Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэлінджэр: ад “папсовасьці” да элітарнасьці


Ігар Бабкоў

Ігар Бабкоў

У сваім доме ў штаце Нью-Гэмпшыр на 91-м годзе памёр усясьветна вядомы амэрыканскі пісьменьнік Джэром Дэйвід Сэлінджэр. Ягоны культавы твор — «Лавец у жыце» (The Catcher in the Rye) стаў пажыцьцёвай візытоўкай аўтара. Апошнія дзесяцігодзьдзі клясык пражыў у фактычнай самаізаляцыі, адмаўляючыся ад любых кантактаў з журналістамі. А 45 гадоў таму, у сярэдзіне 1960-х, таксама адмовіўся публікаваць свае новыя творы, не перастаўшы пры гэтым пісаць. Ці не адзіны ў Беларусі чалавек, які перакладаў на беларускую мову Сэлінджэра, — філёзаф, пісьменьнік і перакладчык Ігар Бабкоў. Зь ім пагутарыў Ігар Карней.

Бабкоў: «Так, у першым выпуску „Нашай нівы“, яшчэ віленскага пэрыяду, было надрукаванае апавяданьне ў маім перакладзе „Цудоўны дзень для бананавай рыбкі“ (A Perfect Day for Banana-Fish). І гэта была ў нейкім сэнсе дзіўная сытуацыя, бо адраджэньне дубаўцоўскай „Нашай нівы“, у тым ліку, пачалося і з Сэлінджэра».

Карней: «То бок лішне нават запытваць, ці ёсьць для вас Сэлінджэр знакавай постацьцю?»

Бабкоў: «Для мяне гэта вельмі важны аўтар. Можна нават сказаць, што адзін з самых важных празаікаў ХХ стагодзьдзя».

Карней: «Увогуле толькі адна спроба была перакладу на беларускую мову?»

Бабкоў: «Я ведаю, што потым яшчэ выходзіла „Крыніца“, прысьвечаная постаці Сэлінджэра. І, здаецца, там быў нават перакладзены „Хэпворт“ (Hapworth 16, 1924), ягоны самы позьні твор з тых, што быў дазволены да друку. Дакладней, у свой час яго надрукавалі, а потым ён ужо не дазваляў перадрукоўваць, і аповесьць нават не выходзіла асобнай кнігай. Але тады „Крыніца“ праігнаравала забарону самога Сэлінджэра і дала ў перакладзе на беларускую мову. Але больш, здаецца, ніхто так да яго і не зьвяртаўся».

Карней: «Тут перадусім тэхнічная праблема ў захаваньні аўтарскіх правоў ці ўсё ж гэта досыць складаны аўтар для перакладу?»

Бабкоў: «Рэч у тым, што ёсьць Сэлінджэр агульнавядомы, так бы мовіць, папсовы — скажам, гэта ягоны ўсясьветны бэстсэлер „Лавец у жыце“, раньняя першая аповесьць. І ёсьць Сэлінджэр позьні, Сэлінджэр „Дзевяці апавяданьняў“, цыкл пра сям’ю Гласаў. Прыкладам, мне ня вельмі цікава было б перакладаць вось гэтага „Лаўца ў жыце“. А што да позьняга Сэлінджэра, то неяк папросту ня склалася. Тут, сапраўды, трэба было разьбірацца і з аўтарскімі правамі, але патрэбная была і пэўная ініцыятыва выдаўца. Бо гэта сур’ёзная праца».

Карней: «У сувязі з гэтай сумнай падзеяй, магчыма, праца якраз і актывізуецца?»

Бабкоў: «Цалкам можа быць. Я вось доўгі час зьбіраў уласна ангельскія кнігі.
Перакладаць дзеля таго, каб было па-беларуску, — недастаткова.
У прынцыпе, увесь позьні Сэлінджэр у мяне быў па-ангельску. Але якраз два гады таму, пры пераезьдзе, торба з самымі каштоўнымі кніжкамі страцілася. Гэта, канечне, не праблема, але, зноў жа, для позьняга Сэлінджэра патрэбныя чытачы. А я ня ўпэўнены, што ў беларускім кантэксьце знойдзецца больш за 15-20 чалавек, для якіх гэтыя тэксты сапраўды будуць важныя. Папросту перакладаць дзеля таго, каб было па-беларуску, — недастаткова. Ужо ня той час і ня тая эпоха, бо можна пачытаць па-ангельску, па-расейску ці па-польску. Вось вы што-небудзь чыталі з Сэлінджэра?»

Карней: «На жаль, толькі тое, што вы згадвалі з шэрагу «папсовага» — «Лаўца»...

Бабкоў: «Ну, ня тое што папсовае, але менавіта тая аповесьць, якая вывела яго ў вядомыя пісьменьнікі. Таму што калі прыгадваюць Сэлінджэра, то перадусім, натуральна, за «Лаўца ў жыце». Але да сур’ёзнага, позьняга Сэлінджэра, канечне, трэба ісьці. Для тых, хто любіць яго і ведае, то Сэлінджэр — гэта, канечне, «Фрэньні» (Franny, 1955), «Зуі» (Zooey, 1957), «Сэймур: уводзіны» (Seymour: An Introduction, 1959), «Вышэй кроквы, цесьляры» (Raise High the Roof Beam, Carpenters, 1955). То бок — «Дзевяць апавяданьняў», менавіта гэты корпус ягоных тэкстаў. Але ў гэтым разрэзе ён мала вядомы, і я ўпэўнены, што 90% людзей, якія цяпер шкадуюць пра яго сьмерць, зьвяртаюць увагу на гэтую сумную падзею, усё ж памятаюць яго за першую аповесьць".
XS
SM
MD
LG