамагае фінансамі. Ён дапамагае маці і бацьку карміць пяцёх сваіх братоў і сясьцёр. І гэты чалавек сядзіць ужо месяц за кратамі!

Насамрэч, дзяржава больш губляе. Больш за тое, цікавая акалічнасьць высьветлілася — некаторыя службоўцы забываюцца пра свае абавязкі і не дапамагаюць сям’і.

Мала таго, што шматдзетным сем’ям не дапамагаюць матэрыяльна, яны яшчэ больш заганяюць гэтую сям’ю ў галечу, накіроўваючы чалавека ў войска, хаця ён можа аддаць гэты абавязак дзяржаве альтэрнатыўна, зарабляючы грошы і падтрымліваючы сям’ю».

У розных рэгіёнах краіны дзясяткі чалавек з ініцыятывы ваенкаматаў прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці за ўхіленьне ад службы. Навучэнцаў, як гэта нядаўна адбылося ў Пінску, прымушаюць прысутнічаць на паказальных судовых працэсах. Але, на думку праваабаронцы, пасьля прыняцьця закону аб альтэрнатыўнай службе маладыя людзі, якія не жадаюць трымаць у руках зброю з рэлігійных матываў, змогуць прынесьці значна больш карысьці краіне, працуючы, а не знаходзячыся за кратамі.

Працяг судовага паседжаньня прызначаны на 1 лютага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG