Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напрыканцы 80-х мне пашчасьціла ўдзельнічаць у міжнароднай летняй школе настаўнікаў мастацтва з прыбалтыйскіх краінаў СССР. Беларусь, па-літоўску Baltarusija, па-латыску Baltkrievija, па-эстонску Valgevene, добра клалася ў канцэпцыю курсу. Кіраваў ім Тоомас Лэппіксаар — заслужаны мастак, загадчык кабінэту мастацтва ў Інстытуце ўдасканальваньня настаўнікаў Эстоніі... Сярод сучасных мэтадаў, зь якімі шчодра знаёмілі нас суседзі, быў таксама курс “Відэа- і фотаапаратура ў выхаваўчым працэсе”. Уся сутнасьць мэтаду акцэнтавалася на тым, што падлеткам давалі ў рукі камэру і адпраўлялі глядзець на ўласны сьвет скрозь відашукальнік...

Як заслужаная пэнсіянэрка ды “вэтэран працы”, пасьля нядзельных адведзін, сустрэчаў і суцэльнага сямейнага ляноцтва, спрабуючы ў панядзелак засяродзіцца на працы, я застаюся дома! У доме — які “мая крэпасьць”.

Першае, што раблю, — спраўджваю: хто звонку “наступае”? Ці няма аблогі, ці бяжыць вуліца старым шляхам? Ці на месцы сатэлітарная антэна, а новабудоўля ня вырасла вышэй за вугал нахілу спадарожніка, які прамянюе на яе і дазваляе мне глядзець перадачы ТВ-студый цэлага сьвету, ці ня вырвалі з карэньнем апошнія дрэўцы пад вокнамі...

Вы думаеце, я жартую, або ў мяне параноя? Аніколі... Папросту ад нядаўняга часу чыноўнікі берасьцейскія (можа, ня толькі) зразумелі, што зямля мае кошт, і на тым зарабляюць, хто як можа. Гарадзкая зямля, гарадзкая і прыватызаваная нерухомасьць ідзе з малатка як гарачыя піражкі...

Мой дом стаіць пасярэдзіне спакусьлівага цэнтру Берасьця. Блізка ад яго — школа, шматпакутная абласная бібліятэка, якая дасёлета носіць імя “гордого Буревестника” — Максіма Пешкава-Горкага, пад маёй “крэпасьцю” — крама з расейскімі харчамі — “Купеческая”, што нават ноччу не дае адпачыць ад шуму і тлуму. Насупраць майго акенца — крама рытуальных паслуг, якая ўвесь час сумленна да мяне прамаўляе: “Memento mori” — “памятай аб сьмерці”. Я памятаю і кожны дзень правяраю, ці не забілі чыноўнікі сымпатычны стары дом, да якога крама прылеплена....

Назіраючы за жыцьцём праз акенца, я неяк прыгадала трапныя парады выкладчыкаў з Эстоніі: “...Каб найлепей зразумець сабе, сваё жыцьцё, варта на яго паглядзець скрозь відашукальнік фотакамэры”. Я пачала здымаць тое, што выпадкова ўбачыла праз Адно Вакно абложанай з усіх бакоў маёй “крэпасьці”... а ў вялікія сьвяты з адчаем крычу: “Жыве Беларусь!”

Небясьпечную для маёй свабоды новабудоўлю — жылы дом з “элітнымі кватэрамі” ды падземным гаражом — насуперак пратэстам і здароваму сэнсу, фірма “Облик” будуе на тэрыторыі абласной бібліятэкі. Будучым навасёлам — не зайздрошчу: горшага скрыжаваньня для жыцьця знайсьці ў горадзе цяжка, а чытачы прадзіраюцца да бібліятэкі скрозь паласу перашкодаў...


“Облику” не хапае энэргіі для новага будаўніцтва. Цягнуць новую лінію. Без здарэньняў не абышлося: пракапаўшы траншэю, рабочыя прысыпалі яе пяском, які ноччу размыў звычайны восеньскі дождж... Шмат бампэраў было пабіта за ноч. Раніцою адбыўся кансыліюм, і частку траншэі заасфальтавалі...


На месцы кволых дрэўцаў, што засланяюць дом ад вулічнага смуроду, мелася паўстаць паркоўка, але атаку захопнікаў годна адбілі жыхары нашага дома. Пад маім акенцам пасяліліся птахі, упершыню за 50 гадоў ад пабудовы дома.










Крама “Купеческая” збудавала пад самымі мурамі “маёй крэпасьці” магутны дэбаркадэр... Зараз разважаю, як густоўна загаспадарыць неспадзяваны набытак ды асьвяжыць паветра.































Перадсьвяточныя клопаты ў кожнага свае... “Беспрацоўныя, “до роботы”!”“Mеmento mori” і... дзякуй кожнаму дню!


Час, калі ў стасунках наступае сьвяты супакой. Раство звонку і ўнутры крэпасьціУзьнёслая мэлянхолія каляднай раніцы — прыгажосьць і надзея: будзе добра!


Абложаная з усіх бакоў “крэпасьць”, або: “Жыве Беларусь!”




Ірына Лаўроўская —паходзіць зь Берасьця. Скончыла архітэктурны факультэт Брэсцкага інжынэрна-будаўнічага інстытуту, мае навуковую ступень доктара мастацтвазнаўства ў галіне ўрбаністыкі і архітэктуры і кваліфікацыйны сэртыфікат галоўнага архітэктара праектаў. Стажыравалася ў АН Беларусі, Польскай АН, навучалася ў Таліне, Рызе, Вільні, Варшаве, Боне, Каліфарнійскім унівэрсытэце. Працуе ў прыватнай фірме. Экс-прэзыдэнт грамадзкага аб’яднаньня “Стары горад” (1992—2007), аўтар шматлікіх навуковых і папулярных публікацый. Кансультуе архітэктараў, мастакоў і творцаў па пытаньнях старадаўняй архітэктуры, гісторыі ўрбаністыкі і мастацтва. Сябра грамадзкай назіральнай камісіі пры Міністэрстве культуры РБ па ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

Хобі — вандроўкі, шаржы.

1.Навошта я пішу блог
Дзялюся зь сябрамі набалелым і прыгожым.
2. Што я больш за ўсё люблю ў блогах
Спрабую захаваць імгненьні, уласныя пачуцьці, рэфлексіі ды падзяліцца адкрыцьцямі...
3. Што я больш за ўсё не люблю ў блогах
Позу. Паказушнасьць. Ананімнасьць.
4. Пяць блогаў, якія я раю наведаць

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG