Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Братоў Сурганаў у Віцебску будуць судзіць у першыя дні лютага


Тарас Сурган

Тарас Сурган

Тарас і Алег Сурганы — сябры віцебскага актывіста Сяргея Каваленкі, супраць якога распачата крымінальная справа за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга. Братоў таксама неаднаразова затрымлівалі за акцыі са сьцягамі.

Тарас Сурган паведаміў, што 2 лютага яго выклікаюць у віцебскі суд Чыгуначнага раёну. Ня выключана, што яго прызнаюць «небясьпечным для грамадзтва» і прысудзяць так званы «нагляд» — вызначаць час, калі яму можна пакідаць кватэру і забароняць зьяўляцца ў пэўнай катэгорыі грамадзкіх месцаў.

На думку Тараса Сургана, фармальнай падставы для абмежаваньне волі могуць быць наступныя: яго затрымлівалі за акцыі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, калі яшчэ не была «пагашана» крымінальная судзімасьць. Актывіст не хавае таго, што меў крымінальнае мінулае, і яго некалькі разоў судзілі за кішэнныя крадзяжы. І кажа, што цяпер гэта не паўторыцца — ён абраў у жыцьці іншы шлях.

Алег Сурган
Алег Сурган, старэйшы брат Тараса, таксама ў мінулым меў судзімасьці. Але цяпер яго зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар за іншае правапарушэньне. 3 верасьня Алега Сургана і яго малодшага брата Тараса міліцыянты затрымалі на прыпынку грамадзкага транспарту каля мэдычнага ўнівэрсытэту, дзе быў вывешаны бел-чырвона-белы сьцяг.

Па словах Алега Сургана, першапачаткова быў складзены пратакол аб вывешваньні бел-чырвона-белага сьцяга, але потым ён некуды зьнік. У другім пратаколе было запісана, што ён знаходзіўся ў грамадзкім месцы ў нецьвярозым стане і нецэнзурна лаяўся, а таксама абражаў супрацоўнікаў міліцыі. Пазьней адзін зь іх заявіў, што падчас затрыманьня Алег Сурган укусіў яго за палец. За ўсё гэта яго і будуць судзіць 1 лютага ў Кастрычніцкім раённым судзе.

Сяргей Каваленка, які зьдзейсьніў ці ня самы дзёрзкі ўчынак — вывесіў 7 студзеня бел-чырвона-белы сьцяг на галоўнай гарадзкой ёлцы, упэўнены, што яго і ягоных сяброў перасьледуюць адмыслова. Ён кажа: «Мы робім добрую справу — вывешваем нацыянальныя сьцягі, каб людзі нарэшце ўзьнялі галовы і ўведалі, што гэтыя зямля і нябёсы — нашы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG