Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рок-канцэрты, MP3-плэеры, рэактыўныя рухавікі, матацыклы, інфэкцыі і траўмы – нашыя вушы ў аблозе. Каб уратаваць слых, трэба клапаціцца пра вушы зь першых дзён жыцьця, нагадвае ў спэцыяльнай публікацыі газэта “The New York Times”.


Тысячы дзяцей нараджаюцца штогод з аслабленым слыхам. Гэтая праблема можа заставацца незаўважанай на працягу гадоў, адкладаючы доктарскае ўмяшаньне, здольнае паправіць слых. Згодна з рэкамэндацыямі амэрыканскіх цэнтраў кантролю і прадухіленьня хваробаў, слых мае быць правераны ў дзіцяці да дасягненьня ім гадавога ўзросту.

Пры гэтым дактары падкрэсьліваюць: пра захаваньне добрага слыху трэба дбаць на працягу ўсяго жыцьця.

Вушная серка – ахоўнае рэчыва, што зьмяшчае антыбактэрыяльныя элемэнты. Назьбіраўшыся ў вуху, яна, аднак, як вядома, можа пагоршыць слых або выклікаць боль. Нагадваючы пра неабходнасьць пэрыядычна чысьціць вушы ад серкі, бальшыня дактароў ня раіць выкарыстоўваць для гэтага ватныя палачкі, бо імі можна пашкодзіць вушны канал або барабанную балонку. Як правіла, дактары рэкамэндуюць прадаваныя без рэцэптаў прэпараты, якія дапамагаюць разьмякчыць серку ў вуху, каб пасьля лёгка вымыць яе вадою. Пры гэтым спэцыялісты падкрэсьліваюць значэньне вушной серкі. “Чалавек бязь серкі – у значна горшай сытуацыі, чым чалавек зь яе лішкам”, – гаворыць Дэніс Мэсэры, оталярынголяг з мэдычнага факультэту ўнівэрсытэту Паўднёвай Каліфорніі.

Нутраное вуха зьмяшчае валасковыя сэнсарныя клеткі, якія ператвараюць мэханічную энэргію гуку ў электрычную энэргію, што перадаецца па нэрвах у мозг. Вельмі моцны шум ля вуха можа пашкодзіць гэтыя клеткі, выклікаючы імгненнае пагаршэньне слыху. Шматразовае або працяглае ўзьдзеяньне на вушы моцнага шуму можа прычыніцца да паступовай страты слыху. Чым гучнейшы шум, тым хутчэй ён можа нанесьці нашаму слыху пашкоджаньне.

Але што значыць вельмі гучны шум? “Калі вы выкарыстоўваеце сыгнал у навушніках, каб заглушыць навакольныя гукі, гэта, хутчэй за ўсё, завельмі гучна”, – гаворыць Стывэн Раўч, прафэсар оталярынгалёгіі ў Гарвардзкім унівэрсытэце. Ён дадае: калі вы чуеце музыку, якую нехта слухае сабе ў навушніках, гэта азначае, што той нехта наносіць шкоду сваім вушам. “Усе рокеры 1960-70-х глухія”, – заўважае доктар Раўч.

Каля траціны людзей ў свае 65 і палова ў 75 – кандыдаты на карыстаньне слыхавымі апаратамі. “Калі ў вас ёсьць адчуваньне, што кожны, з кім вы гаворыце, ледзьве мармыча, вам трэба прайсьці абсьледаваньне”, – раіць Стывэн Раўч.

Некаторых, вядома, непакоіць касмэтычны эфэкт ад нашэньня слыхавых апаратаў, але такім людзям варта падумаць аб сацыяльным эфэкце з таго, што яны абыходзяцца без апаратаў, хоць маюць у іх патрэбу.

На сёньняшні дзень для людзей, якія б хацелі схаваць ад іншых свае слыхавыя апараты, ёсьць некалькі варыянтаў, але ўсе яны дарагія. “The New York Times” піша пра выраблянае ў ЗША здымнае прыстасаваньне “Lyric” – за год выкарыстаньня гэтых аднаразовых прыстасаваньняў, якія ўводзяцца ў вуха, трэба заплаціць 3600 даляраў. Імплянты ў сярэдняе вуха – другі варыянт, але ён вымагае апэрацыі, цана якой у ЗША каля 20 тысяч даляраў.

Яшчэ адно прыстасаваньне – кахлеарны (сьлімаковы) імплянт – уводзіцца глыбока ў нутраное вуха і, як правіла, выкарыстоўваецца толькі ў выпадку людзей, што нарадзіліся глухія або маюць мінімальны слых. Праўда, цяпер дактары ўсё часьцей рэкамэндуюць кахлеарныя імплянты й тым старэйшага веку пацыентам, якім слыхавыя апараты ўжо не дапамагаюць. Паводле Сузан Вальтцман, кіраўніцы Цэнтру кахлеарных імплянтаў Нью-ёрскага ўнівэрсытэту, 99 працэнтаў выпадкаў страты слыху – гэта вынік пашкоджаньня валасковых сэнсорных клетак у нутраным вуху. Імплянты бяруць на сябе функцыю гэтых клетак, вяртаючы чалавеку слых.


XS
SM
MD
LG