Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каляндарны год налічвае 52 панядзелкі, на жыцьцё сярэднестатыстычнага беларуса прыпадае прыкладна 3900 панядзелкаў — з 27 375 дзён жыцьця. Я пражыла 1196 панядзелкаў.

Але якія яны — панядзелкі?

Калі я вучылася ў школе, я іх не любіла. Не любіць панядзелак я пачынала з раніцы нядзелі тады, калі рыхтавала хатняе заданьне. Памятаю, у восьмай клясе ў раскладзе на панядзелак была матэматыка, фізкультура, біялёгія, руская мова і гісторыя. Як па мне, дык — бяздарны расклад. З-за таго, што палова клясы прагульвала фізкультуру, цярпелі і іншыя прадметы.

Часта, калі нашая кляса была дзяжурнай па школе, я прасілася на дзяжурства ў сталоўку менавіта ў панядзелак, бо гэта працягвала выходныя яшчэ на дзень.

Ва ўнівэрсытэце з раскладамі заўжды было прасьцей. У Беларускім унівэрсытэце культуры не прынята ставіць па шэсьць параў на дзень. Звычайна ў нас было тры пары, часьцей — нават дзьве, астатні час адводзіўся на рэпэтыцыі і індывідуальныя заняткі. Панядзелак і аўторак былі днямі індывідуальных заняткаў па сцэнічнай мове. Я любіла панядзелкі, таму што любіла гэтыя заняткі. Яшчэ панядзелак быў выходным для ўсіх менскіх тэатраў, акрамя аднаго — Нацыянальнага драматычнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы. Таму гэты дзень быў радасны яшчэ і тым, што не даводзілася выбіраць, у які тэатар ісьці, быў толькі любімы Купалаўскі, гэта была традыцыя 

Зараз панядзелак напоўнены іншай традыцыяй. Калі ты сябра Партыі БНФ і калі ты зьяўляесься кіраўніком Культурніцкай камісіі, то тваім маральным і партыйным абавязкам зьяўляецца ўдзел у паседжаньні Ўправы Партыі БНФ. Калі Сойм Партыі БНФ ёсьць уладай заканадаўчай, то Ўправа ёсьць орган выканаўчай улады і каардынацыйны цэнтар Партыі, ён фармуецца з сакратароў Управы і прадстаўнікоў камісіяў. На гэтым паседжаньні абмяркоўваецца бягучая палітычная сытуацыя, раздаюцца даручэньні і спытваюць пра выкананьне папярэдніх.

Але, напэўна, паседжаньне Ўправы — гэта адзінае, чым панядзелак адрозьніваецца ад іншых маіх дзён.

Калі ты сканчваеш з школьна-ўнівэрсытэцкімі раскладамі, жыцьцё пачынае дзяліцца ня столькі на дні тыдня, колькі на будні і выходныя. А калі ў жыцьці ёсьць толькі тэрмін, да якога трэба зрабіць працу, ты сам вырашаеш, калі зрабіць сабе выходны.

А яшчэ я люблю панядзелкі за тое, што зь іх па традыцыі можна пачаць жыцьцё зь белага ліста. У посьпех гэтай справы я, праўда, ня веру, але гэта ідэальны сюжэт: пачаць з панядзелка новую гісторыю сябе. Калі б можна было абнуляць рахункі, то лепшага дня, чым панядзелак, наўрад ці знойдзеш.

Пра недарэк па жыцьці часта кажуць, што яны народжаныя ў панядзелак. Гэтае меркаваньне трансьлюецца і праз кінэматограф, і праз народныя забабоны. Па шчырасьці, я і сама ў гэта крыху верыла, ну, ведаеце, як у гараскопы: “А можа, і праўда”.

Але калі знайсьці каляндар за 1987 год, то можна зь лёгкасьцю вызначыць, што я нарадзілася ў панядзелак :))) Напэўна, тут можна было б панаракаць на лёс. Але я ня буду гэтага рабіць, таму што, паводле майго суб’ектыўнага меркаваньня, мне няма на што скардзіцца. Народжаныя ў панядзелак — шчасьлівыя людзі :) Мы тое, у што мы верым, таму верце ў лепшае!


Завуць мяне Саша Клімовіч, нарадзілася я 30 сакавіка 1987 году ў Менску, у 2009 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт культуры і мастацтваў па спэцыялізацыі “тэатральная рэжысура”, з 2006 году зьяўляюся сябрам Партыі БНФ. Зь лістапада 2009 году ўзначальваю культурніцкую камісію Партыі БНФ, намесьніца старшыні Моладзі БНФ. Акрамя біяграфічных дадзеных, маю шмат плянаў на жыцьцё, але лічу кепскай прыкметай раскрываць іх на публіку. Хочаш насьмяшыць Бога, раскажы пра свае пляны.

Вяду блог з 2007 году, раней мела нік ja000.

1.Навошта я пішу блог
Блог — гэта падман, з аднаго боку ты шчыры, зь іншага — ты шчыры напаказ. У блог можна выкідваць эмоцыі, якія табе ня будзе шкада згубіць. Самае таемнае ў блог не напішаш, зараз я гэта ведаю.

Аднойчы я сказала: мой ЖЖ — гэта адваротны бок мяне, але гэта я. У жыцьці не заўжды хапае часу і нагод, каб сказаць тое, аб чым я пішу ў блог, часта не знаходзяцца словы, каб перадаць адчуваньні сёньняшняга моманту. Блог — гэта мая індывідуальная рэакцыя на сьвет. Ёсьць шмат іншых спосабаў, каб гэтую рэакцыю выражаць, але я выбрала ЖЖ. У ЖЖ ёсьць сябры, але ўсё ж я перакананая, што ўсё мы адзіночкі, адзіночкі зь цягай да душэўнага эксгібіцыянізму.
2. Што я больш за ўсё люблю ў блогах
Магчымасьць думаць без цэнзуры.
3. Што я больш за ўсё не люблю ў блогах
Не люблю ў блогах небясьпечнасьць. Аднойчы мой ЖЖ быў узламаны, таму зараз я проста нічога не хаваю там. Лічу, што любыя замкі на допісах — гэта ілюзія таямніцы. У ЖЖ ёсьць толькі таямніцы, пра якія ўсе ведаюць. Калі ставіцца да блогаў ня дужа патрабавальна, то ў іх няма недахопаў.
4. Пяць блогаў, якія я раю наведаць

lionellia — не знаёмая зь ёй ужывую, але ЖЖ Тані — гэта заўжды цікавыя назіраньні, спэцыфічнае, але прыцягальнае пачуцьцё гумару.

kauboj — Юры Чавусаў, аналітык, палітоляг з тонкім пачуцьцём гумару. Сябра Сойму Партыі БНФ

kilgor_trautt. Для тых каму цікавы Свабодны тэатар.

lamma_mamma — заўжды прыгожыя малюнкі, жыцьцёвыя гісторыі, разважаньні і назіраньні ад Арыны Лісецкай.

insurhent — Павел Батуеў, сябра Сойму Партыі БНФ, чалавек з актыўнай грамадзкай пазыцыяй і цёплым стаўленьнем да дзяўчат.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG