Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З чаго пачынаецца працоўны тыдзень у рэдактара сайта лякальных навінаў? З таго ж, з чаго пачынаецца ў міністра ўнутраных спраў — у панядзелак раніцай мы чытаем крымінальныя зводкі. Наведаўшы сайт www.mvd.gov.by, можна знайсьці інфармацыю для артыкулаў пра тых, хто “порой чесно жить не хочет”, не натамляючы ногі — зводкі здарэньняў ад прэс-службаў МУС, УДАІ і Дэпартамэнту аховы.

Ясная справа, вы ўбачыце далёка ня тое, што зьяўляецца на стале ці маніторы міліцэйскага міністра. Усё, што псуе ўяўленьне пра Беларусь як квітнеючую і стабільна шчасьлівую краіну, у грамадзкі доступ не трапляе — навошта абывацелям ведаць пра сэрыйных гвалтаўнікоў ці высокіх чыноўнікаў, злоўленых за рулём п’янымі? Але і тое хлеб, бо, напрыклад, Міністэрства надзвычайных сытуацый у сваіх навінах на http://rescue01.gov.by/ паведамляе толькі пра ўдалыя выпадкі ратаваньня людзей на пажарах, а пра няўдалыя можна паспрабаваць скласьці ўяўленьне з сухіх лічбаў штодзённай статыстыкі.

На сайт Камітэту дзяржаўнай бясьпекі як на інфармацыйную крыніцу спадзявацца ня варта. Беларускія байцы нябачнага фронту і справу сваю робяць нябачна — бяз зводак і рапартаў у інтэрнэце. Адметна, што сайт беларускіх чэкістаў www.kgb.by — адзіны з усіх сайтаў дзяржаўных структур, які знаходзіцца за межамі афіцыйнага дамэна gov.by. Ці то па-за дзяржавай, ці то над ёй.

Прынятыя законы і пастановы публікуюцца на Нацыянальным прававым партале www.pravo.by. На жаль, сайт сканструяваны так, што знайсьці на ім нешта бяз пэўнага досьведу будзе цяжка. Што, у прынцыпе, адлюстроўвае стан усяго беларускага заканадаўства.

Сайт прэзыдэнта www.president.gov.by можа быць карысным, каб адсочваць зьмены ў чыноўніцкай вэртыкалі. Тут вы даведаецеся пра чарговыя ракіроўкі і новых фэрзёў значна раней, чым на рэсурсах абл- ці райвыканкаму. Бо можа быць так, што ў высокім крэсьле будзе сядзець адзін, а на сайце вісець фота другога, які таксама сядзіць, але ўжо ў значна менш зручным крэсьле, а то і на лаве…

Што ж, у пошуках інфармацыі для навін мы прайшліся грабянём па афіцыйных крыніцах. Але ёсьць яшчэ маса сайтаў, у першую чаргу блогаў і форумаў, дзе могуць зьявіцца карысныя для журналіста зьвесткі. Аднак ня ўсе ж іх праглядаць — на гэта ніколі ня хопіць часу. Тут на дапамогу прыйдзе пошукавая сыстэма Google: на www.google.com ёсьць магчымасьць падпісацца на паведамленьне пра вынікі пошуку па запытах, якія нас цікавяць. Гэтую падпіску можна на выбар або чытаць праз RSS, або атрымліваць на электронную паштовую скрыню. Як толькі зьявіцца нешта новае, напрыклад, пра “Віцебск”, Google адразу паведаміць.

Таксама няма ніякай патрэбы заходзіць на кожны сайт паасобку і разьбірацца ў яго часта не зусім прыязным інтэрфэйсе, каб знайсьці апошнія абнаўленьні. Усе згаданыя вышэй старонкі маюць экспарт навінаў у адмыслова для гэтага распрацаваны фармат RSS. Трэба толькі праграма, якая ўмее яго чытаць. Найбольш папулярны на дадзены момант онлайн-чытальнік Google Reader. На www.google.com/reader можна падпісацца на ўсе патрэбныя RSS-стужкі і чытаць іх у адным месцы ў храналягічным парадку. Таксама праграма дазволіць вам паведаміць пра цікавую навіну калегам, пазначыць яе адмысловым тэгам ці зрабіць зацемку.

Такім чынам, пачынайце дзень з кубачка кавы па-ўсходняму і Google Reader, і вашы валасы будуць шаўкавістыя ваш сайт будзе такі ж цікавы і наведвальны, як “Народныя навіны Віцебска”. Ня трэба толькі забываць, што ў рэдактара сайта навінаў, які працуе ў рэжыме 24/7, панядзелак пачынаецца ў суботу.


Нарадзіўся ў 1975 годзе ў вёсцы Баяры Чашніцкага раёну Віцебскай вобласьці ў сям’і вясковага настаўніка. Журналісцкую працу пачаў у 1995 г. у газэце “Выбар”, якую рэдагаваў вядомы віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда. З 1999 году — кіраўнік выдавецкіх праграмаў ГА “Цэнтар моладзевых ініцыятываў “Контур”, а ў 2001 годзе стаў галоўным рэдактарам заснаванай “Контурам” абласной газэты “Віцебская трыбуна”. На жаль, у 2004 годзе газэту пазбавілі ліцэнзіі. У якасьці фотажурналіста супрацоўнічаў з газэтай “Віцебскі кур’ер”. У 2006 годзе стварыў уласную інтэрнэт-газэту “Народныя навіны Віцебска”, якую на сёньняшні момант штодня наведваюць каля 1000 чалавек. Вядзе блог у Жывым Журнале.

1.Навошта я пішу блог
Перафразуючы героя Дзюма мушкетэра Партоса — пішу, таму што пішу. Блогі — як сэкс: калі не паспрабаваў, то не зразумееш, што гэта такое, а калі паспрабаваў — бяз гэтага цяжка абысьціся.
2. Што я больш за ўсё люблю ў блогах
Больш за ўсё люблю апэратыўнасьць. Часьцяком цікавая інфармацыя тут зьяўляецца раней за прафэсійныя СМІ.
3. Што я больш за ўсё не люблю ў блогах
Не люблю вольнае стаўленьне да аўтарскага права і праверкі інфармацыі на праўдзівасьць.
4. Пяць блогаў, якія я раю наведаць


Блогі цікавых фатографаў:



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG